Удава легендарнага мужа

Культура

Больш за 60 гадоў Марыя Антонаўна Рыжэвіч свята захоўвае памяць пра свайго мужа, які загінуў ад рук бандытаў.
Людзям старэйшага пакалення прозвішча Рыжэвіч скажа многае. Быў у нялёгкія пасляваенныя гады такі старшыня калгаса імя Леніна ў вёсцы Цябуты, якога забілі бандыты. У 50-ыя гады мінулага стагоддзя гэта даволі гучная гісторыя мела вялікі грамадскі рэзананс. Зноў яго прозвішча ўспомнілі, калі ў былым у калгасе «Чырвоны сцяг» узяліся за аднаўленне старых і будаўніцтва новых помнікаў. Замянілі стары абеліск на могілках у вёсцы Цябуты, пастаўлены ў 1951 годзе старшыні Рыжэвічу. Фота А. Рыжэвіча змешчана ў раённай кнізе-хроніцы «Памяць» (стар. 332). Для мяне асабіста гэты незнаёмы чалавек даўно стаў далёкай гісторыяй. А вось тое, што яшчэ жывая ўдава Рыжэвіча, з’явілася сапраўдным адкрыццём. Марыя Антонаўна даўно жыве разам з дачкой Вандай Аляксандраўнай Барбашынскай, таксама ўдавой, у доме, пабудаваным насупраць старога, дзе некалі і адбылася трагедыя. Падчас адной з камандзіровак мы завіталі да іх.
Просценькі вясковы дом сёння здаецца занадта прасторным для дваіх. Ён сустрэў нас цішынёй і спакоем, здавалася, жыццё тут прыпыніла ход. На сценах – іконы і партрэты дарагіх гаспадыням людзей, зробленыя са старых фотакартак, якім пакланяюцца, бы іконам. Зусім немудрагелістая мэбля, яшчэ з тых часоў, сведчыць, што тут ніколі не жылі шыкоўна. Выключная, амаль стэрыльная, чысціня таксама многае гаварыла пра гэтых немаладых вясковак. Гасцям, хоць і нязваным, вельмі ўзрадаваліся. У асноўным гаварыла дачка забітага старшыні, іншы раз за ўдакладненнем якога-небудзь факта яна гучна звярталася да матулі. У свае 90 гадоў Марыя Антонаўна ўжо дрэнна чуе, але памяць мае выключную, называе дні і канкрэтныя даты, бы гэтыя падзеі адбываліся на днях. «Перабыта, але не забыта», – штораз паўтарае яна.
Марыя Антонаўна і Аляксандр Васільевіч Рыжэвічы пажаніліся перад вайной. Першы сынок паспеў нарадзіцца да акупацыі. Гітлераўскае нашэсце перажылі ў роднай вёсцы. Гора зведалі ў поўнай меры, калі хату спалілі немцы і засталіся без даху над галавой. У 1943 годзе нарадзілася Ванда. А 18 жніўня 1944 года Аляксандра Васільевіча забралі на вайну. Дадому салдат вярнуўся толькі ў 1946 годзе з ордэнам Чырвонай Зоркі і пяццю баявымі медалямі.
Да вайны паспеў скончыць чатыры класы польскай школы і лічыўся па тым часе чалавекам адукаваным. У калгас сам Рыжэвіч уступіў свядома, землякі абралі былога франтавіка старшынёй. А вось большасць вяскоўцаў трэба было пераконваць, угаворваць, агітаваць. Менавіта для гэтых мэт і сабраліся ў хаце старшыні на агульны вясковы сход. А яшчэ меркавалі, як лепш правесці веснавую сяўбу.
Жонка за печкай калыхала малога сыночка, якому было ўсяго 9 месяцаў. Людзі гучна гаманілі на другой палове хаты. І ніхто не думаў, што ў гэты час ворагі топчуцца пад вокнамі, каб зрабіць сваю чорную справу. Калі раздаліся стрэлы, адразу і не зразумелі, што гэта замах на жыццё. Старшыня быў цяжка паранены – кулі трапілі ў пазваночнік і мачавы пузыр. Пачалася мітусня. Мужчыны выскоквалі з хаты з паляўнічымі стрэльбамі… Людзі крычалі, жанчыны галасілі. І толькі дзеці, нічога не разумеючы, назаўтра бегалі па двары і збіралі па снезе гільзы. Сярод іх была і дачка Рыжэвіча, якой ішоў сёмы гадок.
