СУПРАЦЬ ТРЫХІНЕЛАЎ – КІПЕНЬ

Общество

Штогод у Беларусі рэгіструецца ад 10 да 100 выпадкаў захворванняў на трыхінелёз. І пачашчаюцца яны восенню і зімой, як пачынаецца забой дамашніх свіней і сезон палявання.

Віноўнікамі хваробы выступаюць трыхінелы – надзвычай дробныя лічынкі круглага гельмінта-паразіта. Дастаткова чалавеку з’есці заражанае імі і слаба апрацаванае тэрмічна мяса – і трыхінелы ўжо ў арганізме. Адчуваецца іх уздзеянне звычайна праз 10-15 дзён, але хвароба можа праявіцца і пазней – у залежнасці ад колькасці лічынак у мясе. Тэмпература павышаецца, развіваецца ліхаманка. Ацякаюць твар, вочы, баляць мышцы, асабліва жавальныя і міжрэберныя. Часам назіраецца бяссонніца, галаўны боль, дэпрэсія, а пры моцнай інтаксікацыі могуць узнікнуць нават галюцынацыі.

Самастойна трыхінелёз не лечаць, пазбавіцца ад хваробы дапаможа доктар, прычым у шпітальных умовах на працягу, прыблізна, 13 дзён. Калі не лячыцца, сімптомы “сатруцца”, але лічынкі ўсё адно застануцца ў арганізме. А тады вельмі блізка да інфаркта лёгкіх, трамбозу, пнеўманіі і нават міякардыту – бывае, і з лятальным зыходам.

Таму, каб заставацца здаровым, абавязкова трэба свініну, а таксама мяса дзікоў і іншых дзікіх жывёл аддаць на ветэрынарна-санітарны кантроль. Для гэтага прадастаўляюць кавалкі з найбольш паражаемых трыхінеламі месцаў – мышцы дыяфрагмы, языка, гартані, міжрэб’я і шыі. Нельга скормліваць свінням рэшткі здохлых дзікіх жывёл і адходы паляўнічага промыслу. Паклапаціцеся, каб хлявы не падвяргаліся атакам грызуноў, і перыядычна праводзьце ў жылых і гаспадарчых пабудовах дэратызацыю. Асабістая ж прафілактыка пры ўжыванні неправеранай свініны зводзіцца да доўгачасовай варкі невялікіх кавалкаў мяса.

Марына ДУЖ,

памочнік урача-эпідэміёлага ДУ “Валожынскі райЦГіЭ”.

 



Добавить комментарий