Зямны паклон гаспадарам зямлі

Аграрный сектор и промышленность Культура Общество Ступені поспеху

Поспех прыходзіць дзякуючы граматнаму кіраўніцтву. Дырэктары райаграпрамтэхнікі Дзмітрый КІЗЕЯЎ, ААТ «Агра-Дубінское» Генадзь КАСПЯРОВІЧ, КУП «Сівіца» Аляксандр СЯМЁНАЎ, КСУП «Валожынскае» Генрык ПАЛОЙКА, ААТ «Суднікаўскі» Аляксандр КАСІНСКІ.

Сёння ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра адбылася вялікая ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

 

На ёй самымі паважанымі і шаноўнымі гасцямі сталі тыя, хто сваёй самаахвярнай працай забяспечвае харчовую бяспеку, жыццёвы ўзровень народа, дабрабыт і працвітанне кожнай беларускай сям’і: хлебаробы, механізатары, жывёлаводы, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, работнікі перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Валожыншчыны.

У фае выстаўку ўласнай прадукцыі дэманстравалі — хлебазавод і масласырзавод.

 Вось такі каравай  са збожжавай нівы Валожынскага краю па праву ўручылі гаспадару зямлі — старшыні райвыканкама Яўгену Круковічу.

З прафесійным святам працаўнікоў вёскі павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Круковіч. Ён адзначыў, што аграпрамысловы комплекс сёння – важнейшая рухаючая сіла сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. “Галіна ўпэўнена ідзе па шляху мадэрнізацыі, укараняюцца перадавыя тэхналогіі, новыя прынцыпы вытворчасці і перапрацоўкі, – падкрэсліў Яўген Міхайлавіч. – Усё гэта – вынік старанных адносін да зямлі, працавітасці і велізарнай самааддачы. Сёлетні год стаў чарговым выпрабаваннем на трываласць. Але кожны прыклаў усе сілы для таго, каб дастойна рашыць задачы, якія стаяць перад аграрыямі”.

У прыватнасці, рост прадукцыйсці працы ў сельгаспрадпрыемствах раёна склаў 130 працэнтаў. І гэта пры ўмове, што колькасць занятых у сельскай гаспадарцы работнікаў толькі за 2020-2021 гады скарацілася на 170 чалавек.

Па словах кіраўніка раёна, залог поспеху ў жывёлагадоўлі – трывалая кармавая база. “Мы аднымі з першых у вобласці пачалі работу з люцэрнай, шматкампанентнымі пашамі, зробілі ўпор на травяныя кармы, сур’ёзна дапрацаваўшы тэхналогію іх нарыхтоўкі, – звярнуў увагу Яўген Круковіч. – Так, нарыхтавана кармоў з траў на адну ўмоўную галаву жывёлы звыш за 30 цэнтнераў кармавых адзінак, што дазволіла павялічыць вытворчасць малака на 8,6 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склала 49 тысяч тон. Вытворчасць цукровых буракоў таксама заслужана лічыцца адным з паспяховых сегментаў аграпрамысловага комплексу – і ў гэтым кірунку ў нас ёсць годныя паказчыкі: на сёння вытворчасць салодкіх караняплодаў павялічана на 23,8 працэнта”.

Старшыня райвыканкама падзякаваў за работу ўсім працаўнікам палёў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў. Словы ўдзячнасці ў свой адрас пачулі і кіраўнікі гаспадарак, галоўныя спецыялісты, спецыялісты сярэдняга звяна, якія намаганнямі, граматным кіраўніцтвам, уменнем згуртаваць і мабілізаваць калектыў забяспечваюць няўхільнае развіццё аграпрамысловага комплексу Валожыншчыны.

Яўген Круковіч шчыра пажадаў аграрыям харошых ураджаяў, высокіх надояў, вялікіх прываг, каб патэнцыял узрастаў, а дабрабыт галіны, у якой яны працуюць, і асабісты дастатак умацоўваліся з кожным новым сезонам.

На святочным мерапрыемстве прайшло ўшанаванне лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчага комплексу раёна – заслужаныя ўзнагароды атрымалі каля 100 чалавек. Так, Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама адзначаны галоўны інжынер КСУП “Гародзькаўскае” Мікалай Лукашэвіч.

Па выніках раённых спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце сярод сельгасарганізацый на сяўбе і падрыхтоўцы глебы першае месца прысуджана ААТ “Агра-Дубінское” (дырэктар Генадзь Каспяровіч); у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі – СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” (дырэктар Юрый Бяляўскі); у павелічэнні вытворчасці кармоў і павышэнні іх якасці – КСУП “Гародзькаўскае” (дырэктар Станіслаў Берташ).

Падзякі старшыні райвыканкама аб’яўлены спецыялістам і працаўнікам гаспадарак “Валожынскае”, “Агра-Дубінское”, “Бабровічы”, “Пяршаі-2014”, “Сівіца”, “Суднікоўскі”, шэфам з Савецкага раёна сталіцы – прадпрыемству “Рамаўтадар”, работнікам прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці – ільнокамбіната, райаграпрамтэхнікі, масласырзавода, упраўлення райсельгасхарчу.

 

Словы віншавання прысутным у зале выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік, а таксама ўзнагародзіў лепшых камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў зерне-сушыльных комплексаў, галоўных спецыялістаў, механізатараў на веснавой сяўбе, унясенні арганічных і мінеральных угнаенняў, падрыхтоўцы глебы.

Пётр БІБІК віншуе вадзіцеля і камбайнера Сяргея ГОЛУБА.

Даяркі Іна ЗЯНЬКО і Ганна ЛІШТВАН, жывёлаводы Павел ЮШКЕВІЧ і Віктар ВЫСОЦКІ.

За нястомную працу падзякаваў аграрыям выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Андрэй Загорскі. Ён адзначыў перадавікоў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі: даярак, жывёлаводаў, спецыялістаў заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў, загадчыкаў малочнатаварных фермаў, аператараў па штучным асемяненні кароў, а таксама пераможцаў раённага спаборніцтва за павелічэнне вытворчасці кармоў і павышэнне іх якасці сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў і механізаванага атрада райаграпрамтэхнікі, механізатараў на касьбе траў, зграбанні і адвозцы зялёнай масы, трамбоўцы сянажнай і сіласнай масы, прэсаванні сена.

У той дзень старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Вікенцій Адамовіч ушанаваў лепшых работнікаў вёскі падзякамі грамадскага аб’яднання.

Падарункі сельскім працаўніцам-жанчынам уручыла старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Галіна Рай.

Галіна РАЙ адзначыла жанчын – памочніц камбайнераў ААТ «Агра-Дубінское» Марыю ГАЛОЎЧЫЦ і Ніну ТРОЦКУЮ.

Ну і безумоўна, на працягу амаль трох гадзін грэлі душу і падтрымлівалі ўзнёслы святочны настрой усіх прысутных у зале цудоўныя нумары канцэртнай праграмы, якую падрыхтавалі самадзейныя артысты раённага Цэнтра культуры.