Дзіцячая памяць Ванды Аляксандраўны штосьці ўтрымала, напрыклад, як ад страху ў той вечар схавалася пад ложак, што калі хавалі бацьку, то іграў духавы аркестр, які дагэтуль ніхто ў вёсцы не бачыў. Цікаўнасць тады была мацней за боль. Яна не разумела, якое гора прыйшло ў іх сям’ю, як цяжка будзе маці адной ставіць на ногі траіх дзяцей. Страта асэнсавалася значна пазней, калі сама пасталела…
Жыццё працягвалася, былі ў ім радасныя і жалобныя моманты. Марыя Антонаўна хадзіла ў калгас на палявыя работы. Касіла нароўні з мужыкамі. Выхадаў у яе заўсёды было больш, чым у іншых. Дачка Ванда пайшла працаваць, скончыўшы пяць класаў, есці ж хацелася. Працавала да пенсіі даяркай, свінаркай. Неаднаразова пра яе дасягненні пісала наша газета. Пра цяжкую фізічную працу жанчыны яскрава «гавораць» яе пакурчаныя на руках пальцы. Успамінае, як у 1964 годзе гарэў кароўнік, але вывелі ўсіх кароў, захавалі статак. Зусім маладым пахавала маці сына, які на трактары ўваліўся ў раку, потым ад цяжкай хваробы памёр малодшы, адслужыўшы ў арміі, патануў адзіны унук, пахавалі і мужа Ванды… Такі вось сумны пералік, а ім наканавана жыць!
Жанчыны ні на што не скардзяцца. Нягледзячы на зусім сціплыя пенсіі: на дваіх выходзіць каля 700 тысяч рублёў, сцвярджаюць, што ім усяго хапае. У ежы яны аскетычныя, шчыра пасцяцца. Асноўныя выдаткі – на лякарствы. Дапамагае ім сацыяльны работнік, якая своечасова робіць усе праплаты, дастаўляе неабходныя прадукты. Не мінаюць дом сваякі.
Гады і хваробы робяць сваю чорную справу, маці і дачка выглядаюць амаль равесніцамі. І можна ўявіць, як гэтыя нямоглыя жанчыны, падтрымліваючы адна адну, ідуць у бок мясцовых могілак. Робяць гэта нячаста, бо і туды ім дайсці ўжо цяжка. Але памяць вымяраецца не толькі наведваннем могілак…
Наталля ШТЭЙНЕР.
Фота Сяргея БОБРЫКА.

Больш за 60 гадоў Марыя Антонаўна Рыжэвіч свята захоўвае памяць пра свайго мужа, які загінуў ад рук бандытаў. Людзям старэйшага пакалення прозвішча Рыжэвіч скажа многае. Быў у нялёгкія пасляваенныя гады такі старшыня калгаса імя Леніна ў вёсцы Цябуты, якога забілі бандыты. У 50-ыя гады мінулага стагоддзя гэта даволі гучная гісторыя мела вялікі грамадскі рэзананс. Зноў яго прозвішча ўспомнілі, калі ў былым у калгасе «Чырвоны сцяг» узяліся за аднаўленне старых і будаўніцтва новых помнікаў. Замянілі стары абеліск на могілках у вёсцы Цябуты, пастаўлены ў 1951 годзе старшыні Рыжэвічу. Фота А. Рыжэвіча змешчана ў раённай кнізе-хроніцы «Памяць» (стар. 332). Для мяне асабіста гэты незнаёмы чалавек даўно стаў далёкай гісторыяй. А вось тое, што яшчэ жывая ўдава Рыжэвіча, з’явілася сапраўдным адкрыццём. Марыя Антонаўна даўно жыве разам з дачкой Вандай Аляксандраўнай Барбашынскай, таксама ўдавой, у доме, пабудаваным насупраць старога, дзе некалі і адбылася трагедыя. Падчас адной з камандзіровак мы завіталі да іх. Просценькі вясковы дом сёння здаецца занадта прасторным для дваіх. Ён сустрэў нас цішынёй і спакоем, здавалася, жыццё тут прыпыніла ход. На сценах – іконы і партрэты дарагіх гаспадыням людзей, зробленыя са старых фотакартак, якім пакланяюцца, бы іконам. Зусім немудрагелістая мэбля, яшчэ з тых часоў, сведчыць, што тут ніколі не жылі шыкоўна. Выключная, амаль стэрыльная, чысціня таксама многае гаварыла пра гэтых немаладых вясковак. Гасцям, хоць і нязваным, вельмі ўзрадаваліся. У асноўным гаварыла дачка забітага старшыні, іншы раз за ўдакладненнем якога-небудзь факта яна гучна звярталася да матулі. У свае 