Піневіч разлічвае дасягнуць узроўню вакцынацыі ад COVID-19 да канца года ў памеры 50 працэнтаў

COVID-19 Безопасность и здоровье

Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч разлічвае на дасягненне ўзроўню вакцынацыі ад COVID-19 у памеры 50 працэнтаў у краіне да канца бягучага года. Аб гэтым ён сказаў сёння журналістам у Маскве ў час пасяджэння сумеснай калегіі міністэрстваў аховы здароўя Беларусі і Расіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр адзначыў, што агульны імунітэт дасягаецца як за кошт вакцынацыі, так і за кошт імунітэту тых, хто перахварэў. «Тое, што хваля пайшла ўніз, паказвае, што агульны імунітэт на гэты момант спрацаваў, — сказаў ён. — Пры гэтым мы гаворым аб тым, што, вядома, ідзём са спазненнем з вакцынацыяй у пэўнай ступені. Але ахоп вакцынацыі першым кампанентам ужо перасягае 40 працэнтаў. Я думаю, што да канца бягучага года да 50 працэнтаў мы падыдзем з тым, каб больш-менш спакойна, скажам так, увайсці ў навагоднія святы».

Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што нараўне з імунізацыяй супраць CОVID-19 сістэму аховы здароўя Беларусі хвалюе кампанія па вакцынацыі супраць грыпу. Паводле яго слоў, цяпер узровень ахопу вакцынацыяй супраць грыпу набліжаецца да 30 працэнтаў.

Міністр дадаў, што цяпер у Беларусі фіксуюцца выпадкі захворвання на грып тыпу А. У большасці хварэюць дзеці.

Сумесная калегія праходзіць сёння ў Маскве. Удзел у пасяджэнні прымаюць міністры аховы здароўя Міхаіл Мурашка і Дзмітрый Піневіч, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расійскай Федэрацыі Уладзімір Сямашка. Асноўная тэма калегіі — удасканаленне сістэмы кантролю якасці медыцынскай дапамогі.