Урокі жыцця

Общество

Напрыканцы лістапада ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства, у нашай установе адукацыі адбылася сустрэча са знакамітым земляком, жыхаром вёскі Пугачы Станіславам Антонавічам ЛУЖЫНСКІМ.

Менавіта я чакала гэту сустрэчу, паколькі з госцем не была знаёма. А дома ад бабулі і дзядулі, бацькоў не раз чула добрыя  словы ў яго адрас. Некаторыя звесткі з жыцця Станіслава Антонавіча мы атрымалі ад настаўнікаў: ветэран працы, былы старшыня калгаса “Бальшавік” (больш за 30 гадоў), дэпутат 12 склікання Вярхоўнага Савета БССР, член камісіі па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і забеспячэння бяспекі пражывання насельніцтва рэспублікі. “Заслугі ўражваюць – значыць, і чалавек павінен быць выключны,” – так думала, чакаючы сустрэчы. І не памылілася.

Расчыніліся дзверы, у кабінет, дзе мы сабраліся для гутаркі, увайшоў высокі, моцны, ужо не малады, але важны і статны мужчына. Шматгадовыя зносіны з людзьмі ў якасці кіраўніка выдавалі пранікнёны погляд, дзелавы касцюм і ўпэўненая паходка.

Паважна і смела госць пачаў аповед. Станіслаў Антонавіч расказаў пра сваё няпростае, але шчаслівае дзяцінства, выдатную вучобу ў школе і ў студэнцкія гады. З вуснаў гэтага чалавека нам было карысна пачуць аб важнасці вывучэння школьных прадметаў і жаданне атрымліваць добрыя веды. Далей размова пайшла пра службу ў арміі і доўгія працоўныя гады жыцця, пра цікавыя і карысныя камандзіроўкі па краіне і за яе межамі, пра ўласныя захапленні.

Сярод школьнікаў былі і вучні малодшых класаў, але Станіслаў Антонавіч так цікава і даступна расказваў аб сваім жыцці, гісторыі вёскі, будаўніцтве нашай школы, Дома культуры, жылых дамоў і вуліц, што сустрэча, якая працягвалася больш за гадзіну, праляцела як адно імгненне. Госць засяродзіў увагу на галоўных чалавечых каштоўнасцях: берагчы здароўе, сумленна працаваць, рабіць дабро, быць справядлівымі. Як наказ, прагучалі з яго вуснаў словы: старанна вучыцца, любіць, паважаць і шанаваць сваіх бацькоў, сваю Радзіму і берагчы яе здабыткі.

Адказы на пытанні, якія гучалі з аўдыторыі, дапоўнілі расказ новымі цікавымі фактамі. Мяне ўразіў выпадак пра вызваленне вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы даведаліся, як адбывалася перазахаванне астанкаў воінаў брацкай магілы. Успомніў Станіслаў Антонавіч пра старэйшых калгаснікаў і пра сустрэчу мясцовых жыхароў Заходняй Беларусі з вайскоўцамі Савецкай арміі ў верасні 1939 года.

Сустрэча была змястоўнай і вельмі цікавай. Хачу яшчэ раз выказаць словы ўдзячнасці нашаму паважанаму госцю і пажадаць моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Лізавета СЫМАНОВІЧ,

вучаніца 8 класа Пугачоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы