Цяпло ад сэрца і душы

Общество

У рамках акцыі “Клубок дабра” ў госці да грамадзян, што пражываюць у Ракаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, завіталі наведвальнікі дзённага аддзялення для пажылых людзей ТЦСАН.

Вопытныя валанцёры сярэбранага ўзросту разам са сваім кіраўніком Ірынай Кавяза і старшынёй  раённай ветэранскай арганізацыі Таццянай Ціганінай даставілі ва ўстанову падарункі, выкананыя ўласнымі рукамі. Удзельнікамі акцый было выраблена звыш 100 шарсцяных рэчаў – шкарпэтак, рукавіц, шарфоў і шапак (матэрыялы прадаставіў ТЦСАН). Свой уклад у добрую справу ўнеслі і святар, і актывісты-прыхаджане храма Святых Канстанціна і Алены. Ад іх жыхары сацыяльнай установы атрымалі  хусткі і паланціны. Ветэранская ж арганізацыя прадаставіла світары і камізэлькі. Сярод найбольш актыўных майстрых, што падарылі цяпло сваіх сэрцаў праз рэальна цёплыя рэчы тым, каму гэта так патрэбна, – Любоў Віршыч, Гельнар Мышкавец, Галіна Слабоцкая, Вера Каваленка, Ніна Ягоршына, Зоя Вайткевіч, Людміла Мандрык, Ванда Казак, Галіна Канапелька, Алена Зверава, Ала Адамовіч, Валянціна Журкевіч,  Тамара Макарэвіч, Марыя Астаповіч, Данута Сцефаноўская.

Самі ж пражываючыя ў доме-інтэрнаце разам з кіраўніком гуртка “Вязанне” падрыхтавалі падарункі для сваіх таварышаў – інвалідаў-калясачнікаў. Гэту дабрачынную акцыю міласэрныя людзі назвалі “Дабрыныя ад душы і сэрца”.