Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Днямі Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выдаў спецыяльныя пасведчанні “Грамадскі эколаг” тром прадстаўнікам нашага раёна.

Сяргей Раманавіч Клачко, Андрэй Валер’евіч Жудрык і Станіслаў Віктаравіч Рыснік не займаюцца па абавязку службы прыродаахоўнай дзейнасцю, але іх ведаюць як людзей неабыякавых, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія ніколі не пройдуць міма якіх-небудзь парушэнняў. Цяпер у іх абавязкі ўваходзіць своечасовае выяўленне і інфармаванне аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства. Пасведчанні выдадзены на 3 гады.

У мінулую суботу ў аграгарадку Мачулішчы Мінскага раёна прайшоў адборачны абласны тур на Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, правядзенне якога запланавана летам 2022 года ў Гродне.

Івянецкі аддзел “Саюза палякаў на Беларусі” прадстаўлялі на адборачным туры вядомы ансамбль польскай песні “Івянчанка”, а таксама эстрадныя салісты мясцовага Дома культуры Ірына Урбан і Аляксандр Сабалеўскі. Апошнія выканалі песні “То не я” і “Не спачнема” з рэпертуару ансамбля “Чырвоныя гітары”. Журы дало высокую адзнаку прадстаўнікам Валожыншчыны. Усе яны будуць выступаць на галоўнай сцэне свята.

У дзіцячых дашкольных установах раёна для ўсебаковага развіцця дзяцей, акрамя абавязковых заняткаў, створаны і працуюць шматлікія фарміраванні на платнай аснове. Менавіта там хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць больш мэтанакіравана развіваць свае здольнасці.

У дзіцячым яслях-садзе № 3 “Пралеска”, напрыклад, вялікай папулярнасцю ў выхаванцаў і іх бацькоў карыстаецца дзіцячы фітнес, які дае прыгожую выправу, папярэджвае некаторыя хваробы. Кіраўнік фізічнага выхавання Наталля Рыгораўна Южык займаецца з некалькімі ўзроставымі групамі. З задавальненнем наведваюць дзеці і музычны гурток “Чароўны грамафон”, якім кіруе Жанна Феліксаўна Мянцюк.

У мінулыя выхадныя ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна прайшоў акцябрацкі квіз, у якім пажадалі прыняць удзел 4 каманды: “Вясёлка” сярэдняй школы № 2 райцэнтра, “Знайкі” гімназіі № 1, “Іскрынка” і “Зорачкі” Багданаўскага і Яршэвіцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. У каманды ўваходзілі ў пераважнай большасці вучні 3-4 класаў.

Гульня налічвала 6 тураў, падчас якіх патрэбна было даць правільныя адказы на 6 пытанняў у кожным. Каманды прадэманстравалі добрыя веды, кемлівасць, логіку і ўменне працаваць у калектыве. Увесь час гульні панавалі добры настрой, было весела, пазнавальна і цікава. Пераможцай стала акцябрацкая група “Вясёлка” СШ № 2. Яна і будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе.

Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў Валожынскім краязнаўчым музеі быў праведзены спецыяльны ўрок, на які запрасілі вучняў другіх класаў гімназіі № 1 разам з выхавальніцай групы падоўжанага дня Людвікай Станіславаўнай Таўгень. Такі незвычайны паэтычны ўрок памяці паэта падрыхтавала музейны супрацоўнік Таццяна Васільева.

Дзецям быў прапанаваны запіс спектакля Ракаўскага тэатральнага гуртка “Жаронцы” па вершаванай казцы М. Багдановіча “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык”. А потым яны пачыталі на памяць вершы паэта, спецыяльна падрыхтаваныя да гэтай падзеі.

11 снежня юныя дзюдаісты (хлопчыкі 2010-2011 гадоў нараджэння), выхаванцы ДЮСШ Валожынскага раёна і члены спартыўнага клуба “Вітаўт”, прынялі ўдзел у традыцыйным турніры на прызы СК “Радзіміч”, які адбыўся ў сталіцы.

І хаця дзюдо не так даўно папулярызуецца ў Валожыне, а спаборніцтвы ўвогуле сталі праходзіць рэдка ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай, нашы прадстаўнікі выступілі даволі паспяхова. Другое і трэцяе месцы ў сваіх вагавых катэгорыях занялі Мікіта Анісовіч і Павел Лушчык. У шасцёрку мацнейшых трапілі браты Дзіма і Мікіта Белаблоцкія (5-е месца). Дарэчы, у іх вагавай катэгорыі было больш за 30 удзельнікаў. Увогуле, трэнеры Віктар Міцкевіч і Вадзім Лясюк парадаваліся за ўсіх сваіх выхаванцаў, якія прадэманстравалі лепшыя спартыўныя якасці і волю да перамогі.

Святочная атмасфера пануе ў сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі. Цалкам упрыгожана досыць вялікая тэрыторыя, навагоднімі кампазіцыямі можна палюбавацца на вокнах.

Увагу навучэнцаў і нават выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання прыцягваюць па-майстэрску творча аформленыя фотазоны. Яны прапісаліся ў фае першага паверха вучэбнага корпуса і на другім паверсе, а таксама на чацвёртым паверсе ў інтэрнаце. Было дзе разгуляцца фантазіі афарміцеляў!