Увесь сэнс у падрыхтоўцы арганізма да сустрэчы з вірусам

COVID-19 Мы говорим

Віктар Станіслававіч ГІДЛЕЎСКІ, намеснік начальніка цэха ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”:

 – Я, як і большасць жыхароў Валожыншчыны, паспеў блізка пазнаёміцца з замежным вірусам, які ўжо амаль два гады тэрарызуе ўвесь свет. Амаль год таму па чарзе з жонкай Людмілай перахварэлі. Вельмі баяліся. Абое маем па некалькі хранічных захворванняў, таму з трывогай сачылі за сваім станам, старанна выконвалі ўсе рэкамедацыі нашага доктара Ганны Уладзіславаўны Вількевіч. Тое, што менавіта яна, адказны і чуллівы спецыяліст, пастаянна была з намі на сувязі, супакойвала і падбадзёрвала. Мы і самі, як кажуць, не пасавалі – скрупулёзна выконвалі ўсе яе рэкамендацыі, асабліва звярталі ўвагу на піццявы рэжым. На шчасце, перахварэлі даволі лёгка, без пнеўманіі, высокай тэмпературы і невыноснай ломкі, пра якую расказвалі знаёмыя. Аднак у мяне “намалявалася” адно непрыемнае наступства. Я  амаль выздараўліваў, калі ўпершыню перажыў прыступ удушша, які напалохаў не на жарт. Вось усё было добра, а раптам пачаў задыхацца. Хуткая дапамога прымчала амаль імгненна, аднак да прыбыцця медыкаў мне стала лепш. Высветлілася: сатурацыя і іншыя паказчыкі – у норме. Затым падобныя прыступы паўтараліся яшчэ некалькі разоў. Нават зараз, калі ўжо працяглы час жыву без іх, баюся, каб зноў не адчуць недахоп паветра. Дарэчы, я заўсёды вытрымліваю належную дыстанцыю пры наведванні людных месцаў і абавязкова карыстаюся маскай.

Як толькі з’явілася вакцына, усе члены маёй сям’і ўхапіліся за магчымасць падстрахавацца. У мяне ж з гэтым узніклі складанасці. Ёсць дыягназ, улічваючы які, валожынскія ўрачы не змаглі ўзяць на сябе адказнасць і выдаць канчатковы вердыкт адносна таго, можна мне рабіць прышчэпку ці не. Давялося ехаць у абласную бальніцу. І вось нарэшце ад доктара-гематолага атрымаў дазвол на працэдуру. Не разумею тых, хто, не маючы ніякіх абмежаванняў, упарта супраціўляецца вакцынацыі. Большасць маіх знаёмых, калег і ўсе сваякі зрабілі прышчэпку. Ведаю, можна захварэць і з ёй, але ж значна лягчэй. Арганізм вакцынаваных аказваецца падрыхтаваным да сустрэчы з вірусам. У тым жа і сэнс! Як інакш чалавецтва можа перамагчы пандэмію? Толькі праз прышчэпкі. Тым больш, што гэты шлях даўно апраўдаў сябе. Напрыканцы парада: не чытайце вы, паважаныя валожынцы, інтэрнэтаўскія жахі  пра прышчэпкі. Побач жа рэальныя людзі, і ў іх усё добра!