Бабуліны шкарпэткі сагрэлі дзясяткі аднавяскоўцаў

Люди и судьбы

Амаль усё сваё жыццё Ванда Іосіфаўна Казак пражыла ў вёсцы Гардынава непадалёк Валожына. Нічым адметным жанчына не выдзялялася: выгадавала траіх дзяцей ды шчыра працавала з раніцы да цямна. Інакш у вёсцы нельга. У некалішнім калгасе “17 верасня” хадзіла і на палявыя работы, працавала і свінаркай, і ў кароўніку даглядала першацёлак.

Даўно гэта было. 5 лістапада, якраз у дзень выхаду нашай газеты, Ванда Іосіфаўна будзе адзначаць 90-гадовы юбілей. А вернасць раённай газеце старая жанчына захоўвае ўсе гады. Без яе навін не ўяўляе сваё жыццё. Асабліва радуецца, калі піша раёнка пра знаёмых ці родных. Вось і не так даўно менавіта з газеты даведалася, што старэйшага ўнука прызначылі дырэктарам ДРБУ № 167. Гэта, так бы мовіць, да слова. Бо матэрыял задумваўся зусім пра іншае.

Хацелася б сказаць, што на сваіх нагах сустракае юбілярка чарговы дзень нараджэння, але гэта не зусім так. Пяць гадоў таму, адсвяткаваўшы 85-годдзе, Ванда Іосіфаўна зламала шыйку бядра. І з таго моманту па хаце яна не ходзіць, а ездзіць на калясцы. Навучылася кіраваць ёй вельмі спрытна і наадрэз адмаўляецца пераязджаць хаця б на зіму да старэйшай дачкі ў Валожын. Дом у вёсцы вялікі, гарадскія выгоды зроблены. Печкі паліць не трэба, падведзены газ і вада. Праўда, праз дзень прыязджае дачка Яўгенія і прывозіць ежу, а ўжо разагрэць гатовыя стравы жанчына можа і сама.

Ванда Іосіфаўна не сядзіць без справы. Вось з чаго і пачалася наша размова з Жэняй пасля таго, як я ўбачыла ў “Аднакласніках” мноства навязаных рознакаляровых цёплых шкарпэтак. “Усё Гардынава ходзіць у шкарпэтках, звязаных маці”, – сказала яна мне. Гэта дастаўляе бабулі вялікую радасць – дарыць вязаныя рэчы. Грэюць шкарпэткі ў халады яшчэ і таму, што ў іх укладзена цяпло сэрца вязальшчыцы. Асеннія і зімовыя дні пралятаюць хутка, спачатку старая распускае старыя вязаныя рэчы, што прыносяць ёй людзі, а затым вяжа, можна сказаць, з закрытымі вачамі…

Ёсць яшчэ адзін любімы занятак у гэтай жанчыны: вокны дома выходзяць на дарогу, яна можа доўгі час назіраць за тым, што там адбываецца, хто праходзіць міма, хто праязджае. У цёплы час года знаёмыя спыняюцца, каб пагаварыць, падзяліцца з Вандай Іосіфаўнай навінамі. Яна шчыра любіць людзей і таму радуецца добрым навінам, засмучаецца дрэнным.

Так і праходзяць дні. Крыху засмучае тое, што не можа цяпер дабрацца ў касцёл, а раней без прычыны не прапускала службу па нядзелях. Але разнастаяць і ўпрыгожваюць дні прыезды родных, якія не забываюць свайго самага роднага чалавека. Галоўнае багацце гэтай жанчыны – тры унучкі і два унукі, а таксама шасцёра праўнукаў. Яна ганарыцца нашчадкамі, радуецца, што яны маюць тое, чаго не мела сама: магчымасць вучыцца, адпачываць, пабачыць свет.

Наталля ШТЭЙНЕР