ЗАСТАЛАСЯ КАМІЗЭЛЬКА

Культура

Старая шуба, шчодра абсыпаная нафталінам і пакрытая сацінавым чахлом, вісела ў самым куце шафы. Час ад часу гаспадыня выцягвала шубу на свет, пільна аглядала і зноў адпраўляла на захоўванне. Моль з нафталінам даўно здружыліся, бо з кожным разам плешы на футры станавілася ўсё больш. Затое ў сямейным фотаальбоме шуба была ў пашане – красавалася ледзь не на кожнай старонцы.

Дакладней, у ёй красавалася падобная на кіназорку жанчына… “Я і цяпер магла бы быць артысткай: чым не Баба Яга? І грыму не трэба…”, – жартавала старая, калі доўгімі вечарамі разглядала альбом разам з дарослымі ўнучкамі. Потым у каторы раз яна пераказвала дзяўчатам цікавую (на яе думку) гісторыю, як згадзілася выйсці замуж за немаладога ваеннага, бо ён паабяцаў апранаць яе, бы прынцэсу, як не адно дзесяцігоддзе трымала пальму першынства сярод модніц невялічкага гарадка. Успаміны заўсёды заканчваліся аднолькава: “Кватэра з усім дабром застанецца пасля маёй смерці вашаму бацьку, а шубу забярыце. Не хачу, каб яна дасталася вашай маці.” Лагоднай свякроўкай старая так і не стала, сына шкадавала, а любіла толькі ўнучак.

Дзяўчаты тайком хіхікалі і ўспрымалі раздзел спадчыны за старэчае дзівацтва, бо вартасць шубы як прадмету раскошы ўжо даўно канула ў лету. Ды каб не засмучаць капрызную бабулю, горача абяцалі ставіцца да моднага калісьці ўбору бы да сямейнай рэліквіі…

На пахаванні людзей было няшмат, з чужых – толькі краўчыха, якую нябожчыца асабліва цаніла за майстэрства і паслугамі якой карысталася ледзь не да самай смерці. Гэта жанчына адна і плакала ля труны, ад чаго сваякам аж неяк няёмка рабілася за ўласную чэрствасць.

– Дзякуй, што прыйшлі раздзяліць з намі гора! – з ветлівасцю ў голасе загаварыў да краўчыхі асірацелы сын. – Зайдзіце ў мамін пакой, можа там сабе што-небудзь выберыце на памяць…

Жанчына кіўнула галавой, ці то з удзячнасцю, ці то ў знак згоды і паднялася з крэсла. У пакоі нябожчыцы сядзелі прыціхлыя ўнучкі. Краўчыха растлумачыла ім, што хоча скарыстацца дазволам і забраць рэчы памерлай. Дзяўчаты выцягнулі вялізны чамадан, каб умясцілася ўсё, што стала непатрэбным.

– І футра пакладзіце! Я на камізэльку перараблю! – закамандавала жанчына пасля таго, як пільна агледзела швы. Даўнія, але такія знаёмыя. Калісьці генеральша, якая сама нічога толкам рабіць не ўмела, папрасіла яе, сваю паслухмяную краўчыху, зашыць пад падкладку залатыя ўпрыгажэнні, каб скарб ненарокам не трапіў у рукі нялюбай нявесткі.

…Прагучала каманда рухацца на могілкі, і сумная працэсія нетаропка выйшла з кватэры. Пасля хаўтур унучкі нябожчыцы за стол не садзіліся, а, стараючыся дагадзіць жанчыне, якая так шчыра плакала па іх бабулі, пачалі пакаваць чамадан. Старая шуба ніяк не давала вечку закрывацца.

– А давай рукавы адрэжам і выкінем! Вунь, якія яны на згібах, на локцях, на манжэтах вынашаныя! Поўсць так і сыплецца! На камізэльку і без рукавоў згадзіцца! – рашылі дзяўчаты.

Узялі нажніцы, пачалі пароць. Спачатку нават і не зразумелі, што за мяшэчкі падшыты ў проймы, думалі – для нафталіну, а як развярнулі, то і анямелі ад убачанага! У кожным мяшэчку ляжала па жменьцы жоўтых манет, залатыя ланцужкі, завушніцы, пярсцёнкі…

Разумеючы, што радавацца на пахаванні нельга, тайком перахавалі знаходку, перабралі (на ўсялякі выпадак) увесь бабулін гардэроб. Чвартаваную шубу з пыхканнем і сапеннем упакавалі ў чамадан.

Калі жалобная вячэра скончылася, краўчыха пры развітанні доўга выказвала словы спачування, плакала, уздыхала, дзякавала за аддадзеныя рэчы. На прапанову сына нябожчыцы паднесці цяжкі чамадан, жанчына аж рукамі замахала: “Што вы! У вас і так клопатны дзень выдаўся! Сама спраўлюся!”.

Краўчыха ляцела дадому, як на крылах – так карцела хутчэй выпатрашыць шубу, дакрануцца да золата! Не ведала, што порцыя станоўчых эмоцый, адведзеных ёй на гэты дзень, ужо вычарпана…

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий