Марак, участковы, вечны аптыміст

Люди и судьбы Общество

Многія з нас сярод любімых жанраў літаратуры ці кіно абавязкова назавуць дэтэктыў. Хітраспляценні сюжэта, псіхалогія злачынца, дэдуктыўнае мысленне следчага, аперацыі з рызыкай для жыцця… Усё гэта літаральна заварожвае, трымае ў напружанні. Старэйшае пакаленне нашых чытачоў безумоўна помніць вядомы фільм рэжысёра Івана Лукінскага “Вясковы дэтэктыў” з Міхаілам Жаравым у ролі ўчастковага Аніскіна. Ад карціны і зараз не адарвацца. А для савецкіх грамадзян  харэзматычны вобраз галоўнага героя, прыдуманы Вілем Ліпатавым, адразу стаў культавым. Людзі ведалі: Аніскін абавязкова выведзе на чыстую ваду. Зробіць гэта лёгка і без асаблівых намаганняў,  бо праўда на яго баку, бо ён – сапраўдны міліцыянер. Толькі вось у жыцці ўсё адбываецца больш празаічна. За кожнай раскрытай справай – карпатлівая праца, бяссонныя ночы і рызыка (як без яе?). А зло, яно не дрэмле, наадварот, старанна маскіруецца пад дабро і, бывае, праяўляе адкрытую агрэсію…

Душой і сэрцам праваахоўнік

Па сцвярджэнні старшыні ветэранскай міліцэйскай арганізацыі Віктара Якутовіча і намесніка начальніка РАУС Аляксандра Акушкі, на тэрыторыі раёна не знойдзеш чалавека, які б больш дакладна расказаў пра работу ўчастковага, чым жыхар вёскі Гародзькі Сяргей Іосіфавіч ГАРАСЮК, які  аддаў гэтай службе значную частку жыцця. І не дзіўна, стаж паважанага міліцыянера-ветэрана складае 30 гадоў. Ды і зараз ён, хоць стаіць на парозе 88-годдзя, па-ранейшаму душой і сэрцам застаецца праваахоўнікам. З цікавасцю сочыць за паведамленнямі адносна дзейнасці райаддзела ў нашай газеце, радуецца, калі напярэдадні Дня беларускай міліцыі і Дня ўчастковага да яго завітаюць прадстаўнікі маладога пакалення супрацоўнікаў РАУС з віншаваннямі і падарункамі.  Ужо столькі гадоў не апранае міліцэйскую форму, а служба, былыя таварышы, многіх з якіх даўно няма ў жывых, прыходзяць да яго ў снах. Адным словам – прафесіянал, а прафесіяналізм, як вядома, застаецца з чалавекам назаўсёды.

Пачатак

Ён нарадзіўся ў 1935 годзе. Бацькі – сяляне з вёскі Ганчары – былі шматдзетнымі. У першыя ж дні вайны тату застрэлілі немцы за тое, што парушыў каменданцкі час. Маці адна падымала дзяцей. Двух дзяўчынак страціла – памерлі ад пнеўманіі. Яе хлопчыкі раслі працавітымі, ды і вучыліся добра. Ведалі, матулі не павінна быць за іх сорамна. Адным з першых заробкаў у жыцці Сяргея стаў гармонік. Менавіта яго ў дадатак да пуда мукі выдаў гаспадар, у якога адпасваў кароў. Музычны інструмент патрабаваў рамонту, але старэйшыя браты хутка давялі яго да толку, а малодшы (наш герой) хутка навучыўся на ім іграць. Ды так, што на вечарынках і вяселлях доўгі час лічыўся  першым музыкантам.

Па марах, па хвалях…

 Толькі-толькі паспеў перайсці ў 10-ы клас, як атрымаў павестку з ваенкамата. На самай справе гэта было парушэнне – забіраць у армію без сярэдняй адукацыі забаранялася, але сам сціплы юнак на сваіх правах не настаяў, а адказныя асобы ў яго сітуацыю не ўніклі. Заканчэнне школы было адкладзена. Ды не на два, а на цэлых пяць гадоў. Служыць давялося на Паўночным флоце. Малады беларус і падумаць не мог, што стане мараком, у складзе цэлай каманды будзе пераганяць новыя караблі з Балтыкі на Далёкі Усход. Менавіта армія дала яму атэстат аб сярэдняй адукацыі. Навігацыі чакалі па паўгода. Вось і скарыстаў магчымасць, а камандзіры падтрымалі. Маўляў, як ты, такі дарослы, будзеш школу заканчваць пасля звальнення? Такім чынам да грамадзянскага  жыцця вярнуўся з пасведчаннем аб заканчэнні школы рабочай моладзі і са спецыяльнасцю электрыка.  

На службе

 Праца для тых, хто жадае яе выконваць, заўсёды знойдзецца. Спачатку ўладкаваўся на чыгунку ў Гародзькі. Там яго заўважыла першы сакратар райкама камсамола Ніна Наквас і прапанавала пасаду інструктара. На пераход у міліцыю натхніў старэйшы брат. Сяргей у гэты час збіраўся жаніцца. Са сваёй абранніцай Хрысцінай, маладым спецыялістам-чыгуначнікам, пазнаёміўся ў Гародзьках. Старэйшы сваяк быў упэўнены, што служба ў РАУС дапаможа маладой сям’і стаць на ногі, паскорыць вырашэнне жыллёвага пытання. Канешне, бравага марака не маглі не ўзяць у праваахоўныя органы. Былы начальнік РАУС Фёдар Карлавіч Кулакоў быў моцна зацікаўлены ў прыходзе ў рады міліцыі менавіта такіх кадраў – сур’ёзных, адказных, якія добра разумелі мэты і задачы праваахоўных органаў. Камісію, субяседаванні вытрымаў на выдатна, прайшоў навучанне і нарэшце прыступіў  да работы ўчастковым па Забрэзскім сельсавеце. З першых жа дзён заручыўся падтрымкай старшыні сельвыканкама Леаніда Рубана. Цяжка пералічыць, чым даводзілася займацца. Тут і сямейныя сваркі, і барацьба з самагоншчыкамі, і хуліганства, і сур’ёзныя злачынствы ад крадзяжоў да забойстваў. Яго цанілі і паважалі. І ён заўсёды гатовы добрым словам успомніць начальнікаў Віктара Сянько, Рыгора Шумскага, Аляксандра Балоціна і супрацоўнікаў, з якімі сябраваў і разам нёс службу, – Івана Трацэўскага, Яўгенія Дудзько, Міхаіла Рэута і іншых.

Эпізоды, быццам з кіно

 Ці меліся цікавыя выпадкі, такія, каб быццам з экрана? Як жа без іх! Напрыклад, быў час, калі па ўсім наваколлі  раз-пораз узнікалі пажары. Сяргей Іосіфавіч пры падтрымцы свядомых грамадзян, якіх прывык лічыць сваімі няштатнымі памочнікамі, прааналізавалі сітуацыю, узялі на падазрэнне некалькі ненадзейных асоб і сталі сачыць за імі. Менавіта аднаго з іх хутка злавілі за “любімай” забавай. З той пары пра пажары людзі забыліся.

Сяргей Іосіфавіч сцвярджае, у яго справе жыцця  патрэбны не толькі навык, але і інтуіцыя, удача, нават шчаслівы выпадак. Калі адбылося страшнае забойства жанчыны, на месцы здарэння знойшоўся  лісток з адрыўнога календара. Менавіта дзякуючы яму быў знойдзены забойца. Раскрыццё гэтага злачынства дапамагло раскрыць падобнае ж злачынства, здзейсненае тым жа гвалтаўніком і забойцам 10 гадоў таму…

