Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

У пачатку лістапада ў вобласці прайшла дабрачынная акцыя “Прафсаюзы Міншчыны – медыкам з удзячнасцю”.

У нашым раёне пабываў старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Аляксандр Кузьмітовіч. Разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Веранікай Загорскай яны наведалі раённую бальніцу і выканалі пачэсную місію: перадалі прадуктовыя наборы для медработнікаў, якія працуюць у “чырвонай зоне”. У наборах былі сокі, чай, кофе, пячэнне і іншыя прысмакі на суму больш за 500 рублёў.

Другі этап школьных прадметных алімпіяд прайшоў падчас асенніх канікул, з 2 па 5 лістапада, на базе гімназіі № 1 г. Валожына і ДЮСШ Валожынскага раёна (фізкультура).

У алімпіядах прынялі ўдзел 161 вучань 8-11 класаў агульнаадукацыйных школ і 2 навучэнцы Валожынскага ліцэя. Былі вызначаны лепшыя па 14 прадметах: 16 школьнікаў адзначаны дыпломамі першай ступені, 26 – другой і 34 – трэцяй ступені. Лепшыя з лепшых прадставяць наш раён на абласным этапе прадметных алімпіяд, які адбудзецца ў першыя дні 2022 года.

У раёне пачаў працаваць дабрачынны праект “Дапаможам разам”, накіраваны на збор сродкаў для набыцця і ўстаноўкі пад’ёмніка ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Рэалізаваць яго мы зможам толькі агульнымі намаганнямі.

У гэты цэнтр кожны дзень на інвалідных калясках дастаўляюць дзяцей рознага ўзросту з псіхафізіялагічнымі асаблівасцямі. Адсутнасць спецыяльнага пандуса і пад’ёмніка ўскладняюць рабочы працэс і ствараюць дыскамфорт для дзяцей. Раённая арганізацыя таварыства інвалідаў (старшыня В. А. Субач) і дабрачынная арганізацыя “АDRA Беларусь” (А. В. Кацал) аб’ядналі намаганні ў пошуку грашовых сродкаў. А сабраць неабходна 8 тысяч 200 рублёў, каб ператварыць задуму ў рэальнасць. Цяпер усё залежыць ад кожнага з нас, жыхароў раёна. Нехта зможа ахвяраваць 5 рублёў, хтосьці значна большыя грошы, але менавіта з вашых сродкаў збярэцца неабходная сума на добрую справу. Рэквізіты для пералічэння сродкаў можна знайсці ў сацыяльных сетках. Усе пытанні можна задаваць непасрэдна В. Субачу па тэлефоне: 8-029 7667375.

У дзіцячым санаторыі “Налібоцкая пушча” са жніўня 2019 года асвоілі такую лячэбную працэдуру, як карбоксітэрапія, ці падскурныя ін’екцыі медыцынскага вуглякіслага газу. Новая паслуга набывае ўсё большую папулярнасць не толькі сярод адпачываючых у здраўніцы, але і сярод жыхароў раёна.

За бягучы год 47 чалавек зрабілі такую працэдуру, сярод іх 27 жыхароў Валожына і раёна. Толькі ў кастрычніку звярнуліся 6 патэнцыяльных пацыентаў. У першую чаргу карбоксітэрапія накіравана на лячэнне апорна-рухальнага апарату і нервовай сістэмы. Эфектыўнасць дасягаецца пасля 6-8 працэдур.

5 лістапада ў Чэрвені прайшоў адкрыты турнір па плаванні, у якім прынялі ўдзел юныя плыўцы з пяці гарадоў: Валожына, Барысава, Слуцка, Стоўбцаў і гаспадары спаборніцтваў.

Ад нашай ДЮСШ удзельнічалі 16 чалавек. Не забываем, што школьнікі зусім нядаўна пачалі асвойваць гэты від спорту, займаюцца плаваннем усяго трэці год. Тым больш радасныя і першыя перамогі. Арсеній Пачыкоўскі заняў першае месца сярод 23-х удзельнікаў на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем, а таксама паказаў другі вынік на дыстанцыі 100 метраў комплексным плаваннем (трэнер В. В. Ажарэльеў). Сотыя долі секунды аддзялілі Мацвея Сака і Варвару Грыбоўскую ад прызавога месца. На гэты раз яны паказалі чацвёрты вынік.

Стартаваў дабрачынны марафон “Твары дабро”, які штогод прымяркоўваецца да Міжнароднага дня інвалідаў.

За дапамогай у зборы сродкаў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва звяртаецца да працоўных калектываў і фізічных асоб. Рабіце дабро і яно абавязкова да вас вернецца. Вашы грошы дапамогуць самым розным людзям у складаных жыццёвых сітуацыях.

Падчас восеньскіх канікулаў праходзілі таварысцкія сустрэчы па міні-футболе сярод ігракоў 2013-2014 гадоў нараджэння і маладзейшых. Па заканчэнні матчаў футбалісты атрымалі ад арганізатара – ФАЦ Валожынскага раёна – салодкія прызы.

Лепшымі ігракамі названы Мікіта Вількоўскі, Максім Тарасевіч, Кірыл Жук, Веньямін Яску, Даніэль Жамоздзік, Уладзіслаў Гелда. Усе яны ўзнагароджаны дыпломамі.