Паток зваротаў намнога знізіўся: калі пытанні паступаюць, то яны насамрэч па сутнасці

Важное Общество Официально

На мінулым тыдні ў грамадскай прыёмнай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, якая размешчана ў гімназіі № 1 г. Валожына, “прамую лінію” правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльнай абароне Алег СЕМЯНЧУК.

Хвалюючых пытанняў у жыхароў раёна да свайго прадстаўніка ў заканадаўчым органе краіны не ўзнікла. Аднак, як адзначыў Алег Аляксеевіч, заўсёды адзін тыдзень у месяц дэпутат праводзіць у акругах. “Сёння паток зваротаў намнога знізіўся ў параўнанні з мінулым годам, – расказаў народны абраннік. – Калі паступаюць пытанні, то яны сапраўды патрабуюць умяшання і рашэння з боку адпаведных службаў раёна. Так, да нас звярнуўся жыхар Івянецкага сельсавета па электрыфікацыі дома, што пабудаваны. На справе да ўчастка ўжо павінны быць падведзены ўсе камунікацыі, у прыватнасці, электрычныя сеткі, але іх яшчэ няма. Чалавеку трэба 150 метраў ці самому праводзіць, ці райвыканкаму. Будзем збірацца і абмяркоўваць з арганізацыямі, якія займаюцца электрыфікацыяй, як вырашыць пытанне ў адпаведнасці з заканадаўствам, бо можа і сам гаспадар, калі ў яго дастаткова грошай, наймаць падрадчыка і падводзіць святло, калі не – то сваю функцыю павінна выканаць і дзяржава. Было пытанне і па зносе будынка, які пабудаваны шмат гадоў таму з парушэннем архітэктурных норм. Па ім ішлі судовыя разборы, таму нашага ўмяшання не трэба. Але людзі турбуюцца за сваю ўласнасць, што з ёй будзе далей”.

Падчас размовы А. А. Семянчук спыніўся і на рабоце ў камісіі па працы і сацыяльных пытаннях у парламенце. “У нас ужо разгледжаны і прыняты закон аб увядзенні ў Рэспубліцы Беларусь дабравольнага страхавання накапляльнай пенсіі. Механізм новы, па ім было шмат спрэчак. Ды і зараз даводзіцца чытаць у інтэрнэце, як аналітыкі, калі ўжо з’яўляецца закон, пачынаюць абмяркоўваць і гаварыць, што трэба было рабіць вось так і так. Хочацца запытацца: дзе яны былі раней? Дагэтуль мы іх не чулі, а сёння з разумным выглядам разважаюць. Так, перад тым, як вынесці праект на абмеркаванне, узнікала шмат пытанняў. Як быццам бы дабравольнае страхаванне існавала заўсёды, але толькі 5 працэнтаў працаздольнага насельніцтва ўдзельнічала ў ім, і то ў большай ступені гэта была ініцыятыва з боку наймальнікаў. Людзі не спяшаліся, бо страцілі давер да страхавых кампаній. Мы памятаем, як абясцэніліся грашовыя ўклады, страхавыя абавязацельствы раптам ануляваліся, уласнікі шмат страцілі, таму і не верылі. Цяпер, калі ўвялі новы від страхавання пенсій, – гэта сапраўды той механізм, які можна выкарыстоўваць.

Зразумела, пра пенсію мы задумваемся толькі тады, калі падыходзяць гады, а варта паклапаціцца раней. Па-першае, трэба адмовіцца ад заработнай платы ў канверце, бо размер пенсіі залежыць ад працоўнага стажу і заработнай платы. Калі не ў канверце, значыць, будзе страхавы стаж. Па-другое, калі будуць весціся адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў поўным аб’ёме, значыць, каэфіцыент пенсіі будзе большы. Яшчэ адна магчымасць – механізм адкладзенай пенсіі: дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, некалькі гадоў не атрымліваючы пенсію, можна значна павялічыць яе памер. Вось гэты страхавы механізм накапляльнай пенсіі на сёння, напэўна, самы выйгрышны: чалавек можа плаціць да 10 працэнтаў ад сваёй заработнай платы па страхоўцы, а арганізацыя будзе даплачваць у памеры 3 працэнтаў – гэта значыць, 13 працэнтаў зарплаты можна сюды накіроўваць. Наймальнікі былі адразу насцярожаны, маўляў, арганізацыі яшчэ і тры працэнты давядзецца адлічваць работніку. Аднак у законе прапісана, тры працэнты будуць ісці ад адлічэнняў, якія выплачваюцца ў фонд сацыяльнай абароны. На маю думку, самы выгадны варыянт – тры плюс тры: тры працэнты работнік і тры працэнты наймальнік. Вось і падлічыце, калі вы зараз плаціце пра страхоўцы, напрыклад, 30 рублёў у месяц, плюс столькі ж наймальнік. Гэта значыць, уклаўшы 30 рублёў, атрымліваеце 60. Акрамя таго, на гэту суму будуць налічвацца працэнты не ніжэй за стаўку рэфінансавання. А калі будзе прыбытак у страхавой кампаніі, то яшчэ больш. Безумоўна, за 30-50 гадоў усё можа здарыцца, але за 5-10 гадоў інфляцыя іх дакладна “не з’есць”. Таксама ёсць і падатковыя льготы”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