Божы дар любові, жыцця і святла

Духовность Общество

“Дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец,

Князь Спакою” (Іс 9, 6).

Гэтымі словамі прарок Ісая абвяшчае нараджэнне доўгачаканага Збаўцы як караля сусвету.

Дарагія мае парафіяне!

На алтары – чатыры запаленыя Адвэнтовыя свечкі. Адвэнт – гэта чаканне, спадзяванне на нешта, на некага. Ведаем, каго чакаем і на каго спадзяёмся – будзем сустракаць Сына Божага Езуса Хрыстуса. Мы прыйдзем да Яго, каб прывітаць, павіншаваць і запрасіць у свае дамы, у свае душы. Але што на маё запрашэнне адкажа Пан Езус? Кожны з вас для сябе, паважаныя парафіяне, дарагія людзі, ведае адказ на гэта пытанне. Ён залежыць ад таго, як я падрыхтаваўся да Калядных свят? З аднаго боку, мы ўпрыгожылі касцёл, паставілі ёлачку, батлейку, запалілі агеньчыкі, прыбралі ў дамах – вельмі добра і прыгожа для вачэй. Але ўсё гэта зямныя справы і клопаты. А Пан Езус будзе глядзець на чалавечыя душы. Бо душа чалавека – святыня Бога, тое месца, дзе Ён жыве. Таму кожны павінен задумацца: у якім стане мая душа, маё сэрца?

Узгадвем словы Святога пісання: “Чалавек, выраўноўвай свае дарогі, выраўноўвай і прастуй свае жыццёвыя сцежкі перад Богам”. Гэтыя словы азначаюць, што неабходна рабіць усё, каб наша дарога да Бога была роўнай, простай, без ніякіх перашкод.

У нашым касцёле ёсць вельмі прыгожы алтар Пана Езуса церпячага, які ўкаранаваны цярновай каронай і знаходзіцца за кратамі. Вернікі часта задаюць пытанне: “А што азначаюць гэтыя краты?” Краты – грахі чалавека. Як краты перашкаджаюць чалавеку недзе выйсці, так грахі не дазваляюць прыйсці чалавеку да Бога, а Богу – да чалавека. І наш абавязак – знішчыць перашкоду паміж чалавекам і Богам. Закрыць сваю душу перад грахамі, не рабіць грахоў, а рабіць добрыя справы. Праз пост, праз сумесную малітву выкінуць са сваіх сем’яў злосць, нянавісць, п’янства, сямейныя скандалы, выгнаць са свайго жыцця д’ябла, а запрасіць у сваё жыццё Бога, каб Ён кіраваў чалавекам. Чым хутчэй кожны з нас гэта зробіць, тым хутчэй мы пераменім сваё жыццё ў лепшы бок.

Божае нараджэнне нагадвае людзям Божы закон: любі бліжняга свайго, як сябе любіш. Чаму сярод нас так шмат абыякавасці, падману, несправядлівасці, жорсткасці, бедаў і слёз? Таму што чалавек адвярнуўся ад Бога. А Сваім нараджэннем Бог дае свету, грамадству, кожнай сям’і, кожнаму чалавеку магчымасць ачысціцца ад грахоў, аздаравіцца. Так як зорка на небе паказвала Тром Каралям дарогу да месца, дзе нарадзіўся Сын Божы, так цяпер Езус Хрыстус паказвае чалавецтву Божую дарогу міру, адзінства і Божай любові.

У Старым Запавеце чытаем аб тым, што, калі народ ізраільскі верыў і слухаў Бога, жыў па Божых запаведзях, то Ён спрыяў, дапамагаў і аберагаў, а як толькі людзі адварочваліся ад Бога, то іх спатыкалі хваробы, няшчасці і войны. Гісторыя далей вучыць: калі людзі, апамятаўшыся, вярталіся да Бога, каяліся ў сваіх грахах, прасілі прабачэння, то Бог міласэрны ў каторы ўжо раз прабачаў людзям і ізноў браў іх пад Сваю апеку і дапамагаў ва ўсім. Бог нам гаворыць: “Чалавек, заўсёды звяртайся да Бога і прасі Яго, а Бог цябе выслухае і дапаможа”.

Пасля Калядаў надыходзіць Новы год. 31 снежня ўвечары мы будзем збірацца ў касцёле, каб удзельнічаць у набажэнстве падзякі Богу за адыходзячы год, а пасля Святая імша з просьбай аб Божай дапамозе, апецы, здароўі для сябе, дзецяй, унукаў і Божым благаславенні для нашай Бацькаўшчыны Беларусі ў 2022 годзе. Вячэрняе набажэнства – гэта асабістая падзяка чалавека Богу за ўвесь 2021 год, за ўсё, што спаткала чалавека на працягу адыходзячага года. Таксама набажэнства падзякі – гэта асабісты экзамен чалавека перад Богам: як я пражыў 2021 год? Ці маліўся я за сваіх памерлых маму, тату, мужа, жонку, бабулю, дзядулю, а, можа, памерлых раней дзяцей? Ці задаволены мае памерлыя родныя з маёй малітвы за іх? Неабходна памятаць аб тым, што іх душы патрабуюць і чакаюць ад нас толькі малітвы. Ці адпраўляў у адыходзячым годзе Святую імшу за жывых? Ці маліліся я і мая сям’я кожны дзень – раніцай і ўвечары? Які прыклад я, бацька, маці, дзядуля, бабуля давалі на працягу ўсяго года дзецям, унукам? Ці бачыў кожную нядзелю Бог маю сям’ю перад сабой у касцёле? Ці не пакрыўджваў на працягу года сваіх дамашніх, суседзяў, супрацоўнікаў (падначаленых) па працы, а калі так здарылася, ці папрасіў у іх прабачэння?

Бог вучыць: “Чалавек, пакуль жывеш на зямлі, спяшайся і рабі добрыя справы, бо гэта тваё багацце, якое забярэш з сабой на Божы суд”. Добрыя справы – гэта ключ, якім душа адчыніць перад сабой дзверы раю.

Дарагія парафіяне! Дарагія браты і сёстры праваслаўныя! Дарагія жыхары Валожына і раёна!

Віншую ўсіх з Калядамі і надыходзячым Новым, 2022 годам! Зычу вам, дарагія людзі, здароўя душы і цела, міру і Божай любові ў вашых сем’ях і ў жыцці. Нясіце радасць і дабрыню іншым, і няхай Бог будзе з вамі кожны дзень надыходзячага 2022 года!

Са святам, з Божым Нараджэннем!

З малітваю і Божай любоўю – пробашч Валожынскага касцёла, ксёндз-доктар Генрык АКАЛАТОВІЧ

 Расклад калядных і навагодніх набажэнстваў:

24 снежня – Пастэрка. Святочная Калядная Святая імша ў 21.00.

25 снежня – Божае Нараджэнне. Святая імша ў 10.00.

26 снежня – другі дзень Калядаў. Святая імша ў 9.00 і ў 11.30. Асвячэнне аўса ў памяць Святога Сцяпана, першага пакутніка.

27 снежня – у 8.00, пасля Святой імшы – асвячэнне “Віна Святога Яна”.

31 снежня – набажэнства падзякі Богу за пражыты 2021 год і Святая імша ў 18.00.

1 студзеня – урачыстасць Багародзіцы Марыі і Новы год. Святая імша ў 10.00.

6 студзеня – Тры Каралі. Святая імша ў 9.00 і 18.00. Пасля набажэнства – асвячэнне крэйды, золата, вады.