КАДРАВЫЯ ЗМЕНЫ АДБЫЛІСЯ Ў РАЁННЫМ ЦЭНТРЫ ТВОРЧАСЦІ ДЗЯЦЕЙ І МОЛАДЗІ. НА ПАСАДУ ДЫРЭКТАРА НАЗНАЧАНА КАЦЯРЫНА ВАЛЕР’ЕЎНА КАРОЛЬ

Культура

У мінулым месяцы кадравыя змены адбыліся ў раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. На пасаду дырэктара назначана Кацярына Валер’еўна КАРОЛЬ. Якія задачы вырашае калектыў названай установы? Якія перспектыўныя накірункі ў паўсядзённай рабоце тут адносяць да найбольш важных? Якія ўмовы створаны ў Цэнтры для таго, каб дзеці змаглі максімальна раскрыць свае творчыя здольнасці? Гэтым мы цікавіліся ў час нашай сустрэчы з К. В. Кароль. А пачалася наша гутарка з наступнага:

– Кацярына Валер’еўна, нядаўна адбылося Ваша назначэнне на  пасаду дырэктара. Калі ласка, прадстаўце сябе чытачам раённай газеты.

– Нарадзілася  ў Кіеве. Бацька быў афіцэрам, таму ўсё жыццё “маталіся” па гарнізонах. Некаторы час жылі ў Германіі. Скончыла Разанскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Сяргея Ясеніна. У 2008 годзе атрымала дыплом Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Цяпер завочна вучуся ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. У мяне дзве спецыяльнасці: настаўнік рускай мовы і літаратуры, а таксама сацыяльны педагог.

У Валожыне бацька праходзіў звыштэрміновую службу, сюды ў свой час і пераехала  ўся  наша сям’я. Так і засталася тут, відаць, назаўсёды. Гэты горад даў старт маёй  працоўнай біяграфіі. Працавала ў гімназіі, была намеснікам дырэктара Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– Ёсць прымаўка: “Новая мятла заўсёды мяце па-новаму”. Як Вы пракаменціруеце гэта сцвярджэнне ў дачыненні да сваёй кіраўніцкай пасады?

– Усё новае – гэта добра забытае старое. Кардынальных новаўвядзенняў я пакуль не планую. Кожны калектыў – гэта маленькая дзяржава, якая моцная сваімі традыцыямі. Усе кіраўнікі гурткоў (педагогі дадатковай адукацыі) – людзі з вялікім вопытам і працаздольнасцю. Абавязкова буду прыслухоўвацца да іх парадаў: адна галава – добра, а дзве, тры, чатыры – яшчэ лепш!

“Ламаць” нічога не стану, хіба толькі нешта дапоўню, займуся далейшым развіццём пэўных напрацовак. Напрыклад, трэба палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу Цэнтра, заняцца маркетынгам. Дзеці і моладзь павінны ведаць, што ёсць у Валожыне месца, дзе можна з карысцю адпачыць і творча сябе праявіць.

Лічу, што  важна развіваць і харэаграфічны накірунак у рабоце Цэнтра. Усё, чым наведвальнікі займаюцца ў шматлікіх гуртках дэкаратыўна-прыкладной творчасці – гэта вельмі добра, аднак неабходна, каб дзеці ўмелі валодаць і сваім целам, клапаціліся пра яго прыгажосць. Менавіта ў танцы ярка і поўна раскрываецца ўнутраны свет чалавека. Дзеці як бы прымяраюць на сябе новыя вобразы, спасцігаюць пластыку рухаў і сілу прыгажосці. Да таго ж яны становяцца больш адкрытымі, упэўненымі. І ў гэтым накірунку мы будзем шмат працаваць!

Я пераканана, што немагчыма навучыць чаму-небудзь дзіця, не паказаўшы гэтага на асабістым прыкладзе. Дзіця верыць табе толькі тады, калі ты нешта ўдала ствараеш разам з ім. Трэба быць яму не толькі старэйшым і мудрым настаўнікам, але і шчырым сябрам.

– Якія гурткі самыя папулярныя ў пакалення “next” і чаму?

– У Цэнтры працуюць 33 гурткі. У іх ліку “Прырода і фантазія”, “Тэатральны”, “Беларускі сувенір”, “Вакальны”, “Юны паланіст”, “Залатая саломка”, “Мадэліраванне адзення”, “Лялечны гурток”. Іх наведваюць каля 1175 школьнікаў. Вылучыць самыя-самыя папулярныя я не магу. Дзеці любяць усё паспрабаваць: паспяваць, патанчыць, вырабіць нешта сваімі рукамі. Некаторыя займаюцца ў некалькіх гуртках, па жаданні яны могуць мяняць іх на працягу года. Я згодна, што дзіця павінна многае паспрабаваць у творчасці, а свой выбар спыніць толькі на тым, што яму больш даспадобы.

Кожнае дзіця жадае быць прызнаным і патрэбным у грамадстве. Самае галоўнае для юнай асобы – сітуацыя поспеху. Нездарма ж некалі вядомы пісьменнік справядліва сказаў: “Каб зрабіць дзяцей добрымі, трэба зрабіць іх шчаслівымі!”. Плануем далучаць і бацькоў да ўдзелу з дзецьмі ў нашых сумесных творчых праектах і праграмах.

Шчыра скажу, што ў калектыў хочацца прыцягнуць энергічных маладых спецыялістаў, каб мудрасць і досвед старэйшых падмацоўваліся запалам, крэатыўнымі ідэямі моладзі.

– Кацярына Валер’еўна, Вам прыходзіцца кіраваць творчым калектывам. Гэта не так і проста. Неабходна, відаць, ад прыроды быць надзеленай не толькі якасцямі лідара, але мець і пэўныя творчыя здольнасці. Што Вы думаеце на гэты конт?

– Без перабольшання можна сказаць, што ў Цэнтры я чалавек не чужы. Некалі тут па сумяшчальніцтву вяла заняткі ў тэатральным гуртку. Тонка ўспрымаю свет, які мяне акружае. Люблю літаратуру, з васьмі гадоў пішу вершы, але не стаўлю мэты выдаць свой паэтычны зборнік: пішу, як кажуць, “у стол”.

Па тэмпераменту я хутчэй за ўсё халерык: эмацыянальная, энергічная,  за ўсё перажываю, усё “прапускаю” праз сябе, прымаю блізка да сэрца.

Па натуры я альтруіст. Заўсёды гатова бескарысліва служыць іншым, нават, калі часам і прыходзіцца ахвяраваць асабістымі інтарэсамі.

Ніколі не падзяляю праблемы на свае і чужыя. Жыву ў раёне Шапавалаў. Ёсць там запушчаная, закінутая тэрыторыя каля рэчкі Валожынкі. Месца гэта можа стаць маляўнічым, мару прывесці тую тэрыторыю ў належны стан, але без спецыяльнай тэхнікі і мужчынскай сілы не абысціся…

…Дзіўна, але ўсё ў маім жыцці мае пару. Нядаўна гэта заўважыла і вельмі здзівілася. Мой надзейны жыццёвы “каўчэг”: муж, двое дзяцей, дзве сабакі, дзве машыны і дом у два паверхі. Пераканана, што калі ў цябе ўсё добра і камфортна ў сям’і, тады лепш ідуць справы і на рабоце…

– Дзякуй Вам за прадастаўленую інфармацыю. Шчыра зычу, каб Ваша старанне і энтузіязм паспрыялі і далейшаму росту прэстыжу Цэнтра, якім Вы пачалі кіраваць!

Гутарыла Алена ПАШКЕВІЧ.

 

 



Добавить комментарий