Біяметрычныя дакументы для беларусаў

Важное Общество

У дзень, калі мы наведаліся ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі, па згодзе з жыхарамі раёна, што пажадалі аформіць ID-карту, нам удалося паназіраць, як працуе складаны прыбор, з дапамогай якога і адбываецца лічбавае фатаграфаванне, сканіраванне адбіткаў пальцаў, а таксама электроннага подпісу.

Апошнім часам у нашым грамадстве загаварылі пра біяметрычныя дакументы. Хацелася б расказаць чытачам, што гэта такое. Каб атрымаць кампетэнтныя тлумачэнні па актуальным пытанні, мы звярнуліся да начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Таццяны Цаюн.

– Таццяна Генадзьеўна, калі ласка, патлумачце сэнс новаўвядзення.

– Аналіз міжнароднай практыкі сведчыць аб тэндэнцыі выкарыстання біяметрычных індэнтыфікатараў у дакументах, прызначаных для выезду за мяжу (нацыянальных, дыпламатычных, службовых пашпартах, праязных), а таксама ў нацыянальных пасведчаннях асобы на пластыкавай аснове (ідэнтыфікацыйных картах). Да нядаўняга часу Рэспубліка Беларусь заставалася адной з нешматлікіх краін Еўропы і дзяржаў-удзельніц СНД, дзе не выкарыстоўваліся біяметрычныя ідэнтыфікатары ў нацыянальных дакументах, што пацвярджаюць асобу, а, між іншым, увядзенне ў краіне біяметрычнага пашпарта з высокай ступенню аховы дазваляе выключыць любую магчымасць падроблівання дакументаў.

З мэтай далейшага ўдасканалення парадку дакументавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь, развіцця электронных сэрвісаў, удасканалення парадку ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур і аказання паслуг насельніцтву ва ўмовах фарміравання электроннага ўрада і лічбавай эканомікі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 107 ад 16 сакавіка 2021 года “Аб біяметрычных дакументах” уведзены ў дзеянне біяметрычныя дакументы, што пацвярджаюць асобу, і біяметрычныя дакументы для выезду з Беларусі і (ці) уезду ў Беларусь.

– Для чаго грамадзяніну патрэбен  такі дакумент?

– У нашай краіне вызначана выкарыстаннне біяметрычнага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь толькі для выезду за мяжу (замежны пашпарт) у выглядзе пашпартнай кніжкі з інтэгральнай мікрасхемай, што ўтрымлівае электронны сродак біяметрычнай ідэнтыфікацыі.

 У якасці ўнутранага дакумента, што пацвярджае асобу, вызначана ўвядзенне ідэнтыфікацыйнай карты, якая можа выкарыстоўвацца ў якасці плацежнага сродку (банкаўскай карты), а таксама дла аплаты праезду ў транспарце, прадастаўлення належных для карыстальніка карты льгот і іншых функцый. Акрамя таго, прадастаўляецца магчымасць выкарыстання ідэнтыфікацыйнай карты ў якасці пасведчання дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Такі дакумент мае выгляд пластыкавай смарт-карты з інтэгральнай мікрасхемай, якая ўтрымлівае электронны сродак біяметрычнай ідэнтыфікацыі і крыптаграфічны токен аўтэнтыфікацыі. Такі ж выгляд мае і біяметрычны від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь іншаземнага грамадзяніна ці асобы без грамадзянства.

Калі грамадзянін не плануе выязджаць з краіны, біяметрычны пашпарт афармляць не патрэбна, але зрабіць яго магчыма толькі пры наяўнасці ID-карты.

– Што за інфармацыя ўтрымліваецца ў ідэнтыфікацыйнай карце?

