Азеляняем наш Валожын

Общество

Некалькі месяцаў сквер на плошчы Свабоды ў райцэнтры здаваўся мясцоваму насельніцтву значна больш прасторным і нязвыкла апусцелым. Яшчэ летам тут былі выдалены састарэлыя дрэвы, якія па прычыне захворванняў страцілі эстэтычны выгляд. Дарэчы, многія гараджане паспелі прывыкнуць да таго, што цэнтральнае месца ў горадзе добра праглядаецца з розных бакоў, і нават палічылі гэты факт станоўчым.

Між іншым, на мінулым тыдні ў скверы распачаліся работы па высаджванні  новых аб’ектаў расліннасці. Права на пастаўку саджанцаў і правядзенне работ выйграла сялянская гаспадарка “РБК-Агра” з пасёлка Калодзішчы, што ў Мінскім раёне.

Патрэбна адзначыць, пасадачны матэрыял, прадастаўлены пастаўшчыком, адпавядае належным характарыстыкам, а дызайн-праект, распрацаваны той жа арганізацыяй,  узгоднены з раённай архітэктурнай службай. Таксама пастаўшчык узяў на сябе клопат аб далейшым (на працягу 24 месяцаў) абслугоўванні раслін (падкормцы, замене дрэўцаў ці кустоў, што не прыжывуцца, і г. д.).

 

На момант, калі рыхтаваўся гэты нумар газеты, у скверы ўжо “пасяліліся” многія з яго новых зялёных насельнікаў. Як паведаміла кіраўнік спраў Валожынскага райвыканкама Наталія Жукоўская, работы па добраўпарадкаванні цэнтральнай часткі горада павінны завяршыцца ў бліжэйшы час. У гэты ж перыяд аб’екты азелянення з’явяцца і ў іншых месцах, напрыклад, у скверы ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, у новым мікрараёне, што за магазінам “Еўраопт”.

У цэлым жа Валожын абагаціцца больш чым на паўтары тысячы адзінак прадстаўнікоў флоры, сярод якіх каля 30 розных найменняў. Жыхароў і гасцей горада будуць радаваць некалькі гатункаў туі, клёна, бярозы, дуба, сасны, бука, а таксама бансай, івы, ясені, ліпы і інш. Нам жа, жыхарам горада, застаецца толькі беражліва ставіцца да ўсёй гэтай прыгажосці, памнажаць яе і ні ў якім разе не дазваляць актаў вандалізму.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара