Дзіцячыя паліклінікі перабудавалі работу на час павышанай захваральнасці на ВРІ

Общество

Дзіцячыя паліклінікі (педыятрычныя аддзяленні паліклінік) перабудавалі работу на час павышанай захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.

У Брэсцкай вобласці, у прыватнасці, арганізаваны дзяжурствы медработнікаў і адміністрацыі ўстановы для пераразмеркавання патокаў пацыентаў і кансультавання па тэлефоне бацькоў. Зменены графікі работы ўрачоў з улікам дзён, на якія прыпадае пік зваротаў і выклікаў, перагледжаны рэжым работы педыятраў у сувязі з павелічэннем колькасці выклікаў дадому. У Баранавічах павялічылі колькасць урачоў-педыятраў для дзяжурстваў у выхадныя дні — суботу і нядзелю. Акрамя таго, прыцягнуты ўрачы-спецыялісты, урачы-інтэрны да прыёму пацыентаў і абслугоўвання выклікаў дадому.

У Віцебску прадоўжылі час работы дзіцячых амбулаторна-паліклінічных устаноў да 21.00, у Віцебску, Наваполацку і Оршы прыцягнулі для прыёмаў урачоў педыятрычных дашкольна-школьных аддзяленняў. У абласным цэнтры таксама дапамагаюць урачы-інтэрны і студэнты 5-6-х курсаў лячэбнага факультэта Медуніверсітэта.

У Гомелі і Гомельскай вобласці на перыяд росту захваральнасці на ВРІ сярод дзяцей да работы на прыёме ў паліклініках таксама прыцягнуты педыятры педыятрычных аддзяленняў, урачы-спецыялісты, урачы-інтэрны, памочнікі ўрачоў.

У Гродзенскай вобласці працуюць дадатковыя кабінеты неадкладнай дапамогі, дзе прымаюць урачы сумежных спецыяльнасцей. Медыцынскую дапамогу таксама аказваюць урачы-педыятры ўстаноў адукацыі. Рэарганізавана работа педыятраў, якія вядуць актыўны нагляд за хворымі дзецьмі дома да выздараўлення.

У дзіцячай паліклініцы Гродна рэарганізавана работа рэгістратуры. Запіс на прыём да вузкіх спецыялістаў вядзецца на прыёме ўрача, які назначыў гэту кансультацыю, з электроннага дзённіка ўрача. Перагледжаны прынцып запісу на паўторны прыём (запісвае спецыяліст на прыёме). Створаны кол-цэнтр са шматканальным тэлефонам для запісу на прыём і выкліку ўрача.

Даведкі на наведванне спартыўных секцый выдаюць па запатрабаванні. Спіс складае секцыя з пісьмовай згоды бацькоў і дакументы афармляюцца на падставе праведзенага дыспансернага агляду ў месяц нараджэння. Больш таго, у наведвальнікаў паліклінік цяпер ёсць магчымасць атрымаць шэраг медыцынскіх дакументаў без непасрэднай прысутнасці дзіцяці (заказ выпіскі і даведкі аб стане здароўя на сайце паліклінікі).

Прыём урачамі-спецыялістамі і правядзенне дыягнастычных даследаванняў (лабараторных даследаванняў, ЭКГ) магчымы ў суботу. Гэта датычыцца дзяцей з Гродна і Гродзенскага раёна незалежна ад месца пражывання. Адкрыты гарадскі педыятрычны арганізацыйна-метадычны кабінет. Бацькоў інфармуюць аб выкананых лабараторных даследаваннях на SARS-CoV-2 па электроннай пошце або СМС.

Для работы на амбулаторным прыёме прыцягнуты ўрачы-інтэрны, памочнікі ўрача і ў Мінскай вобласці. Пры неабходнасці дапамогу аказваюць урачы-педыятры педыятрычных аддзяленняў, загадчыкі педыятрычных аддзяленняў паліклінік, інфекцыяністы. Павялічаны час прыёму педыятраў, у рэгістратуры працуюць дадатковыя рэгістратары і медработнікі для маршрутызацыі пацыентаў. Павялічаны ложкавы фонд педыятрычных аддзяленняў для аказання стацыянарнай дапамогі дзецям — размова ідзе пра бальніцы ў Слуцку і Жодзіне.

У Мінску працуе 21 дзіцячая паліклініка і чатыры аддзяленні ў складзе паліклінік для дарослага насельніцтва. У асенне-зімовы перыяд у рабочыя дні яны адкрыты з 7.00 да 20.00, у суботу з 8.30 да 16.00.

Ва ўстановах аховы здароўя Магілёва і Магілёўскай вобласці, якія аказваюць амбулаторную медыцынскую дапамогу дзецям, таксама арганізаваны дадатковыя мерапрыемствы. У прыватнасці, ва ўсіх паліклініках рэгіёна арганізавана пераважнае абслугоўванне першасных выклікаў. Урачы-інтэрны педыятрычнага і агульнаўрачэбнага профілю накіраваны для работы ў дзіцячыя (змешаныя) паліклінікі для медабслугоўвання дзіцячага насельніцтва, урачы-спецыялісты дзіцячых паліклінік і ўрачы агульнай практыкі змешаных паліклінік — на прыёмы дзяцей у чырвонай зоне паліклінік, а таксама прыцягваюцца для абслугоўвання дзяцей дома.