Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

9 снежня ва ўрочышчы “Благаўшчына” на месцы масавага знішчэння вязняў лагера смерці “Трасцянец” прайшло памятнае мерапрыемства. Яно было прымеркавана да гадавіны прыняцця ў гэты дзень у 1948 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН Канвенцыі аб папярэджанні злачынстваў генацыду і пакаранні за яго, якая ўстанавіла міжнародны прававы статус паняццю “генацыд”.

Для гісторыі нашага народа дадзеная падзея асабліва важная ў сувязі з паследкамі Вялікай Айчыннай вайны. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі Генпракуратуры, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, маладзёжных і рэлігійных арганізацый, розных нацыянальных канфесій. Ад нашага раёна прысутнічаў старшыня Івянецкай суполкі “Саюза палякаў на Беларусі” Станіслаў Бурачэўскі. Мерапрыемства пачалося з экскурсіі па аб’ектах мемарыяльнага комплексу, дзе пры дапамозе архітэктурнага падсвечвання быў створаны эфект непасрэднай прысутнасці на месцы тых далёкіх падзей. Удзельнікі запалілі свечкі ў памяць аб ахвярах генацыду, пахаваных на беларускай зямлі. Свяшчэннаслужыцелі чатырох рэлігійных канфесій правялі агульную памінальную малітву.

 З 13 па 17 снежня на курсы павышэння кваліфікацыі для ідэалагічнага актыву, якія арганізаваны на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, заехала чарговая група работнікаў.

Сярод слухачоў – адказная за ідэалагічную работу Валожынскага вытворчага ўчастка ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” Ірына Бітэль.

Не так даўно новы трактар “Беларус 10-25.3” з’явіўся ў Валожынскім лясгасе. Набыты ён за ўласныя сродкі прадпрыемства.

Працаваць на новай тэхніцы даверылі аднаму з лепшых работнікаў – Станіславу Эдуардавічу Нелюбу з Румскага лясніцтва.

 На базе Валожынскага краязнаўчага музея праходзяць патрыятычныя музейныя ўрокі для старшакласнікаў агульнаадукацыйных школ раёна.

 Менавіта для гэтага музейныя работнікі распрацавалі некалькі цыклаў, якія закранаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, асобна – спаленыя вёскі, якія падзялілі лёс Хатыні, генацыд. Але патрыятызм – гэта не толькі ўрокі вайны, гэта і любоў да прыроды, роднага краю, клопат пра экалогію і многае іншае. На такіх музейных уроках ужо пабывалі вучні старэйшых класаў Вішнеўскага і Гародзькаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, СШ № 1 райцэнтра.

 У пачатку снежня работнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавалі дабрачынны візіт “Рабіць дабро проста” да людзей з інваліднасцю, якія наведваюць аддзяленне.

Загадчык аддзялення Ірына Кавяза разам з валанцёрамі наведалі 5 чалавек. У дамашняй абстаноўцы пагутарылі пра жыццё, уручылі ім невялікія падарункі і ласункі. Чалавеку так важна адчуваць падтрымку і ведаць, што ён не адзін.

Традыцыйную дабрачынную кампанію напярэдадні Новага года і калядных свят разгортвае раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа.

Акцыя “Ёлка жаданняў” разлічана на тое, што ніводнае дзіця, асабліва дзеці з інваліднасцю, з мнагадзетных, малазабяспечаных і няпоўных, апякунскіх і прыёмных сем’яў, не павінна застацца без падарункаў і дапамогі. А дапамагчы ў гэтым можа кожны жыхар раёна.  23 снежня валанцёры арганізуюць збор ласункаў і рэчаў на Валожынскім рынку, у індывідуальных прадпрымальнікаў. Жыхары раёна могуць перадаваць навагоднія падарункі непасрэдна ў Чырвоны Крыж. Дабрачынная ёлка будзе праведзена ў раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Падарункі сфарміруюць і для асобных сем’яў.

Арыгінальная ёлка, зробленая са старых кніг, устаноўлена ў холе на першым паверсе раённай бібліятэкі.

Гэта фантазія дзвюх асоб – загадчыцы метадычнага аддзела бібліятэкі Вольгі Шакун і намесніка дырэктара Вікторыі Матлашук. У гэтыя святочныя дні ў бібліятэку можна прыйсці не толькі за кніжнымі навінкамі, але і сфатаграфавацца. У чытальнай зале аформлена адна з першых у Валожыне фотазон.

У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры     пачаў дзейнічаць турыстычны праект “Сцежкамі продкаў”.

Відэапрэзентацыя  ўключае старыя фотаздымкі, што адлюстроўваюць гістарычнае мінулае пасёлка. Першымі, хто пазнаёміўся з відэапрэзентацыяй, сталі гурткоўцы Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Школьнкі іншымі вачамі паглядзелі на родны Івянец, убачылі, як памянялася яго аблічча за многія дзесяцігоддзі. А 4 снежня навуковы супрацоўнік музея Ала Іосіфаўна Якаўлева выступіла з відэапрэзентацыяй на пасяджэнні сямейнага клуба “Вяртанне да вытокаў”, якім кіруе Святлана Міхайлаўна Зайлянкова. Яго члены таксама адкрылі для сябе шмат новага.