Рамонт працягваецца

Общество

Капітальны рамонт аўтавакзала ў нашым горадзе працягваецца. Ужо некалькі месяцаў тут шчыруюць работнікі  ДРБУ № 167. У выніку іх дзейнасці будынак і прылеглая да яго тэрыторыя паступова мяняюць свой выгляд.   

Ужо завершаны  работы па добраўпарадкаванні двара (праведзены ўстройства вонкавых сетак бытавой і ліўневай каналізацый, цэментна-бетоннага пакрыцця, абсталяванне падпорных сценак, азеляненне, укладка тратуарнай пліткі).

Што тычыцца самога будынка, то на дадзеным этапе ён ужо адрозніваецца ад пустой каробкі без акон і дзвярэй, якая яшчэ нядаўна так палохала жыхароў і гасцей Валожына сваім “нежылым” выглядам. Будаўнікі справіліся з тынкаваннем сцен, устройствам цэментна-бетонных сцяжак падлогі і зараз вядуць мантаж унутраных інжынерных сетак (электрыка, водазабеспячэнне, каналізацыя, ацяпленне).

Пакуль самая высокая частка вакзала – каменная кладка – не дае забыць звыклы абрыс будынка, але, як паведаміў прараб Андрэй Ліштван, хутка яна ў адпаведнасці з праектам стане непазнавальнай, як і ўсе астатнія вонкавыя элементы і ўнутраныя памяшканні. Андрэй Міхайлавіч паабяцаў, што ў бліжэйшай будучыні дазволіць пранікнуць унутр будынка і зрабіць там фотаздымкі. Мне ж і самой не вельмі хацелася замінаць спецыялістам у іх клопатах.

Галоўнае, што турбуе сёння гараджан, – гэта пытанне “Ці бачны прасвет у канцы тунэля?”. З улікам таго, як актыўна шчыруе каманда рамонтнікаў, фінальны акорд – унутраная аддзелка і інтэр’ерныя вырашэнні – не за гарамі. Безумоўна, таго вакзала, якім ён быў некалькі дзесяцігоддзяў, мы ўжо не ўбачым, але ж, калі верыць праектнай дакументацыі, новы прынясе ў старажытны горад сучаснае гучанне, утульнасць і камфорт.

Тэкст і фота

Валянціны КРАЎНЕВІЧ