Не прадаём, не просім, проста вучым

Безопасность и здоровье Общество

Нядаўна ў райцэнтры супрацоўнікі і валанцёры аддзялення для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў рамках праекта “Комплексны падыход да праблемы зніжэння фактараў рызыкі падзення ў адносінах да пажылых людзей”, што рэалізуецца ў партнёрстве з фондамі “Узаемаразуменне” (Беларусь) і “Памяць. Адказнасць. Будучыня” (Германія), правялі акцыю “Крыштальны ўзрост”.

З яе дапамогай удзельнікі дабрачыннага пачынання пастараліся прыцягнуць увагу да важнай тэмы – прафілактыкі падзенняў, пераломаў, пазбаўлення рухомасці. Менавіта таму і выбралі для акцыі адно з самых людных месцаў у Валожыне – уваход у магазін “Еўраопт”. Тут арганізатары акцыі размясцілі выставу сродкаў рэабілітацыі, якія яны рэкамендуюць набыць кожнаму пажылому чалавеку ці таму, хто ажыццяўляе за ім догляд, раздалі наведвальнікам магазіна буклеты з падрабязнай інфармацыяй пра тое, як абараніць  сваякоў старэйшага пакалення ад вялікай бяды. Асаблівая ўвага была зроблена на ўменні абсталяваць жыццёвую прастору такім чынам, каб пазбегнуць траўм, наступствы якіх часта становяцца неабарачальнымі. Падчас акцыі кожны жадаючы змог атрымаць інфармацыю і адносна таго, што рабіць у выпадку, калі пажылы чалавек усё ж упаў, і як даглядаць траўміраванага.

Патрэбна адзначыць, нашы грамадзяне пакуль з асцярожнасцю ставяцца да падобных акцый, яны асцерагаюцца, што іх будуць застаўляць штосьці купляць ці папросяць ахвяраваць грошы. Але спецыялістам сацыяльнай установы і валанцёрам, а гэта шаноўныя валожынцы “сярэбранага” ўзросту, не прывыкаць да неабходнасці дастуквацца да чалавека дзеля яго ж карысці. Таму калі спачатку наведвальнікі “Еўраопта” даволі нясмела падыходзілі да групы актывістак, то паступова акцыя сабрала дастатковую колькасць зацікаўленых. Інакш і быць не магло – праблема актуальная амаль для кожнай сям’і.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