Калядны пост: час навесці парадак у сваёй душы

Духовность

Апошні шматдзённы пост пачаўся 28 лістапада і будзе доўжыцца сорак дзён – па 6 студзеня. Паколькі запускі на пост прыходзяцца ў дзень памяці апостала Піліпа, то пост яшчэ называюць Піліпавым.

Калядны пост устаноўлены для таго, каб мы да дня Нараджэння Хрыстова ачысцілі сябе і сваю душу. Увесь 40-дзённы перыяд напоўнены чаканнем свята, і ўжо з 4 снежня – Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы – на набажэнствах пачынаюць гучаць калядныя песнапенні.

У мітусні падрыхтоўкі спачатку да Новага года, пасля да саміх Каляд звычайна час пралятае незаўважна. Тым не менш, паміж іншых важных спраў неабходна знайсці магчымасць маліцца, наведваць набажэнствы, паспавядацца і прычасціцца.

Пост патрэбен хрысціяніну якраз для таго, каб пастарацца хоць крышачку адысці ад штодзённых клопатаў і больш увагі звярнуць свайму ўнутранаму жыццю. Каб не толькі прыбраць у кватэры ці доме да надыходзячых свят, але навесці парадак і ў душы. Каб не толькі купіць навагоднія падарункі блізкім, але і прынесці Госпаду сваё пакаянне. І тады гэтыя 40 дзён пройдуць недарэмна, а яшчэ адзін дадатковы дзень посту будзе ўспрыняты не як выпрабаванне, а як карысць. І калі надыдуць доўгачаканыя Каляды, мы сустрэнем іх сапраўднай, поўнай радасцю.

Гэта не строгі пост – у многія дні дазволена ўжываць у ежу рыбу. Але варта зразумець і прыняць, што цялесны пост без посту духоўнага не прыносіць нічога для выратавання душы, нават наадварот: можа быць і духоўна шкодным, калі чалавек, утрымліваючыся ад ежы, прасякаецца ўсведамленнем уласнай перавагі ад таго, што ён пасціць. Сапраўдны пост звязаны з малітвай, пакаяннем, з устрыманнем ад парокаў, выкараненнем злых спраў, дараваннем крыўдаў, пазбяганнем ад забаў. Пост – не мэта, а сродак: сродак утаймаваць сваю плоць і ачысціцца ад грахоў. Без малітвы і пакаяння пост становіцца ўсяго толькі дыетай. Святыя айцы заўважаюць: “Адам саграшыў не тым, што з’еў штосьці недазволенае, а тым, што Бога не паслухаў”. Абмежаванне ў ежы – фундамент, на якім будуецца ўвесь будынак посту. Але калі мы пабудуем толькі фундамент і больш нічога, то толку ніякага не будзе. Як мудра і трапна казаў пра пост Прападобны Максім Спаведнік: “Усё еш, толькі людзей не еш”.

Некаторыя лічаць, што ў сучасным свеце, асабліва ў сённяшні час, пост – не тэма для размовы. Нагадаем словы опцінскіх старцаў: “Не хочуць пасціць дабравольна – будуць пасціць недабравольна…”