ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Происшествия

У ІНТЭРНЭТ-ЗЛАЧЫНЦАЎ АПЕТЫТ РАСЦЕ

IT-зламыснікі здолелі ўкрасці 1000 рублёў, папярэдне завалодаўшы лагінам і паролем для ўваходу ў асабісты кабінет інтэрнэт-банкінгу ААТ “БПС ашчадны банк”. Пацярпелы –  жыхар вёскі Паморшчына. У руках у праваахоўнікаў знаходзяцца скрыншоты з яго тэлефона.

ПРЫХАПІЎ, ШТО ЗДОЛЕЎ

З паведамленнем пра пабываўшых у яе доме ў вёсцы Дубашы старонніх асобах у райаддзел міліцыі звярнулася пенсіянерка-дачніца. Жанчына паскардзілася на тое, што невядомыя не проста гаспадарылі ў памяшканнях, але і прыхапілі некаторую маёмасць, а дакладней – сарцавіны ад некалькіх замкоў, тры трубы і метр кубічны вагонкі.

МІЖ ІНШЫМ, УСЕ ТАМ БУДЗЕМ

З могілак, што ў вёсцы Ясьманаўцы, зніклі гранітныя пліты, якія належаць індывідуальнаму прадпрымальніку з Іўя. Зладзеі не пагрэбавалі нават абрэзкамі, не гаворачы ўжо пра 100 цэлых адзінак, што скарыстоўваюцца для добраўпарадкавання месцаў пахавання.  Нанесены ўрон ацэньваецца не менш як у 5000 рублёў.

СЫН ВЫРАСЦЕ, МАГЧЫМА АДДЗЯЧЫЦЬ

25-гадовы мужчына з Валожына настолькі не жадае плаціць аліменты на ўтрыманне ўласнага сына, што пэўны час пазбягаў афіцыйнага працаўладкавання. Калі ж урэшце знайшоў работу, пра гэты факт “забыў” паведаміць судоваму выканаўцу. Вынік годны нягодных паводзін – у дачыненні да “любячага” таты распачата крымінальная справа.

ТАК І ДА ЗАБОЙСТВА НЕДАЛЁКА

Даволі жорсткую расправу паспрабаваў учыніць над сваёй жонкай пенсіянер з Івянца. Мужчына 1938 года нараджэння не толькі схапіў сваю другую палавіну за шыю і паваліў на падлогу, але пагражаў забойствам. У выніку пацярпелая напісала на мужа заяву ў міліцыю, прадстаўнікі якой прыступілі да праверкі.

НУ, БЫВАЕ

Яшчэ адна сямейная “разборка” прайшла ў вёсцы Люціна. Яе градус быў менш драматычным. Пакрычалі, паскандалілі ды й памірыліся. Праўда, жонка паспела выклікаць на мужа міліцыю. Праваахоўнікам нічога іншага не засталося, як правесці ў дачыненне да пары прафілактычную гутарку.

ЧАС ПАСТАЛЕЦЬ

Каб паставіць на месца нідзе не працуючага сына, які дазволіў сабе абражаць бацьку, у РАУС звярнуўся пенсіянер з вёскі Цябуты. Вядома, што яго нашчадак неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Спіс заслуг у 35-гадовага недарасля няўхільна павялічваецца.

НЕ ЗЭКАНОМІЎ

Крымінальная справа распачата ў адносінах да інжынера адной з гаспадарак раёна. Спецыяліст, жадаючы падрамантаваць уласнае аўто, даў заданне свайму падначаленаму-кладаўшчыку ўнесці ў патрабаванне-накладную неабходныя яму дэталі. Афера раскрылася. Давядзецца адказваць.

Матэрыял па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Валянціна КРАЎНЕВІЧ