Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

На мінулым тыдні новы, больш сучасны банкамат замяніў стары, устаноўлены на магазіне “Дабраном” па вуліцы Гагарына ў райцэнтры.

 ААТ “Белаграпрамбанк” цэнтралізавана закупіла партыю новых банкаматаў і ўстанаўлівае іх па ўсёй Беларусі. На наш раён выдаткаваны два. Неўзабаве аналагічны банкамат з’явіцца і на будынку Цэнтра банкаўскіх паслуг № 514 ААТ “Белаграпрамбанк” па вуліцы Савецкай у Валожыне.

4 лістапада работнікі РЦК і раённай бібліятэкі працавалі на добраўпарадкаванні могілак Ф. Рушчыца ў Багданаве.

Рэгулярна за месцам спачыну вядомага мастака і яго сваякоў даглядаюць работнікі багданаўскіх устаноў культуры. А гэта была планаваная восеньская ўборка: выграбалі лісце, абразалі кусты, убіралі смецце.

2 лістапада адбылася пазачарговая канферэнцыя Валожынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. На парадку дня былі выбары дэлегатаў на пазачарговую канферэнцыю абласной арганізацыі.

Канферэнцыі папярэднічалі некалькі арганізацыйных момантаў. Прайшло пасяджэнне праўлення, на якім абнавілі яго састаў і быў абраны новы кіраўнік Фонду міру. Ім стаў дырэктар ЦБП № 605 ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” у г. Валожыне Сяргей Паўлавіч Патапчук. Новы старшыня фонду, а таксама галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лідзія Цімафееўна Маляўкіна прадстаўлялі наш раён на абласной канферэнцыі, якая адбылася ў Мінску 5 лістапада.

Працягваюцца стасункі паміж унучкай нашага земляка, вядомага военачальніка Міхаіла Фаміча Букштыновіча і Валожынскім краязнаўчым музеем.

Не так даўно ў музей па электроннай пошце прыйшло чарговае пісьмо ад Наталлі Міхайлаўны і падборка з 8-і фатаграфій з сямейнага архіва, на якіх яе дзед у розныя гады жыцця. Музейныя работнікі разлічваюць, што некалі адбудзецца і рэальнае знаёмства з Н. М. Букштыновіч, бо да гэтага яна ніколі не была на радзіме знакамітага сваяка.

Раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа размеркавала 10 раней атрыманых сертыфікатаў (ваўчараў) на агульную суму 1350 рублёў.

Па некалькі штук атрымалі 4 мнагадзетныя сям’і, у якіх выхоўваюцца шасцёра, у дзвюх па чацвёра і трое дзяцей. Таксама ваўчар атрымаў адзінока пражываючы пенсіянер з вёскі Камень.

З 1 па 3 лістапада на базе Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства праходзіў навучальны трэнінг па спартыўным турызме.

Ад нашага раёна навучанне азам турызму прайшлі трое вучняў Ракаўскай сярэдняй школы. Разам з імі прысутнічалі на трэнінгу настаўнік фізкультуры гэтай школы Ірына Іванаўна Алейнік і малады спецыяліст, педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Ксенія Васільеўна Перапеча, якая вядзе аб’яднанне па інтарэсах турысцка-краязнаўчага профілю.

Закончыліся восеньскія канікулы. Кожны школьнік правёў іх па-рознаму. Нават не выязджаючы за межы роднага Валожына, было дастаткова месцаў, дзе можна з карысцю бавіць час і добра адпачыць. Працавалі басейн і кінатэатр, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, бібліятэкі, кафэ. Ды і надвор’е дарыла добры настрой.

У цэнтры творчасці кожны дзень ладзіліся самыя розныя мерапрыемствы, якія наведвалі вучні, што адпачывалі ў лагерах з дзённым знаходжаннем на базе СШ № 1 і СШ № 2 райцэнтра. За гэтыя дні хлопчыкі і дзяўчынкі асвоілі выраб цікавых падзелак на майстар-класах, якія праводзілі педагогі дадатковай адукацыі. Напрыклад, з паперы ў стылі арыгамі навучыліся вырабляць “Вясёлкавую змейку” пад кіраўніцтвам Ірыны Вацлаваўны Васільцовай; з каляровай паперы стваралі асенняе дрэва на майстар-класе “Восень у горадзе”, які давала Алена Іванаўна Собалева; цацку-мышку выраблялі з паперы і кардону пад кіраўніцтвам Святланы Вацлаваўны Кеўра. Ала Вячаславаўна Грынкевіч правяла гульню-віктарыну “Хто самы разумны”, Карына Казіміраўна Курушка – “Угадай мелодыю”, Вольга Уладзіміраўна Зянюк – тэатралізаваную гульню “Героі любімых казак”, Ірына Станіславаўна Ваньковіч – гульню-віктарыну “Сябруюць дзеці на планеце”. Не пуставала ў гэтыя дні і гульнявое кафэ ў самім цэнтры. А ў кінатэатры “Юнацтва” дэманстраваліся новыя мультыплікацыйныя стужкі “Сямейка Адамс. Апошні тур” і расійскі сямейны мульцік “Кашчэй. Пачатак”. Работнікі кінавідэапрадпрыемства выязджалі таксама ў лагеры, якія працавалі ў сельскіх школах.