“Асенні марафон” працягваецца

Молодежный курьер Общество

Каманда Клуба вясёлых і знаходлівых пад назвай “Першацвет” існуе ў Валожынскім сельскагаспадарчым ліцэі шмат гадоў. Праз яе прайшло не адно пакаленне самых вясёлых, кемлівых і жартаўлівых навучэнцаў. Каманда выступала на самых розных конкурсах. Апошнія некалькі гадоў найвышэйшым дасягненнем былі другія месцы.

А вось сёлетняя восень стала для каманды шчаслівай. У канцы кастрычніка ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся завочны тур творчай акцыі КВЗ-2021 “Асенні марафон”. На гэты раз у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай ён праходзіў у дыстанцыйнай форме. У фінале прымалі ўдзел 7 каманд з устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Міншчыны. І каманда “Першацвет” нашага ліцэя стала пераможцай.

У яе саставе выступалі навучэнцы 1-3 курсаў. Кожны ўдзельнік прадэманстраваў сябе з самага лепшага боку. Творчыя здольнасці юнакі і дзяўчаты праявілі з моманту работы над сцэнарыем, дзе кожны стараўся ўнесці нешта сваё, арыгінальнае. Арганізацыя і правядзенне відэаздымкі праходзіла пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце М. М. Віршыч. Для падрыхтоўкі каманды была створана ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі майстры вытворчага навучання Вікторыя Пятрэнка, Лізавета Цімановіч, Юрый Пракопчык, інжынер-праграміст Павел Ляўковіч, педагог-арганізатар Вераніка Фясюн. У праграме былі наступныя заданні: “Візітная картка”, “Біятлон”, “Відэаконкурс”. Асабліва старанна працавалі ўсе над “Дамашнім заданнем”. І вынікам работы стала заслужанае першае месца.

Менавіта каманда “Першацвет” будзе прадстаўляць Мінскую вобласць на рэспубліканскай гульні ў Клубе вясёлых і знаходлівых. Пажадаем нашым землякам творчага запалу і новых перамог!

Наталля ШТЭЙНЕР