У ГІРАВІЧЫ ВЯЛІ ШЛЯХІ-ДАРОГІ

Культура

…У  карчму, дзе гуляла моладзь,

Прыблукаўся пан Патоцкі.

Банкятуе з казакамі,

Мёд, віно п’е квартай,

К маладзіцам і дзяўчатам

Лезе смоллю ў жарты…

Гэтыя радкі напісаў Янка Купала ў паэме “Бандароўна”, якая стала хрэстаматыйным шэдэўрам нацыянальнай літаратуры.  У паэтычных творах беларускай літаратуры 19-20 стагоддзяў часта сустракаецца слова “карчма”.

У далёкія часы гэтыя ўстановы былі досыць распаўсюджанымі, бо камунікацыйныя зносіны характарызаваліся пэўнымі асаблівасцямі. Людзі ехалі ў гарады і паселішчы па розных справах: каб прадаць збожжа, палатно, некаторыя прадукты, атрыманыя ў натуральнай гаспадарцы. Рамеснікі дастаўлялі на кірмашы тавар, зроблены сваімі рукамі: ганчарныя і бандарныя вырабы, рэчы, плеценыя з лазы. Стаміўшыся ад далёкай вандроўкі, найчасцей спыняліся ў карчме.  Любілі тут бавіць час шляхта, купцы.

Асноўным жа транспартным сродкам былі коні. А жывёле, як вядома, таксама патрэбны перадых, корм для аднаўлення фізічных сіл.

Корчмы звычайна размяшчаліся ля дарог, як правіла, у пачатку мястэчка. Гэта пераважна абумоўлівалася зручнасцю заезду і выезду з карчмы. Нярэдка іх узводзілі непадалёку храмаў, манастыроў, дзе часта збіралася нямала народу ў час вялікіх хрысціянскіх свят.

Некаторыя корчмы існавалі непасрэдна ў жылых дамах з уваходнымі дзвярамі ў тарцы будынка. У іх звычайна быў асобны пакой, найчасцей шынок, дзе падарожнік мог наталіць смагу нейкім напоем, падсілкавацца. Сюды мясцовыя жыхары збіраліся на розныя сходы і сустрэчы. Тут любіла бавіць час моладзь.

Заезная ж карчма мела зусім іншы статус. Тут пастаяльцы спыняліся не на гадзіну, а на дзень-другі. Такія ўстановы ўдала сумяшчалі функцыі гандлёвай установы і невялікай гасцініцы. У заезнай карчме, акрамя шынка, кухні,  прасторных сяней, розных гаспадарчых кладовак, абавязкова існавалі пакоі для адпачынку падарожнікаў. На вуліцы быў абсталяваны прыстанак для коней.

Створаныя тут умовы забяспечвалі зручны догляд за жывёлай, а таксама надзейную захаванасць тавараў, якога багата месцілася на павозках. Асобна стаялі вазы, асобна – карэты, аўтамабіль у той час быў рэдкай з’явай.

Два стагоддзі таму ў Беларусі налічваліся сотні заезных і незаезных устаноў для пастаяльцаў.
У першай палове 19 стагоддзя заезная карчма існавала ў вёсцы Гіравічы нашага раёна. Зроблена яна была з цэглы з умацаваннем у сцены валуноў на вапнавым растворы. У гэтым будынку  размяшчаліся шынок, сені, пакой для адпачынку. Канюшня мела скразны праезд праз вароты ў тарцы будынка і стыкавалася з астатнімі памяшканнямі. Такая планіровачная схема была тады надзвычай распаўсюджанай.

Пра далёкую мінуўшчыну цяпер нагадваюць толькі руіны гіравіцкай карчмы і густая трава. Але памятка мінулых дзён прыцягвае ўвагу ўсіх, хто ўпершыню аказваецца ў гэтых мясцінах…

Напісаць заметку на гэту тэму падштурхнулі разважанні нашай зямлячкі, якая цяпер жыве ў Расіі.

 



Добавить комментарий