Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

11 лістапада адбыўся міждысцыплінарны семінар па пытаннях развіцця інклюзіўнага турызму ў Беларусі і свеце. Яго арганізатарамі з’яўляліся Белдзяржуніверсітэт разам з Міністэрствам спорту і турызму Беларусі. Праходзіў семінар у відэарэжыме.

У праграме дня было выступленне дырэктара нашага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіны Рай “Новыя магчымасці для турыстаў з інваліднасцю ў Валожынскім раёне”, а таксама прадстаўленне праекта “Валожын без бар’ераў”, пра які расказвалі старшыня грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”, дацэнт БДУ Валерыя Кліцунова і гаспадар аграсядзібы “Свет пчол” Васіль Фралоў. У размове па тэме ўдзельнічалі прадстаўнікі самых розных зацікаўленых структур: пра вопыт інклюзіўнага турызму ва Украіне, пра развіццё яго на Віцебшчыне, пра інклюзіўнае асяроддзе ў беларускіх здраўніцах, пра супрацоўніцтва розных грамадскіх аб’яднанняў у развіцці і прапагандзе інклюзіўнага турызму.

4-5 лістапада на базе Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя праходзіў абласны этап конкурсу прафесіянальнага майстэрства і працавала выстава тэхнічнай творчасці.

У абласным конкурсе па кампетэнцыі эксплуатацыі сельскагаспадарчых машын удзельнічаў навучэнец трэцяга курса Валожынскага ліцэя Арцём Загорскі (група 35-103), які сярод 14 удзельнікаў паказаў сёмы вынік. А майстар вытворчага навучання Алег Валер’евіч Янковіч заняў 5-е месца сярод сваіх калег. На абласной выставе тэхнічнай творчасці была прадстаўлена калектыўная работа навучэнцаў групы 35-99 (майстар вытворчага навучання А. В. Міхасенка) “Сабака”, зробленая з дэталяў і механізмаў ад трактара. Яшчэ адзін экспанат – пескаструменны апарат – быў зроблены рукамі навучэнцаў групы 32-19 пад кіраўніцтвам майстра А. М. Карповіча.

ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў гонар свайго 100-годдзя праводзіць конкурс “Новыя імёны”.

На абласным этапе конкурсу наш раён прадставяць у намінацыі “Вакал” педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Карына Курушка, у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” – настаўнік СШ № 1 райцэнтра Аляксандр Генрыхавіч Цяшкевіч (разьба па дрэве) і педагог дадатковай адукацыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. п. Івянец Уладзімір Пятровіч Скрыпка (мастацкая работа з гліны).

На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне раённага савета валанцёраў Таварыства Чырвонага Крыжа, на якім прысутнічала спецыяліст па рабоце з моладдзю Мінскай абласной арганізацыі таварыства Вольга Дзмітрук.

 У раёне створаны і плённа працуюць 4 валанцёрскія атрады, якія асабліва запатрабаваны ў цяперашні час барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй, у зімовы час, калі назіраюцца вялікія снегапады ці маразы. Сваімі думкамі і вопытам работы падзяліліся валанцёры Людміла Лысенка, Наталля Буклыс, Ала Грынкевіч, Ала Фейгіна і іншыя. Старшыня раённай арганізацыі Антаніна Трацэўская спынілася на аналізе работы валанцёрскіх фарміраванняў, расказала пра далейшыя планы.

20 лістапада на базе нашага цэнтра культуры адбудзецца раённы адборачны тур, па выніках якога лепшыя ўдзельнікі прадставяць раён на абласным адборачным туры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2022” і Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2022”. Адборачныя туры пройдуць у Маладзечне 2 снежня.

Удзельнікі на раённым этапе павінны прадставіць па дзве песні. Іх узрост – ад 18 да 31 года і ад 8 да 14 гадоў.

Маладыя педагогі Валожыншчыны на чале са старшынёй Маладзёжнага савета Анастасіяй Карачун наведалі Івянецкі музей традыцыйнай культуры.

Багатая гістарычная спадчына, самабытныя народныя промыслы, традыцыі, прыгажосць мясцовых краявідаў пакінулі вялікае ўражанне на маладых спецыялістаў. Асабліва цікавым было знаёмства з Івянцом тым з маладых спецыялістаў, хто нарадзіўся не ў нашым раёне. Наведванне музея стала для іх сапраўдным адкрыццём.

З 6 лістапада і па 30 студзеня 2022 года доўжыцца паляванне на пушную жывёлу: зайцоў беляка і русака, вавёрку, куніцу лясную і куніцу каменную, норку амерыканскую і тхара ляснога.

Паляўнічыя дні: субота, нядзеля, панядзелак і аўторак. А таксама іншыя выхадныя і святочныя дні, якія ў нашай краіне аб’яўлены нерабочымі. Паляваць дазваляецца толькі ў светлы час сутак.