 Калі ў РАУС сталі паступаць трывожныя весткі пра тое, што невядомы пранікае  ў дамы і выносіць усё, што дрэнна ляжыць, у першую чаргу ружжы, міліцыянерам давялося адзіным фронтам выступіць, каб абясшкодзіць злачынца, у чыіх руках ужо знаходзіліся некалькі адзінак агнястрэльнай зброі. Выйсці на яго след зноў жа дапамаглі людзі. У выніку пад падазрэнне трапіў малады чалавек, які доўгі час пасля апошняга крадзяжу дзесьці хаваўся. Па падказцы суседзяў участковы ведаў прыкладны дзень і час, калі падазроны будзе дома. Для яго затрымання прыбыла падмога, у тым ліку кінолаг з сабакам. Як і чакалі, злодзей не пажадаў добраахвотна здацца. Наадварот, пачаў адстрэльвацца. 17 куль выпусціў у бок міліцыянераў (на шчасце, стралок з яго быў дрэнны), а 18-ю – у сябе. Сяргей Іосіфавіч упэўнены: менавіта такія выпадкі раз-пораз адбіралі здароўе ў яго другой палавіны. Тое, што сёння ў прыгожай, маладжавай з выгляду жанчыны моцна хворыя ногі – безумоўны вынік тых начэй, калі ён сядзеў у засадах ці выязджаў на затрыманні.

Вопыт – рэч каштоўная

 У дзейнасці ўчастковага мужчына літаральна знайшоў сябе. Скончыў сярэднюю школу міліцыі. Даволі хутка заваяваў аўтарытэт у кіраўніцтва і калег. Відавочна таму менавіта яму ў 1968 годзе было даручана выступаць на мітынгу з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар загінуўшых змагароў са злачыннасцю, якая і зараз ушаноўваецца сучасным пакаленнем  калектыву РАУС.

Цікава, што першым транспартным сродкам, які атрымаў Забрэзскі ўчастковы, быў конь. А вось, калі ўжо ў якасці старшага ўчасткова інспектара адказваў за Багданаўскую акругу, займеў магчымасць перамяшчацца на матацыкле. “Урал” па тым часе  лічыўся вельмі годным транспартным сродам. І ўсё ж, па сцвярджэнні Сяргея Іосіфавіча, тое, што сапраўды прыводзіць да добрых вынікаў у службе ўчастковага, – не тэхнічны арсенал, не абмундзіраванне, нават не зарплата. Галоўнае – уменне працаваць з людзьмі. Усё вельмі проста: здолееш схіліць на свой бок мясцовых жыхароў, заручыцца іх падтрымкай – зможаш раскрываць злачынствы. Калі ж маеш праблемы ў зносінах – пішы рапарт, нічога з цябе не будзе. Так разважае пажылы мужчына з маладым позіркам, за плячамі якога бясцэнны вопыт. Яго дзейнасць і зараз помніць старэйшае пакаленне жыхароў вёсак, дзе наводзіў парадак, дапамагаў грамадзянам у вырашэнні праблем, ад якіх часам залежалі жыцці.

Быў участковым,ім і застаўся

 І сам Сяргей Іосіфавіч, і яго верная Хрысціна Паўлаўна, з якой жывуць амаль 60 гадоў, даўно на пенсіі (пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ пяць гадоў працаваў юрыстам у мясцовай гаспадарцы). Выраслі і пасталелі дочкі, ёсць унукі і праўнукі. Родныя, іх поспехі і праблемы, іх дабрабыт і здароўе займаюць сэрца любячага дзядулі, але і да таго, як сёння ідуць справы ў райаддзеле, ён неабыякавы. “Я – міліцыянер, і гэта з гадамі не праходзіць, – прызнаецца нібыта жартам, але яго ўспаміны са мноствам дэталяў, прозвішчамі гавораць пра тое, што як быў Гарасюк участковым, так і застаецца ім да гэтай пары.

 

Мае дарагія калегі – супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў – і ўсе паважаныя чытачы раённай газеты!

Шчыра жадаю вам быць ацэненымі, запатрабаванымі, шчаслівымі як у асабістым жыцці, так і на службе. Радуйцеся кожнаму дню, бо жыццё, на жаль, вельмі хутка пралятае. Вось я быў мараком, міліцыянерам, дэпутатам… Сёння ўсё гэта толькі ў маіх успамінах. І як жа цудоўна, што яны ёсць.

Будзьце здаровымі і з добрым настроем сустракайце кожны новы дзень.

Ваш вечны аптыміст Сяргей Гарасюк

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара