Закон для ўсіх адзін

Закон и порядок

Такое жыццёвае крэда ветэрана праваахоўных органаў раёна, маёра міліцыі Ігара СУХАДОЛЬЦА.

Для старэйшага пакалення, ветэранаў міліцэйскай службы, 10 лістапада – знакавая дата, звязаная з днём нараджэння і станаўлення савецкай міліцыі. З 2007 года гэта свята перайменавана ў Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў, які сімвалізуе пераемнасць пакаленняў і вялікую павагу да лепшых міліцэйскіх традыцый.

Асаблівым з’яўляецца гэты дзень і для І. У. Сухадольца. Менавіта 10 лістапада 1987 года ён быў прызваны ў рады Узброеных Сіл СССР і для праходжання тэрміновай службы накіраваны ў Асобную мотастралковую дывізію асобага прызначэння ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў СССР імя Ф. Э. Дзяржынскага. А праз два гады таксама ж 10 лістапада звольніўся ў запас. І ўвесь свой далейшы працоўны шлях – 26 гадоў – аддаў службе ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, 20 з якіх – участковым інспектарам у дубінской зоне.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1999 годзе ўзнагароджаны медалём “За бездакорную службу” II ступені і памятным медалём “80 гадоў беларускай міліцыі”. Па выніках работы за 2011 год быў прызнаны лепшым супрацоўнікам РАУС і заахвочаны новым аўтамабілем.

Абавязак, гонар і справядлівасць для Ігара Уладзіміравіча сталі сэнсам жыцця. Хтосьці яго лічыў занадта строгім і рэзкім, але 18-гадовым, можна сказаць, яшчэ толькі новаспечаным салдатам, ён пабываў у самых гарачых кропках Савецкага Саюза. На пасадзе старшыны роты быў накіраваны ў Софрынскую аператыўную брыгаду асобага прызначэння ўнутраных войск МУС СССР, дзе прымаў удзел у баявых дзеяннях, накіраваных на падтрыманне грамадскага парадку ў Закаўказскіх рэспубліках у перыяд развалу СССР: на працягу месяца ў ліпені 1988 года – у Арменіі, са студзеня па люты і з ліпеня па лістапад 1989 года – у Азербайджане, з красавіка па ліпень 1989 года – у Грузіі, у ліпені 1989 года – ва Узбекістане (Ферганская даліна). Тады для нас, мірных жыхароў мірнай вялікай краіны, такія міжусобіцы паміж землякамі, суседзямі, сваякамі здаваліся незразумелымі і нават дзікімі. Ваявалі і пралівалі кроў за арыкі (ваду), зямлю, веру: людзей палілі ў агні, тапілі ў вадзе, выразалі сем’ямі. А ваеннаслужачыя павінны былі ахоўваць грамадскі парадак. Цярпела не толькі мясцовае насельніцтва – гінулі салдаты, афіцэры. З мясцовымі ўступаць у размовы строга забаранялася, таксама не дазвалялася прымаць ад іх ежу, бо былі выпадкі атручвання. Успамінаючы тыя далёкія гады, Ігар Уладзіміравіч цяжка ўздыхае, кажа, што, гледзячы на такія зверствы, маральна вытрымлівалі не ўсе – некаторыя пісалі рапарты і пераводзіліся ў іншыя часці, напрыклад, у Сібір, ахоўваць папраўчыя ўстановы. Таму служба ў арміі не проста загартавала – яна адклала свой адбітак і на характар, і на свядомасць, і на светапогляд. А таксама вызначыла будучы працоўны шлях.

Як гэта не дзіўна гучыць, але такія якасці, як строгасць, дысцыпліна, парадак, проста неабходныя былі ў паўсядзённай службе ў міліцыі – асабліва на пасадзе ўчастковага міліцыянера. На пытанне: “Бытуе меркаванне, што дубінцы таксама “ваяўнічы народ”, з асаблівым норавам” вартавы правапарадку з усмешкай адказаў: “Гэта не меркаванне, а праўда жыцця. Пры складанні адміністрацыйнага пратакола было такое, што і біцца спрабавалі, і пратаколы рвалі. З цягам часу ўсё стала на сваё месца: давялося праявіць характар, сілу волі і патлумачыць – закон для ўсіх адзін”.

За гады сярод дубінцоў ён стаў сваім: яго і баяліся, і паважалі адначасова. І зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, маёр Сухадолец з гонарам высока нясе званне ветэрана органаў унутраных спраў: нават тыя, хто адбыў пакаранне за злачынствы і вярнуўся на волю, ніколі не сказалі дрэннага слова ў яго адрас. Наадварот, часта даводзіцца чуць: “Пры Сухадольцу быў парадак!” А гэта, пагадзіцеся, сапраўднае прызнанне для вартавога правапарадку.

Алена ЗАЛЕСКАЯ