“У раёне прышчэплены больш за 11 тысяч чалавек: вакцынацыя не выклікае хваробу, не прыводзіць да смерці”.

COVID-19 Безопасность и здоровье

Павел ГАНЧАР, галоўны ўрач УАЗ “Валожынская цэнтральная раённая бальніца”:

– Цяпер назіраецца спад захворвання на каранавірусную інфекцыю, але гэта зусім не азначае, што неабходна расслабіцца. Бо па лічбах захварэўшых на піку толькі што прайшоўшай паўхвалі бачна – піку мінулагодняй восені мы не дасягнулі абсалютна. І гэта не за кошт прышчэпленага ці перахварэўшага насельніцтва, а за кошт заразлівасці штаму, які ў асноўным цыркуляваў. Таму тут 95-99-працэнтная верагоднасць, калі можна гаварыць: зараз захворваемасць пайшла на спад толькі з-за таго, што штам дэльта нейкім чынам сябе зжывае. Ён больш заразны і па законах інфекцыйных працэсаў не можа працяглы час на такіх піках знаходзіцца. Таму і будзе сам сябе зжываць. Але іншыя штамы ніхто не адмяняў: яны нікуды не дзеліся, яны ёсць, і мы назіраем гэта захворванне. Па клінічных праяўленнях – па тэрмімах наступлення першай клінікі ў кавідных пацыентаў, разумеем, што вяртаюцца іншыя штамы.

Тым не менш, расслабляцца не варта. Так, захворванне крыху “прасела”, але наперадзе навагоднія і калядныя святы, і гэта ў любым выпадку будуць сустрэчы ў працоўных калектывах, сярод родных. Таму зараз прырода і час дае людзям самы аптымальны шанц прышчапіцца – для тых, хто яшчэ разважае. Якраз, умоўна цяпер робячы прышчэпку, у арганізма ёсць два-тры тыдні, каб напрацаваць патрэбны цітр антыцелаў і ўвайсці ў доўгачаканыя святы з абароненым арганізмам. Хацелася б нагадаць усім: безумоўна, вакцынацыя не ратуе ад магчымасці захварэць і заразіцца, але вакцынаваны чалавек у адносінах да невакцынаванага ўжо мае антыцелы – імунная сістэма ведае гэты вірус. І першапачаткова пры заражэнні пачне з ім змагацца – яшчэ да таго, як вірус выкліча захворванне.

Таксама хацелася б нагадаць, што прайшоўшая хваля больш жорсткая і сур’ёзная: падчас яе пры пралечванні пацыентаў назіраліся такія нехарактэрныя ўскладненні, якіх раней не было: падскурнае кравазліццё, спантанны пнеўматоракс – калі проста трэскаецца лёгкае, не зразумела, на фоне чаго: ні на фоне тэрапіі, ні на фоне кіслародатэрапіі. Тады дадаткова і гэтыя паследкі трэба лячыць. Больш цяжкія ўскладненні таксама пры далучэнні бактэрыяльнай інфекцыі.

Звяртаю ўвагу: каранавірус – вельмі сур’ёзная хвароба. На гэтай хвалі пачалі хварэць дзеці – больш складана, чым раней, з пнеўманіямі. І пра гэта варта гаварыць: калі хто яшчэ лічыць, што не захварэе і ў яго ёсць дзеці, варта падумаць пра іх. Вельмі складана трох-, двух- ці паўгадоваму дзіцяці патлумачыць, чаму ён не можа надыхацца. А калі такое дзіця ляжыць і атрымлівае хаця б тыя 1,5-3 літры кіслароду (гэта нямнога), але без іх яму цяжка дыхаць. І патлумачыць яму гэта вельмі складана. Толькі паспрабуйце ўявіць сабе такую сітуацыю – і, я думаю, пытанні аб тым, варта ці не прышчапіцца, самі па сабе адпадуць.

Калі хтосьці яшчэ перажывае наконт вакцынацыі, адзначу: у нас у раёне прышчэплены больш за 11 тысяч чалавек – вакцынацыя не выклікае хваробу, не прыводзіць да смерці!!! Так, захварэўшыя сярод прышчэпленых двухкратна ёсць. Але, па нашай статыстыцы: у некалькі дзясяткаў разоў менш пачынаюць хварэць прышчэпленыя, чым непрышчэпленыя (адрозненне амаль у 19,7 раза). Пагадзіцеся, гэтыя лічбы аб нечым гавораць. Магчыма, у межах рэспублікі ці агульнасусветнай статыстыкі суадносіны будуць намнога ніжэйшыя – па законе малых лічбаў: у нас прышчэплены больш за 11 тысяч чалавек, а ўсяго насельніцтва 33 тысячы 500 – такімі лічбамі і аперырую.

Ізноў жа звяртаю ўвагу, што сярод прышчэпленых пацыентаў посткавідныя сіндромы менш характэрныя. А калі ў вас ёсць знаёмыя, якія хварэлі непрышчэпленыя, яны вам раскажуць, наколькі цяжка выходзіць з гэтага стану: патрэбна аднаўленне не толькі фізічнае, але маральнае і псіхалагічнае. Аднаўленне пахаў, смакаў, перыядычнае павышэнне тэмпературы і гэтак далей. Кавід-інфекцыя закранае цэнтр галаўнога мозгу, які адказвае за пах і смак. У далейшым паследкі ідуць на лёгкія – калі кавідная пнеўманія, некантралявана змяняюцца ўзровень цукру і гарманальны фон, утвараюцца тромбы. Усё гэта ўскладненні кавід-інфекцыі.

Яшчэ раз хачу папярэдзіць: хвароба страшная і, на жаль, на дадзены момант лякарства ад самой кавідінфекцыі няма. Магчыма, яно і распрацоўваецца, аднак пакуль у свеце ніхто не анансаваў дастаткова пацверджаных дадзеных, што вось такое лякарства эфектыўна. Адно магу сцвярджаць: вакцына працуе. Медыцынскія работнікі прышчэплены амаль на 95 працэнтаў, многія ідуць ужо рэвакцынавацца. Як малады тата, адназначна чакаю, калі дадуць дабро прышчэпліваць і дзяцей. Таму што я за сваіх дзяцей перажываю, бо вельмі цяжка назіраць, як хварэе дзіця кавідінфекцыяй з пнеўманіяй. Калі дарослы штосьці разумее – і то іх няпроста лячыць, а ў дзяцей ўсё намнога складаней.