Дарогу ў храм кнігі адкрыла настаўніца

Культура Молодежный курьер Общество

Паэтэса Іна ФРАЛОВА падчас прэзентацыі сваіх кніг.

Валожынская дзіцячая бібліятэка вызначаецца тым, што практычна кожны тыдзень тут праводзяцца самыя розныя мерапрыемствы, звязаныя з яе вялікасцю КНІГАЙ. Гэта і юбілеі дзіцячых пісьменнікаў, і новыя паступленні літаратуры, і самыя разнастайныя святы. Кожнае з іх падмацоўваецца тэматычнай выставай, сустрэчай з цікавымі людзьмі розных прафесій, віктарынамі. Але для кожнага патрэбна яшчэ і адпаведная чытацкая аўдыторыя.

Бібліятэчныя работнікі супрацоўнічаюць са многімі дзіцячымі садамі, школамі горада. Толькі ёсць адзін чалавек, які ніколі не адмовіць у дапамозе і падтрымцы, на якога заўсёды могуць разлічваць. Гэта настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Святлана Віктараўна Родзевіч. Праз бібліятэку прайшло не адно пакаленне яе выхаванцаў. Зараз актыўныя памочнікі бібліятэкараў – вучні 3 “А” класа.

Выхаванцы Святланы Віктараўны – нязменныя ўдзельнікі літаратурнага клуба “Кругагляд”, які шмат гадоў існуе пры бібліятэцы. Яны рыхтуюць творчыя выступленні да асноўных свят, такіх, як 23 лютага, 8 Сакавіка, 9 Мая, 3 ліпеня, 1 верасня, Дзень настаўніка і іншых. Актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, што ладзяцца на базе бібліятэкі, у літаратурных конкурсах і відэаздымках, запісах на радыё. Не так даўно больш за палову класа прынялі ўдзел у юбілеі любімай бібліятэкі. Школьнікі падрыхтавалі не проста віншаванне, а цэлае прадстаўленне, дзе былі словы віншавання, удзячнасці і нават гумарыстычныя моманты. Двойчы з прэзентацыяй сваіх кніг тут пабывала паэтэса Іна Фралова. Трэцякласнікі чыталі і яе вершы. Часта наведваюць бібліятэку і шмат чытаюць Мілана Сакаловіч, Ганна Корсакава, Дар’я Іода, Ягор Вашкевіч, Павел Рубацкі, Паліна Хар’янава, Паліна Макоўская, Анастасія Мацаль і іншыя вучні.

Трэба адзначыць, што і ўласныя дзеці настаўніцы – сямікласніца Ксенія і васьмікласнік Канстанцін – таксама з малых гадоў разам з маці пачыналі хадзіць у бібліятэку. Яны і зараз актыўныя ўдзельнікі клуба і адны з самых актыўных чытачоў. Любоў да кнігі ім перадалася ад маці. Менавіта такую любоў перадае Святлана Віктараўна і сваім вучням: яна вучыць у кнігах знаходзіць адказы на самыя розныя пытанні, карыстацца энцыклапедыямі, слоўнікамі, выхоўвае добры літаратурны густ.

Наталля ШТЭЙНЕР