10 лістапада – Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў

Закон и порядок

Барацьба са злом як лад жыцця

Гэтага мужчыну па знешнасці ніяк не аднясеш да пенсіянераў. Тым не менш, яго пенсіённаму пасведчанню амаль шэсць гадоў. Артур МАХМУДАЎ – ветэран Валожынскага райаддзела ўнутраных спраў. Пасля звальнення ў запас працягваў працаваць спецыялістам 1-й катэгорыі крымінальна-выканаўчай інспекцыі, затым узначальваў Маладзечанскую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету.

Пошук

Пра тое, што лёс яго будзе звязаны з выключна мужчынскай прафесіяй, юны Артур ведаў з маленства. Актыўна займаўся спортам, зачытваўся дэтэктывамі, не прапускаў ніводнага фільма пра вайну, армію, міліцыю. Асаблівыя ўражанні атрымаў ад стужак “Батальёны просяць агню”, “Афіцэры”, эпапеі “Вялікая Айчынная”. Калі ж дэманстравалі “Пятроўка, 38” і “Агарова, 6”, эмоцыі зашкальвалі. Вабілі юнака і марскія прасторы. Часта ў думках уяўляў сябе ў бушлаце і бесказырцы. А ў апошніх класах школы ён і яго бліжэйшыя сябры вырашылі стаць танкістамі. Абставіны склаліся такім чынам, што паступіў у Харкаўскае танкавае вучылішча толькі наш герой. Калі зразумеў, што агульныя планы давядзецца ўвасабляць аднаму, ідэя ўжо не здавалася прывабнай, таму накіраваўся ў Ліепая (Латвійская ССР). Там скончыў школу мараходнага саставу і атрымаў накіраванне ў Каспійскую флатылію. Служба на ваенных караблях магла б стаць яго лёсам, калі б не складаная палітычная сітуацыя ў краіне. Пачаўся развал Савецкага Саюза, людзі па магчымасці вярталіся ў родныя краі. Малады чалавек прыняў рашэнне ехаць дадому. Сябры, разам з якімі імкнуўся ў танкісты, за гэты час уладкаваліся ў РАУС. Іх служба ішла паспяхова, таму і яму раілі разгледзець падобны варыянт.

Вось жа яно, прызванне

Для чалавека з “марскімі” спецыяльнасцямі знайсці работу ў Валожыне было складана, таму прапанова зацікавіла. Пачынаў у матарызаваным узводзе патрульна-паставой службы. Міліцэйскія будні не напалохалі, наадварот, сфарміравалася мэта – стаць супрацоўнікам крымінальнага вышуку. Калі былы начальнік РАУС Валянцін Іванавіч Лапо даверыў пасаду малодшага оперупаўнаважанага, даў сабе зарок: зраблю ўсё, каб называцца сапраўдным прафесіяналам. Хутка атрымаў афіцэрскія пагоны і павышэнне. З гэтага моманту ён – оперупаўнаважаны. Пасля была Акадэмія МУС і амаль 20 гадоў адданай службы ў крымінальным вышуку. Займаў пасады начальніка службы, першага намесніка начальніка РАУС. Сказаць, што работа падабалася – не сказаць нічога. Яна стала для Артура Гургелоевіча і яго сям’і ладам жыцця.

Міліцэйскія будні

На просьбу ўспомніць цікавы выпадак з міліцэйскіх будняў, былы “опер” задумаўся. Зразумела, большасць з яго работы – складаная, часам жудасная інфармацыя, якая можа шакіраваць непадрыхтаванага чалавека. Не аднойчы даводзілася рызыкаваць жыццём. У 90-я гады не раз лавілі “на жыўца” бандытаў, што рабавалі машыны на шашы. Працавалі і разам з аператыўнікамі з іншых раёнаў. Аднойчы некалькі тыдняў правёў на Іўеўшчыне, прыкладаючы намаганні для раскрыцця цяжкага злачынства. Дзеля паспяховага завяршэння давераных спраў ніколі не шкадаваў сіл. Бывала і так, што шанцавала. Напрыклад, злачынцу, які краў аўдыяапаратуру з машын, “узялі” на дробязі – вынес с чужога падвала стары магнітафон. Пасля высветлілася, што на яго сумленні некалькі дзясяткаў крымінальных эпізодаў.

Жонка Вольга з сапраўднай жаночай мудрасцю ставілася да няпростых абавязкаў мужа і зусім не здзівілася, калі сын – Артур-малодшы заявіў аб жаданні прадоўжыць справу бацькі. Сёння Артур Артуравіч – участковы інспектар. Служыць малады чалавек не першы год, у планах – абавязковае паглыбленне ў прафесію.

Пашана за вернасць і доўг

Калі падпалкоўнік А. Г. Махмудаў звальняўся ў запас, сябры і сваякі падказвалі паспрабаваць сябе ў іншых іпастасях. Разумны, адукаваны чалавек магчыма мог бы заняцца выкладчыцкай дзейнасцю, дабіцца поспеху у бізнесе ці на вытворчасці, аднак ён застаўся верны свайму прызванню. Падчас працы ў крымінальным вышуку займаўся раскрыццём злачынстваў, а пасля ажыццяўляў нагляд за асобамі, што адбылі пакаранне.

Ён упэўнены: служба ў органах унутраных спраў навучыла яго ўменню цаніць жыццё, сям’ю, дружбу. Часта, калі збіраюцца з сябрамі – таксама ветэранамі РАУС, успамінаюць самае цікавае з тых часоў, калі кожны дзень без перабольшання быў прысвечаны барацьбе са злом. Праваахоўнік-ветэран мае мноства ўзнагарод, сярод якіх –  медаль “За бездакорную службу” 3-й ступені. А яшчэ ён – адзін з першых міліцыянераў краіны, які стаў лаўрэатам грамадскай узнагароды “Вернасць і доўг” у намінацыі “За бескампрамісную барацьбу са злачыннасцю” і атрымаў бронзавую статуэтку Архангела Міхаіла – апекуна праваахоўных органаў.

Паважаныя ветэраны органаў унутраных спраў Валожыншчыны!

Прыміце самыя шчырыя словы ўдзячнасці і глыбокага прызнання вам, людзям маральнай загартоўкі, за высакародную службу, вернасць прафесіі і грамадзянскаму абавязку, за дапамогу ў выхаванні маладога пакалення супрацоўнікаў і ўклад у захаванне міліцэйскіх традыцый.

Жадаем кожнаму ветэрану ўнутраных спраў моцнага здароўя, шчасця, сямейнага цяпла і ўтульнасці, нязгаснай энергіі і дабрабыту.

Раённая арганізацыя ветэранаў міліцыі

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара