“Пешаход” – акцыя прафілактычная

Безопасность и здоровье Молодежный курьер Общество

На бягучым тыдні, у першы дзень рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Пешаход” мы разам са старшым дзяржаўным інспектарам аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС Вадзімам Пасекам пабывалі ў Сакаўшчыне з мэтай даведацца, як у населеным пункце ідуць справы з выкананнем пешаходамі Правіл дарожна руху, у прыватнасці ці абазначаюць сябе грамадзяне святлоадбівальнымі элементамі.

Патрэбна адзначыць, Вадзім Іванавіч і яго калегі вядуць пастаянную асветніцкую і прафілактычную работу ў гэтым кірунку. Пры выяўленні парушэнняў выносяць грамадзянам папераджэнні. Ёсць выпадкі, калі асабліва злосныя парушальнікі караліся штрафамі. Напэўна таму ў дзень нашага рэйду мы не сустрэлі ніводнага чалавека, які б не меў флікера. Толькі адзіны веласіпедыст, што рухаўся ў бок Валожына, атрымаў заўвагу за тое, што на яго транспартным сродку не хапае ліхтароў, што выпраменьваюць белае святло (спераду) і чырвонае (ззаду).
Вырашылі мы пацікавіцца і тым, як наладжана работа па прафілактыцы ДТЗ з удзелам дзяцей. Таму яшчэ да пачатку заняткаў завіталі ў мясцовую школу. Сустрэла нас асабіста дырэктар Галіна Генадзьеўна Гаспарэвіч і дзяжурныя настаўнікі, якія рыхтаваліся сустракаць сваіх выхаванцаў. Першы рэйс падвозу ўжо адбыўся, таму ў некаторых класах знаходзіліся вучні. Яны з задавальненнем прадэманстравалі інспектару партфелі, абазначаныя ў большасці выпадкаў адразу некалькімі флікерамі. Намеснік па выхаваўчай рабоце Таццяна Масленнікава паведаміла, што ў школе вядзецца мэтанакіраваная работа ў рамках рэалізацыі сумеснага з ДАІ плана па папераджэнні дарожных здарэнняў. Згодна з ім у фае аформлены стэнд, дзе размешчана дастаткова наглядных матэрыялаў і інфармацыі па тэме. Па суботах арганізаваны заняткі па інтарэсах, падчас якіх юныя інспектары дарожнага руху пад кіраўніцтвам Ларысы Жукоўскай вывучаюць правілы, практыкуюцца ў рашэнні задач, у тым ліку і на камп’ютары. За апошнія гады выхаванцы Сакаўшчынскай школы не аднойчы станавіліся прызёрамі раённай алімпіяды па Правілах дарожнага руху. Патрэбна адзначыць і асабісты прыклад педагогаў у выхаванні адказных паводзін вучняў – верхняя вопратка кожнага з іх абазкова мае святлоадбівальны элемент. Бацькі таксама, як ніхто, зацікаўлены ў тым, каб іх нашчадкі заставаліся жывымі і здаровымі. Таму на флікеры грошай не шкадуюць. Некаторыя нават набываюць для дзяцей, якім даводзіцца рухацца пешшу па абочынах, спецыяльныя святлоадбівальныя камізэлькі (на фота у дзяўчынкі другой справа).
Вадзім Іванавіч асабіста сустрэў групу дзяцей – жыхароў навакольных вёсак, якія толькі-толькі пакінулі аўтобус. І на гэты раз абышлося без заўваг. Падчас гутаркі з вучнямі сярэдніх і старэйшых класаў прадстаўнік ДАІ задаў некалькі даволі складаных пытанняў, на якія школьнікі ўпэўнена далі правільныя адказы. Найбольш актыўным удзельнікам сустрэчы – Аляксандру Зянько, Арсенію Зянько, Мацвею Шарко, Максіму Садоўскаму – былі ўручаны сувеніры-святлоадбівальнікі.

Завіталі мы і ў мясцовы магазін “Белыя росы” (ІП А. Р. Гуліч), дзе пацікавіліся наяўнасцю на прылаўках святлоадбівальных элементаў. Прадавец Ніна Троцкая прадэманстравала нам указаную прадукцыю на любы ўзрост і патрэбы – для размяшчэння на адзенні, жаночых і дарожных сумках, школьных партфелях.

У бліжэйшы час падобныя рэйды з удзелам супрацоўнікаў рэдакцыі і аддзялення ДАІ РАУС плануе правесці ў іншых населеных пунктах раёна.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара