Рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі пад кантролем

Аграрный сектор и промышленность

Удзельнікі семінара наведалі рамонтную майстэрню.

У мінулы чацвер Валожынская райаграпрамтэхніка стала пляцоўкай для правядзення абласнога семінара па пытанні падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ 2022 года.

Галоўны інжынер Сяргей Іванавіч БОРЫС знаёміць гасцей са станцыяй тэхнічнага абслугоўвання машынна-трактарнага парка.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Валожынскага райвыканкама Яўгеній Міхайлавіч Круковіч, генеральны дырэктар ААТ “Мінскаблаграсэрвіс” Дзмітрый Іосіфавіч Шабар, начальнік упраўлення механізацыі і інвестыцый Дзмітрый Іванавіч Давыдок, галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Антон Вадзімавіч Бандарэнка,  выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Андрэй Аляксандравіч Загорскі, начальнік матэрыяльна-хэхнічнага забеспячэння і рэалізацыі (база “Міхановічы”) Віталій Васільевіч Кавальчук, дырэктары райаграсэрвісаў Мінскай вобласці і інш.

Начальнік аддзела тэхнічнага, гарантыйнага і паслягарантыйнага абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі ААТ “МТЗ” ААТ “Мінскабл- аграсэрвіс” Валянцін Мікалаевіч ПРОХАРЧЫК падрабязна расказаў пра патрабаванні, якія прад’яўляюцца пры прыёмцы і здачы ў рамонт тэхнікі і наглядна паказаў дакументы, што пры гэтым неабходна запоўніць.

Удзельнікаў семінара вітаў старшыня райвыканкама. Яўгеній Міхайлавіч выказаў упэўненасць у неабходнасці і важнасці падобных мерапрыемстваў, бо яны даюць магчымасць даведацца аб новых вытворчасцях, падыходах, у тым ліку па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, і інш. Кіраўнік расказаў, як на Валожыншчыне адбываецца ўзаемадзеянне выканкама і аграпрамтэхнікі.

Затым госці мелі магчымасць паслухаць даклад дырэктара Валожынскай РАПТ Дзмітрыя Віктаравіча Кізеева і паглядзець прэзентацыю  пра асноўныя напрамкі работы, гаспадарчую дзейнасць і, наогул, увесь функцыянал і магчымасці  арганізацыі. Аб эканамічных паказчыках паведаміла галоўны эканаміст Кацярына Іванаўна Лукашанец.

На станцыі тэхнічнага абслугоўвання вядуцца рамонтныя работы.

Генеральны дырэктар Мінскаблаграсэрвісу Дзмітрый Шабар правёў пленарнае пасяджэнне па пытаннях: згодна з пунктам 1.7 пратакола даручэнняў старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Генрыхавіча Турчына, што дадзены на пасяджэнні 12 лістапада 2021 года, райаграсэрвісам забяспечыць аказанне паслуг па рамонце тэхнікі з умацаваннем іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, і аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ 2022 года. Дзмітрый Іосіфавіч яшчэ раз нагадаў асноўныя функцыі райаграсэрвісаў. Гэта – забеспячэнне мінеральнымі ўгнаеннямі, гандаль ядахімікатамі, запчасткамі, аказанне рамонтных паслуг і інш. Ён зазначыў, што цяпер якраз наступіў той перыяд года, калі неабходна рыхтаваць тэхніку, закупляць угнаенні.

Па абодвух пытаннях заслухалі кожнага кіраўніка раённага аграсэрвісу. Яны далі справаздачу пра магчымасць выканаць даручэнне: стан матэрыяльна-тэхнічнай базы, наяўнасць спецыялістаў і г. д. Асаблівая ўвага надавалася рамонту энерганасычаных трактароў. Па праграме рамонту да 14 снежня загрузка павінна быць не меншай за 90% ад плана. Пачынаецца вялікая работа, пасля якой кожная адзінка адрамантаванай тэхнікі павінна будзе прайсці дзяржаўны тэхнічны агляд.

У цэху пластмасавых вырабаў.

Пасля пасяджэння ўдзельнікі семінара наведалі цэх пластмасавых вырабаў, станцыю тэхнічнага абслугоўвання машынна-трактарнага парка, рамонтную майстэрню, дзе ўвачавідкі ўбачылі, як тут арганізавана праца, магчымасці і працэсы вытворчасці.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі шматлікія пытанні, што датычацца работы райаграсэрвісаў, падзяліліся вопытам работы і намецілі планы па рашэнні агучаных праблем.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара