Медыякультура і медыяспажыванне ў беларускім грамадстве

Важное Общество

Ва ўмовах глабальнай інфарматызацыі грамадства і ўзрастаючай хуткасці працякання ўсіх сацыяльных працэсаў асноўная роля ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый асобы і грамадства, захавання гістарычнай памяці пераходзіць да медыякультуры, сродкаў масавай інфармацыі. Сёння ў інфармацыйнай прасторы найбольш актыўна развіваюцца новыя медыя-мультымедыйныя шматканальныя персаналізаваныя інтэрнэт-рэсурсы. Інтэрнэт даўно стаў адной з асноўных крыніц атрымання навін і прасторай для зносін.

Так, па даных кампаній “We Are Social” і “Hootsuite”, адлюстраваных у справаздачы аб стане лічбавай сферы “Global Digital”, у студзені 2021 года ва ўсім свеце Інтэрнэтам карысталіся 4,66 мільярда чалавек. Такім чынам, узровень пранікнення Інтэрнэту ў свеце складае 59,5 працэнта: доступ да яго ёсць больш чым у паловы насельніцтва зямнога шара. У Беларусі ўзровень пранікнення значна вышэй – больш за 85 працэнтаў жыхароў нашай краіны з’яўляюцца карыстальнікамі Інтэрнэту.

Сацыяльныя медыя (сацыяльныя сеткі і мэсэнджары) з’яўляюцца адным з найбольш папулярных інтэрнэт-рэсурсаў. На працягу 2020 года ў сярэднім кожны дзень у сацыяльных медыя ствараліся больш за 1,3 мільёна новых акаўнтаў, што складае прыкладна 15,5 новых карыстальнікаў у секунду. Радавы карыстальнік сацыяльных медыя зараз праводзіць на гэтых платформах 2 гадзіны 25 хвілін кожны дзень, што адпавядае прыкладна аднаму дню на тыдзень за вылікам часу на сон. У нашай краіне, згодна з данымі справаздачы “Digital 2021” і ўнутранай статыстыцы інтэрнэт-платформ, значная доля трафіку беларусаў таксама прыходзіцца на мэсэнджары і сацыяльныя сеткі.

Інтэрнэт дазваляе атрымаць хуткі доступ да рознага роду інфармацыі, быць у курсе апошніх навін, аператыўна дзяліцца імі са сваім акружэннем. Разам з тым якасць інфармацыі ў Інтэрнэце не заўсёды адназначная. Так, нярэдка ў Сетцы можна сустрэць неправераныя, а часам – і мэтанакіравана перакручаныя звесткі, “фэйкі”. Інфармацыйная агрэсія на глабальным і нацыянальным узроўнях перастае быць рэдкасцю, становячыся цэнтральным звяном гібрыдных войнаў.

Таму відавочна, што сёння менавіта кантэнт нацыянальных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў, узровень медыякультуры насельніцтва становяцца аднымі з ключавых фактараў, якія абумоўліваюць характар працякання розных сацыяльных працэсаў у нашай краіне. У гэтай сувязі Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка на сустрэчы з палітычным актывам краіны 16 верасня 2020 года зрабіў акцэнт на тым, што “сродкі масавай інфармацыі павінны быць праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі, а журналісты – самай дзяржаўнай катэгорыяй спецыялістаў”.

Медыяспажыванне ў сучасным беларускім грамадстве

Сёння інфармацыя ўяўляе сабой адзін з важнейшых рэсурсаў. І, у той жа час, адной з рухаючых сіл развіцця чалавечага грамадства. СМІ, якія гэту інфармацыю распаўсюджваюць, ужо даўно нефармальна называюць “чацвёртай уладай” з-за неаспрэчнасці аказваемага імі вялікага ўплыву на настрой грамадства. У сувязі з гэтым вельмі важна разуменне месца новых тэхналогій у медыяспажыванні, асэнсаванне таго, якія СМІ выкарыстоўваюцца грамадзянамі, якая іх якасць і разнастайнасць.

Сучасная беларуская аўдыторыя мае доступ да розных медыя і платформ (тэлебачанне, радыё, газеты ў анлайн-асяроддзі, мабільныя дадаткі, сайты розных СМІ і інш.). Медыйнае поле нашай краіны насычанае і разнастайнае.

Так, на 1 лістапада 2021 года ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь зарэгістраваны 1608 друкаваных СМІ; 261 тэлерадыёвяшчальнае СМІ; 9 інфармацыйных агенцтваў; 37 сеткавых выданняў. Пры гэтым большасць з іх (1275) – недзяржаўныя (1180 друкаваных СМІ; 81 – тэлерадыёвяшчальнае; 7 інфармацыйных агенцтваў і 7 сеткавых выданняў).

Інфармацыйная прастора Беларусі адкрытая, нягледзячы на тое, што ёсць пэўныя рызыкі, бо ў нас распаўсюджваюцца каля 3 тысяч замежных СМІ, большасць – рускамоўных. Працягвае развівацца Байнэт (беларуская частка сеткі Інтэрнэт). Летам 2021 года ў рэестры нацыяльнай зоны знаходзіліся 149423 дамены .BY і .БЕЛ, а за першую палову бягучага года ў зонах .BY і .БЕЛ зарэгістраваны 1454 тысячы даменаў, ці каля 87 імён у суткі.

