ВОСТРЫЯ СЯРПЫ НАД КАЛАСАМІ ЛЁСУ…

Культура

…Той далёкі 52-і год быў нішчымны, як абгрызеная костка. Пяць пар вачэй сірот адчайна пазіралі на неба, нібы просячы ў яго падказкі і паратунку. Калі жыла б маці, то яна, напэўна, і “з нічога” зварыла б хоць нейкі пасілак. Але яна даўно на журботным пагосце. Ужо некалькі гадоў на яе магіле самотна высіцца курганок зямлі і стаіць пахілы крыж. Побач і магіла бацькі…

ВЫПРАБАВАННЕ ГОЛАДАМ

Сюды, на могільнік у Яршэвічы, дзеці калі-нікалі спецыяльна пры-ходзяць, каб выспаведаць сваю адчайную журбу. Прыбегла і Марыйка. Бруднымі кулачкамі выціраючы горкія слёзы, расказвала матулі, якая нечуваная нішчымніца напаткала пяцёра дзяцей у той год. Таму, маўляў, і не вытрымала дзяўчынка выпрабаванне голадам: пайшла на калгаснае хлебнае поле за вёскай… Хаваючыся ў высокім жыце, яна прагна збірала калючыя пераспелыя каласы і кідала іх у прыпадняты прыпол, клапатліва прытрымліваючы яго другой рукой. Поле было вялікае, а калгасны ўраджай так і спакушаў сваім багаццем. Але Марыйка ведала, што можа быць, калі хто-небудзь раптам «запеленгуе» яе за гэтым заняткам. Таму ірвала не ўсё запар, а спецыяльна старалася зрэдку выбіраць каласы, каб не было прыкметна, што нехта паквапіўся на ўраджай. І можа б ніхто так і не даведаўся пра гэты «грэх» галоднай сіраты, калі б ні адна нядобразычлівая жанчына. Яна выпадкова запрыкмеціла шпаркі бег дзяўчынкі-сіраты ад жніўнага поля ў бок хутара. Бачыла, як тая прыціскала да грудзей выратавальны клуначак. Сям’ю Байко яна свядома недалюблівала, бо старэйшы брат Марыйкі ўзяў сабе ў жонкі не родную сястру гэтай вяскоўкі, а зусім іншую дзяўчыну. Нічога дрэннага не падазраючы, малая спяшалася дахаты. Яна хуценька высыпала на печ каласкі, правяла далонню па гэтай духмянай коўдры і аж зажмурылася ад спакусы неўзабаве паспытаць бліноў ці праснакоў. Гэты падмацунак будзе праз некалькі дзён, ну а сёння няхай пакуль каласкі падсушацца, каб потым зярняты лепш паддаваліся цяжкім жорнам. Аднак салодкія мары пра заўтрашні дзень абарваліся, як пацеркі на тонкай нітцы, і паляцелі ў чорную бездань.

БРАТ УЗЯЎ УСЮ ВІНУ НА СЯБЕ

У дзверы хаты настой-ліва пастукалі. Пя-цёра дзяцей-сірот насцярожыліся. Да парога першым рушыў Уладзімір. На ўваходзе стаялі ўчастковы і старшыня калгаса. Калі ўчастковы знайшоў “доказы злачынства”, Марыйка збялела, нібы палатно. Яна ведала па ўжо даўно бытуючых размовах у вёсцы, якая сур’ёзная кара чакае таго, хто замахнецца на калгаснае дабро. І ў душы падрыхтавалася да бескампраміснага прысуду. Але хіба старэйшы брат мог дапусціць, каб сястра зведала такую горкую долю? Уладзімір усю віну рашуча ўзяў на сябе, ён разумеў, што старэйшы брат проста не мог сябе павесці іначай у адносінах да сваёй адзінай сястры, якая да таго ж была і самая малодшая. Яна, тады зусім яшчэ падлетак, як магла клапацілася пра сям’ю ў складзе пяці душ.

Каласкі абышліся дорага: Уладзімір атрымаў 6 гадоў турэмнага зняволення. Тэрмін адбываў у тагачаснай Молатаўскай вобласці ў Расіі. Бачачы кволага на выгляд, але такога стараннага хлопца, начальнік лагера аднойчы пацікавіўся ва Уладзіміра, за што ж яго “сюда угораздило”. Увесь боль сваёй душы выліў тады юнак. Расказаў, што ў вайну ў адзін дзень расстралялі бацьку і маці. Што пяцёра дзяцей адразу асірацелі і перабіваліся, як маглі. А калі начальнік лагера пачуў, што Уладзімір адбывае тэрмін за каласкі, то скрушна  заўважыў: “Калі б была на тое мая воля, адлупцаваў бы я цябе за гэты неабдуманы ўчынак і адпусціў бы дадому”. Магчыма, менавіта добрая душа гэтага чалавека і дапамагла, каб нашаму земляку зменшылі тэрмін зняволення і адпусцілі дадому праз год і восем месяцаў…

Той востры боль так і не змыла з душы імклівая рака жыцця.

