Савет Рэспублікі даў згоду на назначэнне Ігара Карпенкі старшынёй ЦВК

Важное Главное

Сенатары на пасяджэнні шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання далі згоду на назначэнне Ігара Карпенкі старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі 13 снежня назначыў Ігара Карпенку старшынёй ЦВК. На гэту пасаду яго рэкамендавалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка і намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

«Ігар Карпенка — вядомы ў нашай краіне чалавек, моцны, падрыхтаваны кіраўнік, які прайшоў добрую кіраўніцкую школу. Ён праявіў свае лідарскія і арганізатарскія здольнасці ў час работы на кіруючых пасадах у сістэме вышэйшай адукацыі. Затым паспяхова працаваў у органах заканадаўчай і выканаўчай улады, узначальваў Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД, быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, міністрам адукацыі», — сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі.

Паводле яго слоў, за час работы Ігар Карпенка прадэманстраваў высокі прафесіяналізм, уменне знаходзіць найбольш эфектыўныя шляхі вырашэння пастаўленых задач. «Ён шчыра перажывае за лёс краіны. За дасягнутыя вынікі ў працы ўзнагароджаны ордэнам Пашаны і медалём «За працоўныя заслугі». Ігар Васільевіч таксама вядомы сваёй актыўнай грамадскай пазіцыяй. Неаднаразова прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні выбарчых кампаній. У 2006 і 2010 гадах кіраваў Мінскай гарадской выбарчай камісіяй па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цесна ўзаемадзейнічаў з Цэнтрвыбаркамам у перыяд работы ў Мінгарвыканкаме. На практыцы прымяняў нацыянальнае выбарчае заканадаўства», — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ігар Луцкі падкрэсліў, што спецыфіка дзейнасці Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігару Карпенку вядома, таму ён можа адразу ўвайсці ў рабочы выбарчы працэс. «Адзначу, што Ігар Карпенка ўзначаліць Цэнтрвыбаркам у вельмі няпросты і адказны перыяд, бо ў бліжэйшы час давядзецца арганізаваць рэспубліканскі рэферэндум па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Думаю, што з гэтай і іншымі важнымі задачамі ўвесь абноўлены склад ЦВК пад кіраўніцтвам Ігара Васільевіча паспяхова справіцца», — канстатаваў ён.

Ігар Карпенка дадаў, што ўдзячны кіраўніку дзяржавы за давер. «Я разумею ўсю адказнасць, якую нясе старшыня ЦВК па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму. З прыняццем магчымых паправак у Канстытуцыю нам давядзецца сур’ёзна працаваць у заканадаўчай сферы выбарчага права. Тут я спадзяюся на падтрымку дэпутацкага корпуса, членаў Савета Рэспублікі і ўсіх, хто прымае ўдзел у выбарчым працэсе», — адзначыў ён.

Старшыня ЦВК падкрэсліў: неабходна прааналізаваць вопыт нашай краіны і замежны, для таго каб выбудаваць нацыянальную выбарчую сістэму ў інтарэсах грамадства і суверэннай дзяржавы.

«Я не па чутках ведаю гэту работу, таму што працаваў у камітэтах гарадской камісіі, доўгі час удзельнічаў у рабоце ўчастковых камісій у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў. На гэту пасаду я выбіраўся двойчы, таму ўвесь выбарчы працэс я бачыў і з іншага боку. І разумею ўвесь гэты працэс, як ён працуе знутры. Таму з апорай на новую каманду, на членаў камісіі, на апарат усе зацікаўленыя бакі выбарчага працэсу будуць выконваць сваю работу сумленна, у адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй і заканадаўствам», — дапоўніў Ігар Карпенка.

Таксама сёння адбыліся выбары новых членаў ЦВК. Тайным галасаваннем аднагалосна выбраны Андрэй Гуржы, Вольга Дарашэнка, Алена Кунцэвіч, Аляксандр Ласякін, Аляксандр Ткачоў, Кацярына Федасенка.