Самае галоўнае ў жыцці – верыць у сябе, рабіць шырокія крокі і толькі наперад!

2021 - Год народнага адзінства Важное Общество Официально Региональные новости

 

23 снежня міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” наведала Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

У госці да рабят таксама  завіталі старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Тамара Красоўская, намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Ігар Шакун.

Высокія госці разам з дзецьмі пабывалі на святочным прадстаўленні “Навагоднія прыгоды Машы і Віці”, адказвалі на пытанні віктарыны, вадзілі карагоды.

   

Міністр працы і сацыяльнай абароны адзначыла: “Мы ехалі, каб зрабіць свята вам, а атрымалася, што свята зрабілі вы для нас, дарослых”. “Вы выступалі, як сапраўдныя артысты, падарылі безліч станоўчых эмоцый, далі магчымасць акунуцца ў вясёлы і радасны свет дзяцінства, – падкрэсліла Ірына Касцевіч. – Жадаю, каб у кожнага з вас была мара. І калі моцна захацець, яна абавязкова ажыццявіцца. Але пры гэтым трэба мець моцны стрыжань. Я калісьці хацела вывучаць нямецкую мову і была на стажыроўцы ў Германіі, вучылася ў лінгвістычным універсітэце. Маю пасведчанне швачкі-матарысткі, а па факце, паглядзіце, міністр працы і сацыяльнай абароны – ваш міністр”.

У падарунак ад міністра ўстанове быў ўручаны мабільны кандыцыянер. Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама падарыў ноутбук, а Валожынскі райвыканкам – сертыфікат на 2 тысячы рублёў на набыццё аргтэхнікі.

Затым прысутныя азнаёміліся з выставай работ, зробленых рукамі выхаванцаў да навагодняга свята, а таксама фота-выставай “Фарбы жыцця”.

 

А далей адбылася калядная сустрэча з выпускнікамі дома-інтэрната “Маё дарослае жыццё”. Яна насамрэч прайшла ў цёплай дамашняй атмасферы, дзе кожны з выпускнікоў расказаў пра сябе, пра свае поспехі і няўдачы, маленькія перамогі. Ужо дарослыя людзі на працягу размовы ў адзін голас выказвалі словы ўдзячнасці сваёй другой матулі – дырэктару Івянецкага дома-інтэрната Алене Петрашкевіч, падкрэсліваючы, што без яе клопату, увагі і падтрымкі яны не змаглі б адбыцца ў жыцці. Дзякуючы ёй, яны атрымалі прафесіі, жыллё, многія дасягнулі сапраўдных высот у спорце, танцах на інвалідных калясках, а некаторыя – стварылі свае сем’і.

Паслухаўшы аповяды выпускнікоў, Ірына Касцевіч падкрэсліла: “Вы сапраўдныя малайцы! Нягледзячы ні на што, не пакрыўдзіліся на лёс: умееце кахаць, нараджаеце дзяцей, даражыце сяброўствам, дорыце цяпло і любоў. Самае галоўнае ў жыцці – верыць у сябе, рабіць шырокія крокі і толькі наперад!”

Кожны з выпускнікоў атрымаў ад міністра навагодні парадунак: цёплы плед і карзіну харчовых прадуктаў. А на развітанне ўсе разам дамовіліся, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі напярэдадні навагодніх святаў.