Славутыя землякі

Важное Культура Официально Ступені поспеху

Нядаўна галоўная вышэйшая навучальная ўстанова нашай краіны – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – адзначыла векавы юбілей. З нагоды 100-годдзя супрацоўнікі ўніверсітэта атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды, якія ім уручыла спікер Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Качанава. У ліку лаўрэатаў – вучоныя, прафесары, дэканы, дырэктары інстытутаў ВНУ. Прафесіяналы, якія ўносяць уклад у падрыхтоўку высакаякасных спецыялістаў і стаяць ля вытокаў навуковых адкрыццяў.

Вельмі прыемна адзначыць, што сярод узнагароджаных – наш зямляк: прафесар кафедры матэматычнай кібернетыкі Белдзяржуніверсітэта Віктар Іванавіч КАРЗЮК. Ён удастоены ордэна Айчыны III ступені.

В. І. Карзюк нарадзіўся 4 красавіка 1945 года ў вёсцы Петрашунцы Валожынскага раёна. У 1966 годзе скончыў матэматычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, а праз чатыры гады – аспірантуру кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў.

Уся працоўная дзейнасць Віктара Іванавіча з 1971 года звязана з родным БДУ. Пачынаў са старшага выкладчыка кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў, а з цягам часу стаў загадваць кафедрай матэматычнай фізікі, адначасова з’яўляўся дэканам факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, дэканам факультэта бізнесу і інфармацыйных тэхналогій, а пасля – прарэктарам па вучэбнай рабоце. У пачатку 2000-х гадоў стаў рэктарам Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2005 па 2016 гады – загадчыкам аддзела Інстытута матэматыкі акадэміі. На сёння – член савета пры Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі на саісканне вучонай ступені доктара фізіка-матэматычных навук, а таксама член савета пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце на саісканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук.

Галіны навуковых даследаванняў – матэматычная фізіка, дыферэнцыяльныя ўраўненні, мікраэлектроніка, іонная імплантацыя, матэматычнае мадэліраванне. Аўтар 360 навуковых работ.

В. І. Карзюк – акадэмік, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. За паспяховую работу ўзнагароджаны Ганаровай граматай Савета БССР, медалём “За працоўную доблесць”, мае ганаровыя званні “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” і “Заслужаны работнік БДУ”, з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, членам прэзідыума Беларускага матэматычнага таварыства.

Віншуем нашага паважанага земляка – прафесара Віктара Іванавіча Карзюка з высокай адзнакай працы. Жадаем моцнага здароўя і далейшых поспехаў у навуковай дзейнасці на карысць роднай Беларусі!