90 гадоў Марыя Антонаўна ўжо дрэнна чуе, але памяць мае выключную, называе дні і канкрэтныя даты, бы гэтыя падзеі адбываліся на днях. «Перабыта, але не забыта», – штораз паўтарае яна. Марыя Антонаўна і Аляксандр Васільевіч Рыжэвічы пажаніліся перад вайной. Першы сынок паспеў нарадзіцца да акупацыі. Гітлераўскае нашэсце перажылі ў роднай вёсцы. Гора зведалі ў поўнай меры, калі хату спалілі немцы і засталіся без даху над галавой. У 1943 годзе нарадзілася Ванда. А 18 жніўня 1944 года Аляксандра Васільевіча забралі на вайну. Дадому салдат вярнуўся толькі ў 1946 годзе з ордэнам Чырвонай Зоркі і пяццю баявымі медалямі. Да вайны паспеў скончыць чатыры класы польскай школы і лічыўся па тым часе чалавекам адукаваным. У калгас сам Рыжэвіч уступіў свядома, землякі абралі былога франтавіка старшынёй. А вось большасць вяскоўцаў трэба было пераконваць, угаворваць, агітаваць. Менавіта для гэтых мэт і сабраліся ў хаце старшыні на агульны вясковы сход. А яшчэ меркавалі, як лепш правесці веснавую сяўбу. Жонка за печкай калыхала малога сыночка, якому было ўсяго 9 месяцаў. Людзі гучна гаманілі на другой палове хаты. І ніхто не думаў, што ў гэты час ворагі топчуцца пад вокнамі, каб зрабіць сваю чорную справу. Калі раздаліся стрэлы, адразу і не зразумелі, што гэта замах на жыццё. Старшыня быў цяжка паранены – кулі трапілі ў пазваночнік і мачавы пузыр. Пачалася мітусня. Мужчыны выскоквалі з хаты з паляўнічымі стрэльбамі… Людзі крычалі, жанчыны галасілі. І толькі дзеці, нічога не разумеючы, назаўтра бегалі па двары і збіралі па снезе гільзы. Сярод іх была і дачка Рыжэвіча, якой ішоў сёмы гадок. Дзіцячая памяць Ванды Аляксандраўны штосьці ўтрымала, напрыклад, як ад страху ў той вечар схавалася пад ложак, што калі хавалі бацьку, то іграў духавы аркестр, які дагэтуль ніхто ў вёсцы не бачыў. Цікаўнасць тады была мацней за боль. Яна не разумела, якое гора прыйшло ў іх сям’ю, як цяжка будзе маці адной ставіць на ногі траіх дзяцей. Страта асэнсавалася значна пазней, калі сама пасталела… Жыццё працягвалася, былі ў ім радасныя і жалобныя моманты. Марыя Антонаўна хадзіла ў калгас на палявыя работы. Касіла нароўні з мужыкамі. Выхадаў у яе заўсёды было больш, чым у іншых. Дачка Ванда пайшла працаваць, скончыўшы пяць класаў, есці ж хацелася. Працавала да пенсіі даяркай, свінаркай. Неаднаразова пра яе дасягненні пісала наша газета. Пра цяжкую фізічную працу жанчыны яскрава «гавораць» яе пакурчаныя на руках пальцы. Успамінае, як у 1964 годзе гарэў кароўнік, але вывелі ўсіх кароў, захавалі статак. Зусім маладым пахавала маці сына, які на трактары ўваліўся ў раку, потым ад цяжкай хваробы памёр малодшы, адслужыўшы ў арміі, патануў адзіны унук, пахавалі і мужа Ванды… Такі вось сумны пералік, а ім наканавана жыць! Жанчыны ні на што не скардзяцца. Нягледзячы на зусім сціплыя пенсіі: на дваіх выходзіць каля 700 тысяч рублёў, сцвярджаюць, што ім усяго хапае. У ежы яны аскетычныя, шчыра пасцяцца. Асноўныя выдаткі – на лякарствы. Дапамагае ім сацыяльны работнік, якая своечасова робіць усе праплаты, дастаўляе неабходныя прадукты. Не мінаюць дом сваякі. Гады і хваробы робяць сваю чорную справу, маці і дачка выглядаюць амаль равесніцамі. І можна ўявіць, як гэтыя нямоглыя жанчыны, падтрымліваючы адна адну, ідуць у бок мясцовых могілак. Робяць гэта нячаста, бо і туды ім дайсці ўжо цяжка. Але памяць вымяраецца не толькі наведваннем могілак…
Наталля ШТЭЙНЕР. Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий