Каб пазбегнуць “вогненнай” бяды…

Безопасность и здоровье Общество

На вуліцы ўжо даўно не месяц май, і вельмі хутка наступяць сапраўдныя маразы. Ва ўмовах горада за цяпло ў дамах адказвае сістэма цэнтральнага ацяплення, а вось прыватны сектар – тое месца, дзе пераважна камфортныя ўмовы стварае печка. Калі яшчэ да наступлення халоднага надвор’я вы не паклапаціліся аб тым, каб яна спраўна і, самае галоўнае, бяспечна працавала, надышоў час дзейнічаць ужо зараз.

Па статыстыцы большая частка пажараў у ацяпляльны перыяд адбываецца з-за няправільнай эксплуатацыі пячнога ацяплення. Каб пазбегнуць “вогненнай” бяды, нават калі на дварэ вельмі халоднае надвор’е, неабходна даваць печцы перадыхнуць. Паліць два-тры разы ў дзень, не больш за паўтары гадзіны, што дазволіць пазбегнуць перапалення.

Далей – печку неабходна рэгулярна абслугоўваць. Адна добрая парада – пабяліце яе вапнавым растворам. Гэта робіцца не толькі для прыгажосці і эстэтыкі. Дзякуючы такому метаду можна своечасова заўважыць шчыліны, якія з’яўляюцца з цягам часу. Дымаход неабходна прачышчаць ад сажы не менш за адзін раз у два месяцы.

Варта ведаць і пра два патрэбныя “аксесуары”. Прытопачны ліст дапаможа вуглям, якія выпадкова вываліліся з печкі, не падпаліць дом – такое металічнае прыстасаванне павінна быць памерамі не менш за 50х70 сантыметраў. Пры распальванні карыстайцеся толькі натуральнымі матэрыяламі: трэскамі, бяростай, апілкамі. Не забывайцеся і пра правільнае выкарыстанне засланкі, якая можа прывесці да атручвання чадным газам. Менавіта таму заканчвайце паліць печку не менш чым за дзве-тры гадзіны перад тым, як будзеце класціся спаць: пры гэтым абавязкова ўпэўніцеся, што вуглі цалкам прагарэлі.

“Сэрца дома” размяшчайце ўдалечыні ад іншых важных “органаў” домаўладання. Мэбля павінна знаходзіцца на адлегласці не менш за паўтара метра, як і гаручыя матэрыялы. Сушыць адзенне на моцна распаленай печцы – таксама дрэнны варыянт, бо яна з’яўляецца выдатнай распалкай для драўлянай падлогі. Печку, якая паліцца, лепш не пакідаць без нагляду. Памятайце, такое ж правіла адносіцца да абагравальнікаў і радыятараў. Сачыце за топачнымі дзверцамі, каб яны заўсёды былі зачыненыя.

Прявіце клопат да вашай печкі – і яна абавязкова падорыць дому цяпло, утульнасць і камфортны адпачынак.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях