НА КАРУНКАВЫХ ПРАСТОРАХ ВА ЎЗОР ДУШУ КЛАДЗЕ

Культура

Багатая на самабытныя таленты Валожыншчына не аднойчы здзіўляла і захапляла сваімі майстрамі. У пакінутую імі спадчыну залатымі ніткамі старання і вялікага ўмення ўплецены творы жыхаркі вёскі Малая Люцінка Ядвігі Вікенцьеўны Равяка. І па былой прафесіі, і па прызванню яна – вышывальшчыца. Гэты занятак ніколі не ўспрымала як працу – старалася для душы.

Двор гаспадыні зіхаціць узорамі восеньскіх кветак, але сапраўдная прыгажосць і багацце красак адкрываецца на парозе ўтульнай хаты гаспадыні. Верагодна, жанчына калі і купляла якую фіранку ці абрус – то для таго, каб потым зрабіць фабрычную тканіну шэдэўрам народнага мастацтва. Няма ў доме ніводнага месца, дзе бы не прыклала руку да ўпрыгажэння Ядвіга Вікенцьеўна. На дыване – бялюткая накрыўка з карункамі. Побач, на стале, такі ж вышыты абрус. Блакітныя фіранкі з вялікімі пунсовымі кветкамі на зялёных сцяблінах. Я. В. Равяка сама складала трафарэт узору, па якім затым і вышывала. Доўгая была справа – цэлы дзень на адну такую кветку. Затое плённая. Хоць марудна, але ад душы і для душы.

Жанчыне гэта складаная, карпатлівая навука дасталася ў спадчыну. “Матуля мая была адмысловай майстрыхай, – расказвае Ядвіга Вікенцьеўна. – Разам з сястрой і братам мы сядалі бліжэй да яе і назіралі за спрытнымі пальцамі. Мама вязала шыдэлкам (так у той час на польскі манер называлі кручок), ткала прыгожыя дываны-перабіранкі. Знаходзілася няцяжкая работа і для нас”. Маленькая Ядзя так палюбіла гэты занятак, што займалася рукадзеллем нават у школе, у час урокаў – пад партай. А ў 8 гадоў самастойна звязала сабе спраўную сукенку з кужэльных нітак.

Употайкі змахнула слёзы, калі ўзгадала, як жылі ў гады вайны. Вёску Пагарэлка, дзе нарадзілася Я. В. Равяка, немцы спалілі ў 43-м. А будаваць на пажарышчы новае жыццё вельмі няпроста было. Шмат давялося перацярпець. Бацька зарабляў тым, што дапамагаў узводзіць новыя хаты. А дзеці тым часам ішлі ў лес, збіралі ягады і насілі іх у Івянец – абмяняць хоць бы на шкляначку мукі… Калі Ядвізе споўнілася 16, пайшла на работу: у гарпасёлку якраз адкрыўся вышывальны цэх, а справа гэта была знаёмая і блізкая сэрцу. Так і шчыравала, пакуль не нарадзілася дзіця. Потым пачала браць работу на дом. Прыкладна ў той час зрабіла і неабходную для сябе пакупку – швейную машынку. Да самай пенсіі вышывальшчыца накладала фабрычныя ўзоры старанна, з душой. Але ўвесь час хацелася рабіць рэчы адмысловыя, непадобныя на іншыя. Ядвіга Вікенцьеўна расказала, як аднойчы ўбачыла тэлеперадачу, дзе гераіня вышывала па купленых рэчах. “А чаму б і мне не заняцца падобным?” – падумала жанчына. І неўзабаве выехала на кірмаш за першымі пакупкамі – накшталт шалікаў, хустак. А хутка паклала на іх разнастайныя ўзоры, прычым усе ў розных тэхніках – ад гладзі да крыжыка. Некаторыя вырабы вышыты машынкай, але, па словах майстрыхі, ёй куды лягчэй працаваць рукамі: не трэба клапаціцца, што на самым бачным у рабоце месцы скончыцца альбо парвецца нітка.

Не толькі свой дом упрыгожыла Я. В. Равяка вышыўкамі. Яе работы знаходзяцца і ў Пяршайскім касцёле Святога Юрыя і Маці Божай, куды жанчына рэгулярна ходзіць на службы, і нават у адным са сталічных каталіцкіх храмаў. Усяго ж зробленага за жыццё хапіла б не на адну выставу. Нават калі я завітаў у дом, Ядвіга Вікенцьеўна была ўся ў рабоце. Праўда, на гэты раз займалася самай што ні ёсць жыцейскай справай – вязала дзецям і ўнукам на зіму цёплыя наскі. Не здзіўлюся, калі ў канцы і на іх клапатлівыя бабуліны рукі з пяшчотай выведуць ніткамі рознакаляровыя народныя малюнкі.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий