Сезонны ўздым захваральнасці на грып чакаецца ў другой палове студзеня

Безопасность и здоровье Общество

Сезонны ўздым захваральнасці на грып чакаецца ў другой палове студзеня. У сувязі з гэтым медыкі заклікаюць бацькоў вакцынаваць дзяцей, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.

Звычайна вакцынацыю праводзяць у кастрычніку-лістападзе, але калі дзіця па якіх-небудзь прычынах пакуль не прышчэплена, прышчэпку не позна зрабіць і цяпер: антыцелы з’явяцца праз 14 дзён пасля вакцынацыі, а сезонны ўздым захваральнасці на грып чакаецца толькі ў другой палове студзеня.

Медыкі падкрэсліваюць: вірус грыпу можа выклікаць цяжкае ўскладненае цячэнне захворвання, якое нярэдка патрабуе шпіталізацыі дзіцяці.

Сезонны ўздым захваральнасці звычайна прыпадае на студзень-люты, аднак выпадкі хваробы пачынаюць з’яўляцца ўжо ў канцы восені. Захваральнасць на грып розная ў асобныя гады: у сезоне 2020/2021 яна была вельмі нізкай, што звязваюць з выкананнем мер рэспіраторнага этыкету і фізічнага дыстанцыравання, а таксама з высокім узроўнем вакцынацыі ў большасці краін. У Беларусі было вакцынавана больш за 40 працэнтаў насельніцтва. «Тым не менш рэспіраторныя вірусы не так добра прадказальныя, і варта быць гатовым да таго, што ў бягучым сезоне 2021/2022 захваральнасць на грып можа быць значнай», — адзначылі ў прэс-службе.

Калі дзіця захварэла на вострую рэспіраторную інфекцыю, у тым ліку на грып, трэба забяспечыць яму дастатковы пітны рэжым. Пры выяўленым павышэнні тэмпературы цела (звычайна вышэй за 38,5-39 градусаў), дрэннай яе пераноснасці можна выкарыстоўваць гарачкапаніжальныя сродкі (на аснове парацэтамолу, ібупрафену). Разам з гэтым пры высокай тэмпературы дапамагаюць абціранні цёплай вадой.

«Пры наяўнасці гемарагічнага сыпу (не знікаючага пры націсканні) на нагах, ягадзіцах дзіцяці варта неадкладна выклікаць хуткую дапамогу», — дадалі ў прэс-службе.