– Паколькі гэта дакумент, што пацвярджае асобу, у ім маецца фотавыява (лічбавы фотапартрэт) уладальніка; указаны прозвішча, імя, імя па бацьку (калі яно ёсць); дата, месяц і год нараджэння; пол уладальніка; месца нараджэння; грамадзянства; ідэнтыфікацыйны нумар; від дакумента; нумар дакумента, код Рэспублікі Беларусь, дата, месяц і год выдачы дакумента; дата, месяц і год заканчэння тэрміну дзеяння дакумента;  машынасчытвальная зона; выява подпісу ўладальніка, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту, ці іншаземца, які не дасягнуў 14-гадовага ўзросту і не знаходзіцца ў шлюбе (за выключэннем выпадкаў, калі ўзяць узор подпісу фізічна немагчыма); двухмерны штрых-код, дзе ўтрымліваецца закадзіраваная інфармацыя пра ўладальніка (прозвішча, імя, імя па бацьку (калі яно ёсць), дата, месяц і год нараджэння), інфармацыя пра дакумент (від, нумар, дата, месяц і год выдачы, дата, месяц і год заканчэння тэрміну дзеяння) і ідэнтыфікацыйны нумар; інтэгральная мікрасхема, што ўтрымлівае электронны сродак біяметрычнай ідэнтыфікацыі з персанальнымі данымі ўладальніка ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнароднай арганізацыі па грамадзянскай авіяцыі і крыптаграфічны токен аўтэнтыфікацыі.

Назвы рэквізітаў біяметрычных дакументаў выконваюцца на беларускай, рускай і англіскай мовах. Рэквізіты запаўняюцца прапіснымі літарамі на тых жа мовах. Транслітэрацыя прозвішчаў і імён выконваецца з выкарыстаннем літар лацінскага алфавіта з беларускай ці рускай мовы.

– Якім чынам можна атрымаць біяметрычны дакумент?

– Неабходна напісаць заяву ў нашай службе. Для гэтага абавязкова асабістая прысутнасць і грамадзян Беларусі, і іншаземцаў, у тым ліку непаўналетніх дзяцей і асоб, прызнаных судом недзеяздольнымі (абмежавана дзеяздольнымі), для лічбавага фатаграфавання, а таксама сканіравання  папілярных узораў пальцаў рук асоб, што дасягнулі 14-гадовага ўзросту, а таксама іншаземцаў, што набылі дзеяздольнасць у поўным аб’ёме ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (за выключэннем выпадкаў, калі сканіраваць папілярныя ўзоры фізічна немагчыма).

У адносінах да непаўналетніх, якім не споўнілася 14 гадоў, і іншаземцаў (за выключэннем іншаземцаў, якім не споўнілася 14 гадоў, але яны знаходзяцца ў шлюбе), а таксама асоб, якіх суд прызнаў недзеяздольнымі (абмежавана дзеяздольнымі), заява падаецца законным прадстаўніком.

Пярвічны біяметрычны дакумент выдаецца падраздзяленнем па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства грамадзяніна. Наступны абмен біяметрычных дакументаў можна будзе ажыццявіць у любым падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі без прывязкі да месца рэгістрацыі.

Пры выдачы біяметрычнага дакумента яго ўладальніку ці законным прадсітаўнікам ва ўстаноўленым парадку ў папяровым канверце перадаюцца паролі доступу да асабістых ключоў, што ўтрымліваюцца ў крыптаграфічным токене аўтэнтыфікацыі. Пры гэтым ускрываецца канверт толькі ўладальнікам біяметрычнага дакумента ці яго законным прадстаўніком.

– Таццяна Генадзьеўна, думаю, большасць нашых чытачоў будуць Вам удзячны, калі коратка адкажаце на пытанне: “Навошта ўсё гэта патрэбна?”  

– У ID-карты шмат пераваг. Па-першае, гэта зручна. Яе ўладальнікі змогуць пацвердзіць асобу дыстанцыйна з дапамогай электроннага лічбавага подпісу. А значыць, што ім не давядзецца асабіста прыходзіць у дзяржорганы за даведкамі і дакументамі. Яны змогуць усё, патрэбнае ім, атрымаць у электронным выглядзе. Па-другое, уніфікацыя. У перспектыве ID-карты змогуць замяніць карту студэнта, медкарту, праязны дакумент, вадзіцельскае пасведчанне. Біяметрычны дакумент паскорыць праходжанне мяжы і атрыманне візы, бо ў ім ужо маюцца неабходныя даныя, у тым ліку адбіткі пальцаў.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара