Экалагічны суботнік

Общество

На базе ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” ў рамках экалагічнай праграмы для пажылых людзей “Эка-ўзрост. Эка-жыццё” ў лістападзе прайшло чарговае мерапрыемства.

На гэты раз няўрымслівыя ўдзельнікі праграмы наведаліся ў Налібоцкую пушчу не для адпачынку. Яны правялі там экалагічны суботнік: падрыхтавалі інклюзіўную сцяжыну “Белакорац” да зімовага сезона. Валанцёры сярэбранага ўзросту прывялі ў парадак дарожкі, даступныя альтанкі, артаб’екты, сабралі смецце, хвою і лісты.

У знак удзячнасці работнікі заказніка прадаставілі пажылым людзям унікальную магчымасць убачыць папуляцыю дзікіх коней – тарпанаў. За тры гады навасёлы-перасяленцы з Галандыі добра прыжыліся ў нашых мясцінах, у дзікай прыродзе. Спецыяліст заказніка цікава расказаў пра гэты від коней, а ўдзельнікі праграмы паназіралі за імі ў рэальным жыцці.

Пасля працоўнага дэсанта на свежым паветры правялі заняткі па скандынаўскай хадзе і дыхальнай гімнастыцы. У мерапрыемстве, акрамя валанцёраў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прынялі ўдзел члены раённай ветэранскай арганізацыі. Дадому вярталіся з пачуццём выкананага абавязку і з добрым настроем, які заўсёды бывае ад сустрэчы з прыродай.

Наталля ШТЭЙНЕР