ТАК МАЛА ЗАСТАВАЛАСЯ ДА КАНЦА ВАЙНЫ

Успамінаючы далёкі ваенны эпізод, мужчына, які ўжо даўно размяняў восьмы дзесятак гадоў, па-ранейшаму не можа стрымаць сваіх эмоцый, калі прыгадвае мінулае, бо такое глыбокае патрасенне ён перажыў у далёкім 1944-м:

– Сакавік ужо быў на зыходзе, калі бацькоў не стала. Заставалася так мала часу да канчатковага вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў. Людзі разумелі, што скончыцца вайна, і можна будзе зажыць па-новаму. Але планы нашай сям’і разбіліся ўшчэнт…

Праз некалькі гадзін, як сціхлі выстралы, мы пабеглі ў бок лесу. Той сакавіцкі дзень выдаўся такі сцюдзёны, а можа, трагедыя такім яго зрабіла. Целы бацькоў ляжалі на ўзлеску на заснежанай яшчэ зямлі. Маці трымала ў руках цыгарэту. Яна часта курыла. І ў апошнія хвіліны свайго жыцця таксама, відаць, не змагла адмовіцца ад гэтай звычкі – здавалі нервы.

Яна ж гэтак працавала! У яе былі такія парэпаныя рукі. Мне яе да гэта часу да болю шкада. Ды і баця з ёй не так важна жыў. Часта крыўдзіў…

Горкія ўспаміны міжволі нахлынулі на майго субяседніка. Гэтыя перажыванні цяжкім грузам наваліліся на яго худыя плечы. Адчувалася, што Уладзімір Лаўрэнцьевіч старанна душыць свае эмоцыі ўнутры, не дае ім прабіцца на паверхню. Але прадаўжаць размову далей яму ўпарта перашкаджаюць слёзы. Хаця ён разумее, што іх не варта саромецца…

Зачапіўшы тонкія струны душы, У. Л. Байко са скрухаю расказвае пра ўсё балючае, што здарылася ў яго далейшым жыцці. На жаль, прыйшлося пахаваць і роднага, ужо дарослага сына, які трапіў у аўтааварыю, ды і першая жонка таксама адышла да вечнасці.

Адбітак няпростага, часам трагічнага мінулага, выразна чытаецца ў вачах гэтага чалавека. Погляд стрыманы, халодны, нават нейкі крыху калючы. Вайна нанесла шрамы, якія не здольны загладзіць час! А перажытыя трагедыі загартавалі характар.

ЖЫЦЦЁМ ЗАГАРТАВАНЫ

Яго дом стаіць адзін пры ажыўленай мінскай трасе. Не вельмі спрыяльнае месца. Розныя “госці” могуць наведацца. Але гаспадар пра благое не думае, ды і перажыўшы столькі ўсяго на сваім вяку, нічога кепскага ўжо не асцерагаецца…

Амаль сорак гадоў У. Л. Байко аддаў шафёрскай справе. Працяглы час працаваў і ўжо будучы на пенсіі.

Разам з жонкай выгадавалі двух сыноў. Анатоль кіруе адным з буйных будаўнічых прадпрыемстваў у Маладзечне. Бацька па праву ганарыцца сваім нашчадкам.

Сядзіба Байко размешчана на месцы, дзе некалі жыў прадзед. Ад былой хаты засталіся толькі ўспаміны, затое склеп, узведзены з масіўных валуноў столькі гадоў таму, і сёння надзейна служыць. Спецыяльна для мяне гаспадар настойліва прапануе наладзіць туды “экскурсію”. Прыходзіцца згадзіцца. Мы спускаемся ў халоднае ўлонне пабудовы,  дзе ў бочках, слоіках, скрынях захоўваецца шмат  розных прыпасаў. Бачна, што Уладзіміру Лаўрэнцьевічу прыемна пахваліцца такім багаццем восеньскіх нарыхтовак, пачуць ад мяне словы заслужанай пахвалы ў адрас яго гаспадыні.

“Вядома, нам самім столькі бульбы, кансерваванай агародніны не трэба. Дзелімся ўсім, што маем, з дзецьмі-гараджанамі”, – каменціруе сітуацыю Уладзімір Лаўрэнцьевіч.

А мне чамусьці падумалася: гэта ваенная і пасляваенная нястача, якая зламала і яго лёс, прывучыла ўсё мець у запасе. Вось толькі ўмення забыць трагічныя эпізоды біяграфіі ў запас яна не дала. Тыя жытнёвыя каласы і цяпер трывожна шумяць на жыццёвым полі…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий