Общество

Раённы семінар-вучоба кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, эканамістаў, заатэхнікаў, ветурачоў гаспадарак, а таксама старшынь сельвыканкамаў прайшоў на мінулым тыдні на базе ААТ “Пугачы”

Асноўнае пытанне, якое вывучалі на месцы, а пасля абмяркоўвалі, – вынік работы жывёлагадоўлі раёна за 10 месяцаў бягучага года. Як напачатку зазначыў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама П. У. Жалняровіч, падобны семінар са спецыялістамі праводзіўся і ў кастрычніку. Тады наведалі 4 гаспадаркі: “Пяршаі-2003”, “Бабровічы”, “Падбярэззе”, “Агра-Вішнеўскі”. Падрабязна вывучалі існуючыя праблемы, слухалі парады і рэкамендацыі вучоных, тлумачэнні спецыялістаў сельгасупраўлення, разам шукалі шляхі, якія б дазволілі вывесці жывёлагадоўчую галіну на станоўчы вынік. Аднак, прайшоў месяц, а стан спраў, на жаль, так і не палепшыўся – недабор ідзе як па мясной, так і па малочнай прадукцыі.

З вынікамі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 10 месяцаў гэтага года пазнаёміў загадчык сектара жывёлагадоўлі Ю. Ю. Жалняркевіч. Ён адзначыў, што ў гаспадарках зараз налічваецца 34223 галавы буйной рагатай жывёлы, што на 414 галоў больш, чым летась. Колькасць кароў павялічылася на 218 галоў і склала 11664 галавы. Даведзенае заданне па павелічэнню дойнага статка не выконваецца на 830 галоў. За гэты перыяд атрымана 9407 цялят – на 232 галавы менш.

Валавая вытворчасць малака па раёне склала 39368 тон, ці 86,7 працэнта. Зніжэнне дапушчана амаль ва ўсіх гаспадарках, акрамя СГУ “Бабровічы” (+199 тон), ААТ “Багданаўскае” (+82 тоны) і СВК “Пяршаі-2003” (+ 4 тоны). Сярэдні надой малака ад каровы склаў 3407 кілаграмаў ці на 520 кілаграмаў менш у параўнанні з такім жа перыядам летась. Павялічылі надой толькі ў “Пяршаях-2003” (+161 кілаграм) і ў “Багданаўскім” (+98 кілаграмаў). Па-ранейшаму застаецца нізкай і рэалізацыя малака: яна склала 33349 тон ці 89,3 працэнта. Звыш за 100 працэнтаў гэты паказчык роўны ў СВК “Пяршаі-2003”,  “Бабровічы”, “Багданаўскае” і “Ракаў-Агра”. Таварнасць малака па раёне складае 84,7 працэнта, самая нізкая ў трох гаспадарках: у “Лоску” – 75 працэнтаў, “Валожынскім” – 75,3 і ў “Івянецкай крыніцы” – 79,8 працэнта.

Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы і птушкі на 1 лістапада склала 5622 тоны ці 92,9 працэнта. Не дасягнулі ўзроўню мінулага года амаль усе гаспадаркі, акрамя “Суднікаўскага” – 103,6 і “Сугвазды-Агра” – 103,4 працэнта. Валавыя прывагі БРЖ роўныя 3554 тоны ці 91,4 працэнта.

Па-ранейшаму з-за незахавання тэхналогіі кармлення маладняку застаюцца нізкія сярэднясутачныя прывагі: па раёне яны склалі 515 грамаў ці на 44 грамы менш мінулагодняга. Менш за 500 грамаў атрымалі ў такіх сельгаспрадпрыемствах, як “Бабровічы”, “Падбярэззе”, “Агра-Вішнеўскі”, “Івянецкая крыніца”, “Агра-Дубінское”, “Лоск”, “Сакаўшчына-Агра”. Таксама зменшыліся і паказчыкі па вырошчванню свіней: валавыя прывагі па раёне склалі 1841 тону ці 98,9 працэнта, сярэднясутачныя – 463 грамы (-11 грамаў) да 2010 года.

Нізкімі застаюцца сярэднясутачныя прывагі рамонтных цялушак: у СВК “Агра-Дубінское” ўсяго 417 грамаў, у “Агра-Вішнеўскім” – 398, “Сакаўшчына-Агра” – 430, “Ракаў-Агра” – 444, “Падбярэззе” – 443 грамы. Пры такіх прывагах цялушкі будуць асемяняцца ні як належыць – у 14-16 месяцаў, а ва ўзросце 3-4 гадоў. У такім выпадку пра якое малако можна гаварыць… Хаця Мінаблвыканкамам пастаўлена задача дасягнуць у кастрычніку-лістападзе сярэднясутачных прываг на адкорме БРЖ – 600 грамаў, свіней: у гаспадарках – 500 грамаў, а на свінакомплексах – 550 грамаў.

Станоўчыя зрухі ў жывёлагадоўлі адбыліся ў апошні час на ААТ “Пугачы”. У гэтым увачавідкі маглі ўпэўніцца ўсе, хто пабываў на фермах “Залессе” і “Пугачы”. У прыватнасці, яшчэ не так даўно малочнатаварная ферма “Залессе” ўяўляла сабой напаўразбураныя памяшканні, цэлымі ў якіх былі толькі сцены. Вырашылі правесці рэканструкцыю – каштарысная вартасць склала 600 мільёнаў рублёў. Цяпер два будынкі проста не пазнаць. Праведзены малакаправод, заменены транспарцёры, падыходзіць да завяршэння рамонт яшчэ аднаго памяшкання, плануецца ўстанавіць кармавы стол, заказаны спецыяльныя боксы для цялят. Дарога да фермы заасфальтавана. На ферме ўтрымліваецца 366 кароў дойнага статка і 130 цялушак, працуе 9 даярак, надой малака на адну карову за дзень складае 9,3 літра.

Калі кажуць, што кадры вырашаюць усё, то маюць на ўвазе, у першую чаргу, кіраўніка – яго нераўнадушша да даручанай справы, жаданне пастаянна рухацца наперад, знаходзіць выйсце, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці. Кіраўнік ААТ “Пугачы” Л. І. Руды яскрава пацвердзіў, што працуе менавіта ў такім накірунку.

Былі заслуханы тлумачэнні кіраўнікоў і спецыялістаў некаторых гаспадарак, у якіх дапушчаны самыя значныя зніжэнні вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Былі дадзены канкрэтныя рэкамендацыі па кожнаму канкрэтнаму выпадку. Галоўны ветурач раёна А. С. Краўчонак паведаміў, што ў бліжэйшыя дні выбарачна на адной з ферм работнікі раённай ветэрынарнай станцыі правядуць кантрольную дойку, якая дазволіць вызначыць прадукцыйнасць кожнай каровы, каб пасля збалансаваць рацыён кармлення, што дазволіць павысіць надоі. Бо, як бы складана не было, выконваць даведзеныя заданні ўсё адно давядзецца. У канчатковым жа выніку ад гэтага толькі выйграе сама гаспадарка.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

 



Добавить комментарий