Уздзеянне Інтэрнэту на жыццё беларусаў каласальнае. Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта за 2020 год 85,1 працэнта насельніцтва ва ўзросце 6-72 гады мелі доступ да Інтэрнэту, 71,3 працэнта насельніцтва выходзяць у Сетку штодзённа. Акрамя прагляду фільмаў, пошуку інфармацыі і чытання навін, беларусы актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі і мэсэнджары. Гэта прыводзіць да таго, што яны становяцца паўнацэннымі камунікацыйнымі цэнтрамі.

Найбольш папулярнымі мэсэнджарамі ў беларусаў з’яўляюцца Viber – 87 працэнтаў, Telegram – 56, WhatsApp – 46, Skype – 22; сацыяльнымі сеткамі: ВКантакце – 3,8 мільёна карыстальнікаў, Instagram – 3,2 мільёна, Аднакласнікі – 2,8 мільёна, Facebook – 750 тысяч.

Працэс абмену інфармацыяй у беларускім грамадстве характарызуецца высокай аператыўнасцю і інтэнсіўнасцю. Як паказваюць вынікі вышэйзгаданага даследавання, жыхары рэгіёнаў краіны пачынаюць свой інфармацыйны дзень пераважна з прагляду тэлеперадач (35,1 працэнта) ці наведвання сацыяльных сетак (33,7 працэнта), на трэцім месцы з істотным адставаннем знаходзяцца інфармацыйныя і сайты навін.

 Спосабы супрацьдзеяння маніпуляцыйным тэхнікам у СМІ

Адным з прынцыпова значных кірункаў у барацьбе дзяржавы з рознага роду маніпуляцыямі ў СМІ з’яўляецца прадастаўленне насельніцтву аб’ектыўнай, непрадузятай інфармацыі аб сітуацыі ў краіне і свеце. З гэтай мэтай 19 сакавіка 2020 года Прэзідэнтам краіны быў падпісаны Указ № 106, які ўнёс змены ва Указ № 65 ад 6 лютага 2009 года “Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі”. У адпаведнасці з ім кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый нясуць персанальную адказнасць за стан работы па інфармацыйным забеспячэнні і суправаджэнні дзяржаўнай палітыкі ў медыйнай сферы.

Аднак усе намаганні, якія прадпрымаюцца дзяржавай па развенчванні няправільнай і дэкструктыўнай інфармацыі, будуць дарэмнымі, калі самі беларусы не будуць задумвацца аб тым, што і навошта яны чытаюць ці глядзяць, каму яны гатовыя верыць. Для таго, каб адрозніваць “фэйкавыя” навіны ў Інтэрнэце ад сапраўдных, спецыялісты даюць наступныя парады.

Вывучыце крыніцу навіны. Перш за ўсё неабходна знайсці першакрыніцу – таго, хто першым апублікаваў гэту інфармацыю. Варта паспрабаваць зразумець, што гэта за рэсурс ці чалавек, якія іх мэты? Калі сайт – то ці можна на ім знайсці даныя аб даце і месцы рэгістрацыі, супрацоўніках, нумары тэлефонаў рэдакцыі? Калі чалавек – ці існуе рэальна такі аўтар? Ці можна яму давяраць? Што аб ім пішуць у Інтэрнэце? Калі ў артыкула няма аўтара, то гэта часцей за ўсё робіцца дзеля таго, каб пазбегнуць адказнасці за напісанае.

Вывучыце навіну цалкам. Не верта меркаваць пра навіны толькі па загалоўках, бо з мэтай прыцягнення ўвагі аўдыторыі назвы “фэйкавых” артыкулаў робяцца наўмысна сенсацыйнымі і выклікаючымі. Але пры ўважлівым чытанні навіны аказваецца, што загаловак не адпавядае ўнутранаму зместу артыкула. Звяртайце ўвагу на падманлівыя загалоўкі, меркаванні, якія прадстаўлены як факты, перакручванне фактаў, цалкам выдуманыя абставіны і праігнараваныя дэталі.

Вывучыце спасылкі, указаныя ў навіне. Прайдзіцеся па спасылках, устаўленых у артыкул, і праверце, ці сапраўды яны адпавядаюць гэтай навіне. Высветліце – спасылкі вядуць да надзейных, аўтарытэтных крыніц ці да якіх-небудзь падазроных безыменных сайтаў ці экстрэмісцкіх Telegram-каналаў?

Праверце дату выпуску. Ці актуальная гэта інфармацыя? Праверце храналогію падзей, якія апісваюцца ў навіне. Часта старыя падзеі перарабляюцца і падносяцца як новыя, нават калі яны больш не актуальныя.

Ацэньвайце непрадузята. Памятайце, што людзі больш схільныя давяраць той інфармацыі, якая пацвярджае іх перакананні, і адмаўляць тыя звесткі, якія супярэчаць іх меркаванню.

Звяртайцеся да спецыялістаў. Шукайце пацвярджэнне экспертаў, якія сапраўды разбіраюцца ў дадзенай тэме. Праверце іх паўнамоцтвы, кваліфікацыю, грамадзянскую пазіцыю, а таксама папярэднія заявы.

Неабходна памятаць, што развітая здольнасць адрозніваць “фэйкавыя” навіны ад сапраўдных зводзіць да мінімуму верагоднасць маніпуляцыі меркаваннем чалавека, падштурхоўваючы яго да ажыццяўлення незаконных дзеянняў.