“Карону” перамагла, чаго і вам жадаю!

COVID-19 Люди и судьбы

Каранавірус  па-ранейшаму лютуе на планеце. Як паказвае практыка, часцей за ўсё першымі пад “абстрэл” трапляюць пажылыя, аслабленыя, з мноствам хранічных захворванняў людзі. Тыя ж, хто на працягу дзесяцігоддзяў ўмацоўваў свой арганізм, не абцяжарваў яго не карыснай ежай, увогуле вёў лад жыцця, які прынята называць здаровым, нягледзячы на лічбы ў пашпарце даволі лёгка спраўляюцца з вірусам. Сярод валожынцаў, што годна перамаглі захворванне, – Надзея Іванаўна АРЦЁМЕНКА, якая ў новым годзе павінна сустрэць свой 102-і дзень нараджэння.

Сёння паважаная жанчына, пра лёс якой мы не аднойчы расказвалі на старонках нашага выдання, жыве з праўнучкай Настассяй, яе мужам Андрэем, іх дзецьмі, сваімі прапраўнукамі. Канешне, родныя стараліся рабіць усё магчымае, каб каварная інфекцыя не пранікла ў дом, тым больш да Надзеі Іванаўны. І ўсё ж гэта здарылася. Дзесьці на працы падхапіў вірус Андрэй. Літаральна ўчора малады мужчына быў здаровым, а ўжо праз ноч адчуў усе “фірменныя” сімптомы – павышаную тэмпературу, млявасць, адсутнасць пахаў, кашаль… Праз некалькі дзён стала дрэнна Настассі. А пасля здарылася тое, чаго баялася ўся сям’я: захварэла бабуля Надзея.  

Жанчына прызнаецца: дапускала, што гэта можа здарыцца. Хоць даўно перастала баяцца смерці, але як чалавек прынцыповы (гэта рыса характару сфарміравалася яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны) вырашыла для сябе: будзе вельмі крыўдна дажыць да такіх гадоў і памерці не ад старасці, а ад нейкага віруса. Таму, як ужо прывыкла за цэлае стагоддзе, сабрала волю ў кулак і з дапамогай родных і медыкаў узялася “ваяваць” з захворваннем. Хось і адчувала сябе нядобра, моцна перажывала за Настассю. І не дзіва: на руках у маладой жанчыны хворыя муж і прабабуля, двое дзетак, а сама ледзь стаіць на нагах. І ўсё ж яны справіліся. Калі жонцы стала зусім дрэнна, галоўным сямейным санітарам, па сумяшчэнні яшчэ і поварам, сябе прызначыў Андрэй. Амаль кожны дзень да іх прыязджала кантактная група, а доктар, любімы сямейны урач Алена Лушчыцкая цэлымі суткамі была з імі на сувязі, прызначала лякарствы, часам мяняла іх, давала парады пра дыхальную гімнастыку, харчаванне, піццявы рэжым. Патрэбна сказаць, для медыкаў было справай гонару “выцягнуць” нашу самую пажылую валожынку з каранавіруснага палону.  Першымі ў строй вярнулася моладзь. Мужу і жонцы хапіла па два тыдні, каб развітацца з дрэнным самаадчуваннем. Надзея Іванаўна ж працягвала хварэць. Асабліва даймалі цяжкасць у грудзях, галаўны боль. Прайшло яшчэ некалькі дзён, і праявы захворвання сталі адступаць. У цэлым прахварэла тры тыдні. Як жа здоўжыўся ёй гэты час! Але якой бязмежна шчаслівай адчула сябе, калі зразумела: “Я перамагла! Больш маладыя часам не спраўляюцца, а ў мяне атрымалася!”

Я гутарыла з Надзеяй Іванаўнай па тэлефоне. Голас інтэлігентнага, вельмі адукаванага чалавека гучаў трошкі прыглушана (сілы вяртаюцца паступова), але, як заўсёды, прыгожа і эмацыянальна. Наша пажылая зямлячка раз-пораз прасіла перадаць нізкі паклон Алене Уладзіміраўне і іншым медыкам, дзякуючы прафесіяналізму і чалавекалюбству якіх яна па-ранейшаму сярод нас. Дарэчы, Надзея Іванаўна дапускае, што праз належны час зробіць прышчэпку (ну не жадае яна паддавацца “кароне”). А людзям маладзейшым ад усёй душы раіць прыняць вакцыну і такім чынам падстрахавацца.

Карыстаючыся магчымасцю жанчына папрасіла мяне праз газету перадаць цёплыя словы камандзе, што не забыла пра яе ў Дзень пажылых людзей. На жаль, асабіста сустрэць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алега Семянчука, начальніка ўпраўлення па  працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлану Ракавец і дырэктара ТЦСАН Галіну Рай не змагла – быў разгар захворвання, але яе ўдзячнасць і за ўвагу, і за падарункі застаецца бязмежнай.

Дарагая, цудоўная Надзея Іванаўна! Знаёмства і сяброўства з Вамі, Ваш  няпросты, але годны і прыгожы жыццёвы шлях дапамаглі мне асабіста многія моманты жыцця пераасэнсаваць і працягваць рухацца наперад з яшчэ большым аптымізмам. Зараз я ўпэўнена ў тым, што, паколькі Надзеі Іванаўне Арцёменка ў такія гады яшчэ характэрны маладая прага да жыцця, любоў і павага да людзей, жаданне  спасцігаць штосьці новае і, сцяўшы зубы, змагацца з цяжкасцямі, то я і мае равеснікі проста абавязаны адчуваць сябе амаль юнымі, бо побач чалавек, які перасягнуў 100-годдзе, але так і не развітаўся з маладосцю.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара