Мінтранс: дарожнікі гатовы да зімы

Безопасность и здоровье Общество

Дарожнікі Беларусі завяршылі падрыхтоўку да зімы. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі «Пачатак зімовага аўтамабільнага сезона: падрыхтоўка дарожнай інфраструктуры і правілы бяспечнай язды» намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Рыгор Глазко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Для бесперабойнага руху транспарту па рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах у зімовы перыяд Мінтранс паставіў задачу да 1 лістапада завяршыць увесь комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да зімы дарог, тэхнікі. Нашы рэспубліканскія прадпрыемствы з ёй справіліся на 100 працэнтаў. У прыватнасці, у наяўнасці і падрыхтаваны да работы 1644 адзінкі тэхнікі, у тым ліку 650 адзінак песка-солеразмеркавальнай тэхнікі, 127 аўтагрэйдараў, 568 трактароў, 248 пагрузчыкаў, 51 адзінка ротарнай тэхнікі. Нарыхтаваны каля 270 тыс. т пясчана-саляной сумесі, створаны запасы чыстай солі — 140 тыс. т. Для ямачнага рамонту пры нізкіх тэмпературах нашы аўтадары нарыхтавалі каля 4 тыс. т арганамінеральнай сумесі. З 1 лістапада арганізаваны кругласутачныя дзяжурствы дыспетчарскіх службаў. У цэлым, нашы прадпрыемствы поўнасцю гатовы да зімовага сезона», — падкрэсліў Рыгор Глазко.

Намеснік генеральнага дырэктара РУП «ВА «Беларуснафта» Сяргей Каморнікаў расказаў аб падрыхтоўцы аўтазаправачных станцый да зімы. «Традыцыйна гэта падрыхтоўка пачынаецца з кастрычніка. У Беларусі дзейнічае адзіны стандарт вытворчасці дызельнага паліва — СТБ 1658-2015, які вызначае кліматычныя ўмовы прымянення зімовага дызельнага паліва ў краіне. Згодна з гэтым стандартам, на ўсіх заправачных станцыях зімовае дызельнае паліва павінна рэалізоўвацца з 1 лістапада па 31 сакавіка. Адпаведна, на ўсіх нашых запраўках ужо з 1 лістапада прадаецца выключна такое дызельнае паліва, — сказаў ён. — Таксама мы пачалі ўжо стварэнне запасаў і рэалізацыю арктычнага зімовага паліва з гранічнай тэмпературай фільтруемасці мінус 32 градусы. У гэтым годзе плануем яго прадаваць на 260 АЗС (у мінулым годзе — каля 240). Усяго ў нас 575 заправачных станцый, гэта значыць больш чым на 40 працэнтах АЗС такое паліва будзе прысутнічаць. Запраўкі, дзе можна арктычнае паліва набыць, размеркаваны раўнамерна. Таксама на заправачных станцыях з’явіўся асартымент спадарожнай зімовай прадукцыі. У прыватнасці, шклоабмывальнікі з тэмпературай крышталізацыі ад мінус 20 да мінус 25 градусаў».