ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Происшествия

МЕТАЛ І ТОЛЬКІ МЕТАЛ

Праваахоўнікамі атрымана заява ад жыхара вёскі Бараўляны, гаспадара дома ў  вёсцы Мацэвічы Валожынскага раёна, адносна таго, што з тэрыторыі прысядзібнага ўчастка  ўкрадзены  металічныя рэчы на суму 365 рублёў. На месцы здарэння знойдзены фрагмент цыгарэты, які, будзем спадзявацца, дапаможа выявіць злодзея.

Металічныя вырабы прапалі і з двара жыхаркі вуліцы Я. Купалы ў райцэнтры. Вядома, што паквапіўся на чужое дабро раней судзімы жыхар Валожына з вуліцы Савецкай, які зараз знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Чатыры найменні металічных вырабаў вынесены і з двара дачніка ў вёсцы Явідаўшчына.

Адносна кожнага выпадку ўзбуджана крымінальная справа.      

ДРОБЯЗЕЙ НЕ БЫВАЕ

Безліч рэчаў гаспадарчага прызначэння праз акно вынес жыхар Мінска з дома жыхароў вуліцы Беларускай у Валожыне. Прывабнымі для аматара чужога дабра падаліся і фарфоравыя кубкі, і пласкагубцы, і кухонная сякерка, і нават алюмініевы чарпак.

А ў жыхара вёскі Слабада  невядомыя ўкралі паляўнічы нож. Здавалася б, дробязі, аднак крымінальныя справы ўзбуджаны, вядзецца пошук вінаватых.

УСЁ СВАЁ НАСІ З САБОЙ!

У жыхара Ракава з уласнага аўтамабіля, які быў прыпаркаваны на аўтастаянцы бліз яго дома, зладзеі ўкралі пашпарт, тэхнічны пашпарт на аўтамабіль, а таксама рахунак-даведку і страхавое пасведчанне. Адносна справы вядзецца праверка.

А ЦІ БЫЎ КАШАЛЁК?

У РАУС звярнуўся жыхар Валожына з паведамленнем аб тым, што з яго кватэры ўкрадзены кашалёк, у якім знаходзілася даволі значная сума. Высветлілася: перад тым, як  заўважыць прапажу, мужчына добра падмацаваўся спіртнымі напіткамі і заснуў за сталом на кухні сваёй кватэры, не здымаючы курткі, у кішэні якой быццам бы знаходзіўся страчаны кашалёк. Як было на самай справе, ніхто не ведае, бо апошнюю дозу алкаголю пацярпелы прыняў якраз перад паглыбленнем у сон.

З КАРТАМІ БУДЗЬцЕ ПІЛЬНЫМІ

З двух банкаўскіх карт жыхара Валожына невядомымі ўкрадзены 710 рублёў. Папярэдне пацярпелы ўвёў логін і пароль для ўваходу ў асабісты кабінет, перайшоўшы па фішынгавай спасылцы. Пасля таго, як  рэквізіты карт сталі вядомыя злачынцам, грошы з іх зніклі.

ЯНО ВАМ ПАТРЭБНА?

Бліз вёскі Кіявец знойдзены тайнік, у якім невядомыя асобы захоўвалі 214,43 грама небяспечнага наркатычнага сродку, які не выкарыстоўваецца ў медыцыне (марыхуана). Трывожная знаходка стала падствай для ўзбуджэння  крымінальнай справы.

Наркатычны сродак, на гэты раз Альфа-PVP, фігуруе і ў крымінальнай справе, што ўзбуджана ў адносінах да жыхара Валожыншчыны, які нідзе не працуе і мае некалькі судзімасцей.

ТЫ МЯНЕ НЕ ПАВАЖАЕШ?

У дзяжурную часць РАУС паступіла паведамленне ад 46-гадовага жыхара вёскі Дубіна, які паскардзіўся на канфлікт з сынам  сужыцелькі. Група супрацоўнікаў міліцыі прыбыла на месца і высветліла, што, перш чым распачаць канфлікт, 22-гадовы малады чалавек прыняў алкаголь. Пасля чаго і вырашыў высветліць адносіны з чалавекам, з якім сужыцельствуе маці. Хоць да прыезду міліцыі ў доме, дзе пражываюць абодва мужчыны, гучалі лаянка і пагрозы, пісаць адзін на аднаго заявы ўдзельнікі спрэчкі катэгарычна адмовіліся. З імі праведзена прафілактычная гутарка.

“ЛІКБЕЗ” ДЛЯ МУЖА І ЖОНКІ

Давялося выклікаць міліцыю і жыхарцы вёскі Пагарэлка. Жанчына паскардзілася на мужа, які ўчыніў скандал, у ходзе  якога нават адпіхнуў яе рукой. І ў гэтым выпадку канфлікт між удзельнікамі аказаўся вычарпаны яшчэ да прыезду міліцыі. Яго ўдзельнікам давялося выслухаць прававы “лікбез” ад людзей у форме.

Матэрыял па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Валянціна КРАЎНЕВІЧ