Яны заслужылі

Общество

У пасяджэнні Мінскага абласнога  аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў “Цюльпан”, што прайшло ў Доме культуры пасёлка Лясны (Мінскі раён), прынялі ўдзел старшыня Валожынскай раённай структуры Уладзімір Круглік і члены арганізацыі Юрый Сухачоў і Вацлаў Мацулевіч з райцэнтра, Васілій Грынь з Дораў. Мерапрыемства было прымеркавана да Дня інвалідаў.

Як зазначыў старшыня абласной патрыятычнай арганізацыі Мікалай Самонаў, воіны-інтэрнацыяналісты не могуць дапусціць, каб напярэдадні 3 снежня не адзначыць сваіх таварышаў, якія, будучы салдатамі ці афіцэрамі, атрымалі раненні, што прывялі да інваліднасці.

Задоўга да памятнай даты сіламі актывістаў арганізацыі яе членам з інваліднасцю была завезена агародніна, прадастаўленая прадпрыемствамі-дабрачынцамі. У акцыі непасрэдны ўдзел прыняў інвалід І групы Ю. С. Сухачоў. На самім жа пасяджэнні  найбольш актыўным удзельнікам руху, у тым ліку і прадстаўнікам Валожыншчыны, уручылі лісты з падзякай, а кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў важкі харчовы набор ад  прадпрыемства, што працуе ў Бабровічах, – “Тэраміт Агра”. У. У. Круглік за актыўнасць і значны ўклад у дзеянне грамадскага аб’яднання ўзнагароджаны Ганаровай граматай.

Закончылася мерапрыемства шыкоўнай канцэртнай праграмай. Ужо ўвечары таго ж дня трансляцыю сустрэчы можна было ўбачыць на канале СТБ.