Аб ворагах Беларусі, забойствах бежанцаў і гатоўнасці даць адпор. Лукашэнка выказаўся на тэму ваеннай бяспекі

Важное Главное Официально

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Міністэрства абароны, дзе ў цэнтры стратэгічнага кіравання правёў нараду па пытаннях ваеннай бяспекі, паведамляе БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз падкрэсліў, што Беларусь нікому не пагражае і не бразгае зброяй, але павінна быць гатова адказаць на магчымыя недружалюбныя выпады.

«Тое, што сёння ідзе гібрыдная вайна, мы не раз гаварылі. Я яшчэ ў канцы мінулага года папярэджваў вас, што супраць нас разгорнута гібрыдная вайна практычна па ўсіх напрамках. Дайшлі да гарачага процістаяння, — заявіў Прэзідэнт. — Мы не ведаем, што яны нам падкінуць. Хіба мы маглі думаць, што ў нас узнікне нейкі міграцыйны крызіс. Аднак узнік. І ён падаграваецца пастаянна».

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі ёсць усе магчымасці рэагаваць на любыя рухі са зброяй на граніцах. «У Генштабе кожны раз павінны памятаць, па якіх напрамках гэтыя нягоднікі будуць дзейнічаць супраць нас і як мы на гэта будзем рэагаваць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вы прасілі падтрымаць вас у стварэнні сіл хуткага рэагавання, якія будуць задзейнічаны мінімум на працягу дзвюх-трох гадзін. У нас ёсць пэўная колькасць падраздзяленняў (іх нямала), вельмі абучаныя, аснашчаныя, якія на працягу трох гадзін могуць быць накіраваны ў любую кропку Беларусі. Усё, на што мы былі здольныя ў фінансавых адносінах, — і нават не здольныя — мы для арміі стараліся зрабіць».

Таму, паводле слоў Прэзідэнта, мэта нарады ў Міністэрстве абароны — абмеркаванне планаў рэагавання Узброеных Сіл на магчымыя недружалюбныя і агрэсіўныя крокі ў напрамку Беларусі. «Менавіта Узброеных Сіл. Не толькі арміі, але і МУС, пагранічных войскаў, Камітэта дзяржбяспекі», — адзначыў ён.

«Гэта значыць, мы бачым, што адбываецца. Мы не разгортваем свае воінскія падраздзяленні. Такіх загадаў я не аддаваў. Але планы на любое іх дзеянне, планы нашага процідзеяння, павінны быць. У нас ёсць усе магчымасці для таго, каб трымаць нос па ветры, як у народзе кажуць, і рэагаваць на кожны іх рух са зброяй. І нават не са зброяй, а на іх задумы — гэтых узброеных сіл. Вось мэта нашага сённяшняга мерапрыемства», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аб задуме ворагаў

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сітуацыю вакол Беларусі трэба разглядаць ва ўзаемасувязі з іншымі падзеямі ваенна-палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне. «Я хачу, каб прысутныя тут засвоілі адну рэч: аўтаномна, незалежна ад таго, што разгортваецца ў чарнаморскім басейне, ад пытанняў, звязаных з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі, разглядаць сітуацыю вакол Беларусі нельга. Мы звяно ў гэтым агульным ланцугу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што задума праціўнікаў, а дакладней, калі гаварыць адкрыта, ворагаў Беларусі да канца яшчэ не вядома. Але ўявіць яе ўжо можна: «Аблёты вакол Калінінградскай вобласці самалётаў-разведчыкаў учасціліся. На сумежных для Беларусі дзяржавах праводзяцца ваенныя мерапрыемствы — мы ўжо гэта бачым. Калі, як заяўляе міністр абароны Расіі, дзясяткамі самалётаў яны робяць аблёт расійскіх граніц і трэніруюць бамбакіданне (было заяўлена аб тым, што адпрацоўваюць ядзерны ўдар па Расіі), калі на сумежных тэрыторыях будуюцца ракадныя дарогі (аб чым ваенныя добра ведаюць) і масава праводзяцца вучэнні з перакідкай дадатковых войскаў да нашай граніцы (а іх ужо дзясяткі тысяч), значыць, гэта не дарэмна, за гэтым нешта стаіць».

Аб фэйках адносна Расіі і Беларусі

«Чарговы раз нашы «партнёры», як іх у Расіі называюць, нашы сапернікі, як я сказаў, ворагі спрабуюць «адстроіць» Расію. Таму і прыдумалі тэзіс, што Расія збіраецца нападаць на Украіну. Калі збіраецца — пакладзіце факты на стол і пацвердзіце гэты тэзіс», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак прыводзіць пераканаўчыя довады ў падтрымку сваіх заяў, упэўнены Прэзідэнт, Захад не будзе. Гэта, паводле яго слоў, бачна ў адносінах да Беларусі, якую абвінавацілі ў стварэнні міграцыйнага крызісу. «Мы бачым па Беларусі: «Беларусь прывезла з Самалі мігрантаў і перакідвае цераз граніцу», як яны заяўляюць. Я ўжо нядаўна гаварыў: тых самалійцаў усяго «паўтара чалавека» было выяўлена на тэрыторыі Беларусі. Але гэта не чуюць, ды ім і не трэба чуць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Таму пачынаюцца актыўныя рухі вакол Расійскай Федэрацыі пад прыкрыццём таго, што яна «збіраецца напасці на Украіну». У мяне такіх звестак аб плануемым нападзенні Расіі на Украіну няма. Але калі б такія задумы былі, то беларускія ваенныя, у тым ліку я, аб гэтым ведалі б. Нас праінфармавалі б. Але я яшчэ раз гавару: факты на стол. Яны цудоўна разумеюць: калі яны зноў развяжуць вайнушку ў Данбасе або недзе на граніцы з Расіяй, Беларусь убаку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь. Яны гэта разумеюць, таму пачалі ўзмацняць сваю паўночную, беларуска-ўкраінскую граніцу. Хоць для гэтага ніякіх фактаў, прычын сёння няма. Там абсалютная цішыня і нават спакайней, чым было раней, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Тым не менш яны выводзяць туды воінскі кантынгент і заяўляюць аб гэтым адкрыта. Гэта каля 8 тысяч на гэтым этапе. Што робіцца на заходняй граніцы з Польшчай і Прыбалтыкай, вы добра ведаеце».

Аб выкарыстанні і забойствах бежанцаў

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Захад выкарыстоўвае мігрантаў як спосаб стрымлівання беларускай арміі ў выпадку канфлікту з Расіяй. «Яны, напэўна, перажываюць, што ў нас стаў меншы паток мігрантаў, таму што выкарыстоўвалі гэтых людзей (мы гэта ўжо бачым) для таго, каб вырашыць свае ўнутраныя праблемы і трымаць нас у напружанні. Яны выдатна разумеюць: калі толькі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, убаку Беларусь не застанецца, таму беларускую армію трэба стрымліваць, напружваць на заходніх рубяжах (Латвія, Літва, Польшча) і на поўдні — узмацненнем украінскай граніцы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што ў бліжэйшы час яго словы пацвердзяць дзеянні заходняга боку.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яшчэ раней даручаў міністру абароны і старшыні Дзяржпагранкамітэта ні ў якім разе не паддавацца на правакацыі і не правакаваць канфлікты і сутыкненні. У той жа час міністру абароны і начальніку Генеральнага штаба Узброеных Сіл было даручана падрыхтаваць план адказу на магчымыя агрэсію і проціпраўныя дзеянні ў адносінах да Беларусі.

«У гэтым міграцыйным крызісе нягоднікі дайшлі да забойства людзей. Учора ноччу падкінулі труп на нашу граніцу, сёння ноччу яшчэ адзін труп знайшлі. Той жа почырк. У спальны мяшок зашпільваюць мёртвага ці, можа, паўмёртвага чалавека, выкідваюць на граніцу. Пагранічнікі знаходзяць — ужо нежывы. Учора знайшлі траіх чалавек, наколькі я інфармаваны, на хутары пагранічнікі. Калі знайшлі труп, убачылі тры мяшкі яшчэ спальныя. Пачалі пошук», — расказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб гэтым факце яму далажыў старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо. Бежанцаў знайшлі ў закінутым доме, і яны ўжо не маглі ісці. «Паўзлі. Некалькі соцень метраў прапаўзлі, знайшлі хату. Напэўна, ужо і мясцовыя жыхары дапамаглі — печку распаліць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ адна ноч, і трэба было б ампутаваць ногі, калі б жывых знайшлі. Гэта на літоўскай граніцы».

«Гэта ж уявіце — «дэмакраты». Да якой агіднасці трэба дайсці, каб забіваць людзей і выкідваць на сумежную тэрыторыю. Гэта ўжо акцыя. Навошта? Што за гэтым стаіць? Я думаю, следчыя разбяруцца», — заўважыў беларускі лідар.

Аб падтрымцы арміі і гатоўнасці адказаць

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь не бразгае зброяй, але ў выпадку неабходнасці гатова адказаць. «Нам трэба абараніць сваю краіну. Я не драматызую падзеі, але ваенных папярэджваю: на любы магчымы іх рух (тых, хто стварае пагрозу для бяспекі Беларусі. — Заўвага БЕЛТА) у нас павінен быць адэкватны адказ. Вось ваша задача. І папярэджваю вас: не дай бог у вас будзе нейкі фармалізм, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны дакладна разумець, як мы будзем дзейнічаць».

Звяртаючыся да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, Прэзідэнт даручыў: «Любую магчымасць, Раман Аляксандравіч, трэба выкарыстоўваць для таго, каб падтрымаць цяпер армію».

На нарадзе таксама прысутнічалі кіраўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і іншых сілавых структур. Перад імі беларускі лідар паставіў задачу падтрымліваць гатоўнасць у любы момант зрэагаваць на пагрозу бяспецы краіны. «Вы павінны добра разумець: мы — людзі ваенныя. Не дай бог што здарыцца, мы бяром зброю ў рукі, — адзначыў Прэзідэнт. — У сістэме Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтаваных людзей не менш, чым у арміі. Таму мы павінны трэніравацца, вучыцца, рыхтавацца. Не забывайце і пра тэрытарыяльную абарону — гэта нашы добрыя рэзервы».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у Беларусі бачаць, як ва Украіне праводзяцца вучэнні пад кодавай назвай «Палессе», і ў сувязі з гэтым рыхтуюцца зрэагаваць у выпадку неабходнасці.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь, хоць і не вельмі багатая краіна, але ніколі не прэтэндавала на чужыя багацці і тэрыторыі і не хоча ніякіх войнаў. «Калі нехта хоча з намі размаўляць як з мірнымі людзьмі, — калі ласка, з сённяшняга дня. Мы гатовы размаўляць. Але калі нехта да нас з мячом прыйдзе ці са стрэльбай, у нас ёсць чым адказаць», — падкрэсліў ён.

Аб планах ЗША разваліць Еўрасаюз

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што абстаноўка на заходняй граніцы няпростая. «Вы бачыце, што гэтыя польскія нягоднікі паехалі па краінах ужо. І ўчора звярнулі ўвагу, куды Маравецкі паехаў (прэм’ер-міністр Польшчы. — Заўвага БЕЛТА) — у Вялікабрытанію. Я ўпэўнены, вось пагледзіце, на працягу года-двух яны хочуць з падачы Амерыкі разваліць Еўрапейскі саюз», — сказаў Прэзідэнт.

«Амерыканцам не патрэбны партнёры, якія могуць стаць упоравень з імі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што як толькі ў ЕС увялі сваю валюту — еўра, гэта стварыла пагрозу долару, і пачаліся праблемы ў еўраатлантычным блоку. «Мы ж разумеем. Нам усё роўна цяпер — еўра ці долар», — канстатаваў ён.

«Таму я ўпэўнены, што невыпадкова выйшла Вялікабрытанія з Еўрасаюза, бо яна нічога не знайшла ў гэтым. І цяпер стаўка робіцца на Польшчу. Яны ўжо, сёй-той, пачынаюць адкрыта заяўляць: скончацца датацыі з Еўрасаюза (мільярды долараў, еўра) — нам ЕС не патрэбны. Таму ўсё робіцца для развалу Еўрапейскага саюза», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.