У чароўным свеце лялек

Культура Общество

У Валожынскім краязнаўчым музеі пачала працаваць займальная выстава лялек “У госці да казкі”. Доўжыцца яна будзе да 27 лістапада.

Аўтар экспазіцыі Святлана Кузьмічова нарадзілася ў вёсцы Палачаны суседняга Маладзечанскага раёна. Майстрыха знаходзіцца ў пастаянным пошуку і рэгулярна папаўняе сваю калекцыю новымі экспанатамі. Выстава падарожнічае па вялікіх і малых гарадах Беларусі, у іншых варыянтах прадстаўлялася і ў Валожыне.

На гэты раз наведвальнікі могуць убачыць 20 сцэнак з розных казак, героі якіх добра знаёмыя дзецям і дарослым! Тут размясціліся ўпадабаныя ўсімі персанажы з твораў Д. Маміна-Сібірака “Шэрая шыйка”, Я. Чарушына “Медзведзяняты”, Э. Гофмана “Шчаўкунчык”, А. Аліша “Нечкебіль”, Ш. Пяро “Папялушка” і “Чырвоная шапачка”, Дж. Радары “Чыпаліна”, К. Чукоўскага “Муха-Цакатуха”, Х. К. Андэрсана “Снежная каралева”, “Алавянны салдацік”, “Прынцэса на гарошыне” і “Дзюймовачка”, Л. Маршалека “Прыгоды Рэкса”, С. Маршака “Кошкін дом”, У. Гаршына “Жаба-падарожніца”, А. А. Мілна “Віні Пух і ўсе-ўсе-ўсе..”, А. Талстога “Залаты ключык”. Асабліва прыемна назіраць на выставе персанажаў апавядання беларускага аўтара З. Бядулі “Пяць лыжак заціркі”. Ёсць тут і героі асабістай казкі мастачкі пад назвай “Цудоўнае ператварэнне”.

Усе экспанаты выкананы ў тэхніцы паддашкавай, тэкстыльнай прымітыўнай лялькі. Дзякуючы любімым героям, наведвальнікі змогуць акунуцца ў чароўны свет казак. Для дзяцей выстава карысная і ў адукацыйным плане, таму што многія з прадстаўленых твораў уваходзяць у школьную праграму. А дарослым яна дапаможа на нейкі час вярнуцца ў дзяцінства.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара