Выязное пасяджэнне калегій Міністэрства лясной гаспадаркі і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь

Общество

Нядаўна ў раёне прайшло выязное пасяджэнне калегій Міністэрства лясной гаспадаркі і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, на якім аналізаваліся перспектывы развіцця экалагічнага і паляўнічага турызму ў рэгіёнах.

Наш раён выбраны не выпадкова. Як зазначыў намеснік старшыні аблвыканкама В. У. Шчэцька, у сферы экспарту турыстычных паслуг вобласць у рэспубліцы вырвалася ў лідары (толькі ў доларах атрымана 16 мільёнаў прыбытку), а Валожынскі раён у гэтым накірунку працуе найбольш паспяхова. Выдатных вынікаў удалося дасягнуць дзякуючы агульным намаганням супрацоўнікаў УП “Белдзяржпаляванне”, спецыялістаў аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, індывідуальных прадпрымальнікаў, эколагаў, работнікаў культурнай сферы, лясгаса.

Зараз можна гаварыць пра практычную выгаду мясцовых праектаў, пераймаць вопыт, планаваць больш аб’ёмны матэрыяльны прыбытак, пачатак жа заклалі ўлюбёныя ў сваю зямлю людзі з імкненнем паказаць усяму свету, наколькі цікавая і прыгожая наша Валожыншчына. Значны ўклад у справу папулярызацыі роднага краю ўнёс паляўніцтвазнавец Васіль Шакун, які ўмее гасцінна сустрэць прыезджых гасцей, цікава расказаць ім пра прыроднае дзіва – пушчу.

Любоў да бацькаўшчыны стала і крыніцай нестандартных ідэй. На думку міністра спорту і турызму А. Л. Качана, адна з самых яркіх – арганізацыя гонак на сабачых запрэжках. Рэдка якое забаўляльнае мерапрыемства можа пахваліцца такім шырокім рэзанансам! Дарэчы, на мерапрыемстве ў адрас аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама не раз гучалі станоўчыя характарыстыкі.

На пасяджэнні было шмат і практычных парад: звярнуць увагу на спадарожны гандаль вырабамі народных промыслаў, адкрыць на турыстычных аб’ектах пункты нацыянальнай кухні, арганізаваць пракат спартыўнага інвентару, а таксама паклапаціцца пра адпаведныя ўказальнікі, інфармацыйна-рэкламныя табло.

Матэрыяльнага эфекту ў развіцці экалагічна-турыстычнай дзейнасці дабіліся і работнікі лясной гаспадаркі раёна і УП “Белдзяржпаляванне”. Ды ім, як гаворыцца, і карты ў рукі. Сёння на Налібоччыне створаны ўмовы экалагічнага выхавання, працуюць рэзідэнцыі казачных герояў, арганізуюцца туры для аматараў палявання на казулю, аленя, дзіка. У Румскім лясніцтве створаны паляўнічы комплекс, дзе можна адпачыць, папарыцца ў рускай лазні, арандаваць маразільную камеру ёмістасцю 500 літраў для захавання трафеяў, атрымаць суправаджэнне і кансультацыю егера. Некаторыя навінкі прэзентаваліся падчас калегіі: выязны цір, стэнд па стральбе з лука і іншыя.

Міністр лясной гаспадаркі М. М. Амельяновіч зазначыў, што патэнцыял пушчы дазваляе павялічыць экспарт турыстычных паслуг у 3-4 разы. Трэба толькі больш увагі надаваць развіццю інфраструктуры: пабудаваць аўтакэмпінгі, палатачныя гарадкі, стаянкі для транспарту.

Удзельнікі калегіі акрамя “вытворчага практыкуму” атрымалі і шмат станоўчых эмоцый: пабачылі бабровыя хаткі, пахадзілі па насцілу з хваёвых шышак, падыхалі гаючым сасновым паветрам, палюбаваліся на конны рыцарскі турнір. Магчыма, пройдзе не так шмат часу, і тураператары, як альтэрнатыву замежным курортам, будуць прапаноўваць экалагічныя аб’екты Валожыншчыны.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий